Галоўнае правіла — шчырасць

Кіраўнік дзяржавы 20 чэрвеня ўзнагародзіў найлепшых выпускнікоў і выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі. Сярод удастоеных Падзякі Прэзідэнта Беларусі — малады акардэаніст Мікалай Навіцкі, учарашні студэнт факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Пра сцэнічныя поспехі, папулярнасць у сацыяльных сетках і планы расказвае герой рубрыкі.

— Мікалай, з чаго пачаўся ваш творчы шлях? 

— Аднойчы ў дзяцінстве мама спытала: “Хочаш займацца музыкай?” І я сказаў: “Так”, — хаця не разумеў, як гэта паўплывае на маё далейшае жыццё. 

— І першыя крокі ў прафесію вы зрабілі… 

— У сярэдняй школе з музычным ухілам у Салігорску. Там сустрэў цудоўную настаўніцу па класе акардэона Алену Міхайлаўну Краміч, якая заўважыла мой патэнцыял, прывіла любоў да інструмента і растлумачыла, наколькі важная шчырасць у адносінах са слухачом. Мой узровень майстэрства — у значнай ступені яе заслуга. Радасна, што дагэтуль мы захоўваем цёплыя стасункі. А падчас навучання ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў і БДУКМ мне пашчасціла сустрэць яшчэ мноства выбітных педагогаў. Бясконца ўдзячны кожнаму з іх! 

— Акрамя акардэона, напэўна, валодаеце іншымі інструментамі? 

— За гады вучобы асвоіў фартэпіяна, іграў на цымбалах, на балалайцы ў аркестры. Цяпер усё часцей бяру ў рукі гітару. Падабаецца яе гучанне! На гэты інструмент рабіла стаўку і мама, калі вяла мяне на музычныя заняткі. 

— А што наконт сцэнічных поспехаў? 

— З першага курса БДУКМ выкарыстоўваў любую магчымасць праявіць сябе. Неўзабаве мяне заўважыў аддзел універсітэта па арганізацыі канцэртных і творчых праектаў “Арт-Мажор”. Паступова я выходзіў на пляцоўкі больш высокага ўзроўню, далучаўся да маштабных мерапрыемстваў краіны. Паўдзельнічаў, да прыкладу, у гала-канцэрце ў гонар Дня Перамогі, святкаванні Дня касманаўтыкі ў Маскве, дзе пазнаёміўся з Марынай Васілеўскай. 

— Таксама вы ведзяце канал на Youtube з амаль 70-тысячнай аўдыторыяй… 

— Ён з’явіўся ў 2022-м, калі я вучыўся на другім курсе БДУКМ. Праект мы запусцілі разам з сябрам, які ўзяў на сябе аранжыроўкі і мантаж, а я — выкананне. 

Дзейнасць распачалася з твора “Танга ночы” Пятра Дранга. Ад першага відэа нічога не чакаў. І раптам ролік сабраў больш за 370 тысяч праглядаў, а яшчэ сотні пазітыўных, шчырых каментарыяў ад людзей нават з самых аддаленых куткоў свету! Гэта ўзрадавала і падбадзёрыла нас. І цяпер вяртаюся да яго, каб натхніцца на стварэнне новага якаснага і цікавага кантэнту. 

Наступным апублікавалі выкананне танга “La Cumparsita” (аўтар — Херарда Эрнан Матос Радрыгес). Цяпер гэта самы папулярны ролік, які паглядзелі больш за мільён разоў! 

— Хто з музыкантаў для вас узор? 

— Напэўна, расійскі акардэаніст-віртуоз Пётр Дранга. Ён геніяльна перадае эмацыйную атмасферу кампазіцыі, стварае сваім выкананнем нешта чароўнае. З дзяцінства любіў яго выступленні, бо мне здавалася, што ў нас падобная энергетыка. 

Мяне часта параўноўвалі з гэтым артыстам, хтосьці казаў, маўляў, мы і вонкава падобныя. Нешта агульнае мо і ёсць, але ж на сцэне я паводжу сябе па-іншаму і тэхніка выканання адрозніваецца. Забаўна, што маці Пятра Дрангі заўважыла мяне ў сацыяльных сетках. Напэўна, знайшла праз той самы першы ролік на канале. Было вельмі прыемна! 

— А якія кампазіцыі ў вашым рэпертуары? Чым здзіўляеце слухача? 

— Пераважна творамі эстраднай накіраванасці. Але выконваю самыя розныя кампазіцыі, межаў няма. Галоўнае — дарэчнасць, адпаведнасць пляцоўцы і мерапрыемству. Імкнуся таксама выступаць пад уласныя мінусоўкі і аранжыроўкі, зробленыя прыяцелем, з якім мы вядзём канал. 

— Што вас натхняе і зараджае энергіяй? 

— Шчырая рэакцыя і падтрымка слухача! Мне важна бачыць эмацыйны водгук і зацікаўленасць публікі, запальваць і здзіўляць яе. 

— Што адчуваеце ў сувязі з атрыманнем Падзякі Прэзідэнта? 

— Вельмі хвалююча і радасна ўсведамляць, што я ўдастоены высокай узнагароды! Раней і падумаць не мог, што буду далучаны да ліку такіх таленавітых студэнтаў. Падзяка Прэзідэнта — велізарная матывацыя! 

— Вас таксама запрасілі на Рэспубліканскае свята “Самы лепшы выпускны”. Якія ўражанні ад яго? 

— Назва кажа сама за сябе! Гэта было дзіўна і цудоўна. Спадабалася магутная энергетыка, што панавала вакол, я адчуваў моцнае яднанне з іншымі гасцямі. Пунсовыя ветразі — самы яркі і доўгачаканы момант — запомню назаўжды! 

— Калі зазірнуць у будучыню, то вы… 

— Працягну актыўную канцэртную дзейнасць. Усёй душой люблю свой інструмент і хачу папулярызаваць яго, каб як мага больш людзей далучаліся да гэтага прыгожага гучання! Таксама пасля выпуску маю намер заняцца развіццём і прасоўваннем свайго канала на YouTube. А яшчэ буду працаваць настаўнікам у агульнаадукацыйнай школе ў аграгарадку Самахвалавічы. 

— На каго з педагогаў будзеце раўняцца? 

— Побач са мной заўсёды было шмат добрых настаўнікаў, якім я вельмі ўдзячны, і ў кожнага ёсць што пераняць. Буду развівацца, абапіраючыся на іх вопыт, на тыя рысы характару, якія дапамагаюць эфектыўна навучаць дзяцей, гадаваць культурную эліту нацыі. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва героя