Трэба пачынаць ад кораня

Апублiкавана: 17 лiпеня 2025 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняга наведвання Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” спыніўся на пытаннях падрыхтоўкі спецыялістаў для кінаіндустрыі. “Трэба пачынаць ад кораня — ад кухні, дзе рыхтуюць кадры. Сёння пастаўлена задача: ідзіце ў гэтую альма-матар, разбірайцеся з тым прадуктам, які адтуль выпускаюць, што гэта за людзі. У адваротным выпадку вы не здымеце ніводнага сучаснага душэўнага фільма”, — заявіў Кіраўнік дзяржавы. І мы рушылі ў кузню кадраў для айчыннага кіно — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.

ВЫХАВАЦЬ ПРАФЕСІЯНАЛА 

Размова з рэктарам акадэміі Міхаілам Баразной пачалася з экскурсу ў гісторыю. Міхаіл Рыгоравіч з гонарам расказаў аб станаўленні факультэта экранных мастацтваў, назваў прозвішчы вядомых выпускнікоў. 

— Спецыялістаў гэтага напрамку рыхтуем і цяпер, і не толькі на адпаведным факультэце, — распавёў кіраўнік установы адукацыі. — Вытворчасць кіно — гэта дзейнасць не аднаго рэжысёра, сцэнарыста, акцёраў (калі размова ідзе пра ігравое). Гэта таксама руплівая праца мастакоў, кінааператараў, гукарэжысёраў, работнікаў іншых прафесій — нябачных, але вельмі важных і неабходных. Юнакі і дзяўчаты атрымліваюць адпаведныя кампетэнцыі ў нашым універсітэце. Па сутнасці ўвесь комплекс факультэтаў уяўляе сабой падабенства Усерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кінематаграфіі — маскоўскага ВГІКа. 

Факультэт экраннага мастацтва рыхтуе спецыялістаў рэжысуры кіно і тэлебачання, кінатэлеаператараў і мастацтвазнаўцаў. Наборы, па словах Міхаіла Рыгоравіча, невялікія, каб забяспечыць максімальны ўзровень адукацыі кожнага студэнта і пад патрэбы заказчыкаў. 

— Разумееце, мы можам набраць і 20, і нават больш чалавек, аднак столькі не будуць запатрабаваны на рынку працы, і гэта ўжо па-другое. А па-першае, навучанне ў вялікай групе не дазваляе ў поўнай меры засвоіць інфармацыю, што можа адбіцца на якасці адукацыі, — тлумачыць суразмоўца. — Таму самая аптымальная колькасць — 6-8 студэнтаў. 

Як высветлілася, па асобных спецыяльнасцях вядзецца набор нават не кожны год — і гэта таксама вызначана запатрабаванасцю кадраў на рынку працы. Дарэчы, заказчыкам спецыялістаў — выпускнікоў факультэта экранных мастацтваў — выступае не толькі кінастудыя “Беларусьфільм”. Рыхтуюць тут і па заказе іншых дзяржаўных устаноў. Напрыклад, для Белтэлерадыёкампаніі і Грамадскага нацыянальнага тэлеканала. Працуюць выпускнікі акадэміі і ў рэгіянальных тэлестудыях. 

Зразумела, як і ў любой галіне ці калектыве, ёсць тут і свае пытанні. Але, па словах Міхаіла Баразны, усе яны вырашальныя, тым больш што ў акадэміі працуе каманда аднадумцаў. І тут ёсць кім ганарыцца. Гэта і вядомыя дзеячы мастацтва, якія непасрэдна звязаны з установай, і выпускнікі, хто ўжо паказаў сябе выдатным спецыялістам у кінаіндустрыі: Сяргей Гіргель, Андрэй Голубеў, Максім Субоцін, Ігар Васільеў, Кірыл Халецкі. 

— Вось шчыра: яшчэ ніводнага абгрунтаванага дрэннага слова ў адрас названых рэжысёраў, як і іх выкладчыкаў, я не чуў, — не без гонару адзначае Міхаіл Рыгоравіч. — Кірыл, дарэчы, выпусціўся ўсяго тры гады таму, а ўжо зарэкамендаваў сябе як прафесіянал, — працягвае рэктар. — Ён цяпер працуе над поўнаметражным фільмам “Класная”. Я прапаноўваў Кірылу пайсці ў магістратуру, але ён адмовіўся. Кажа: “Міхаіл Рыгоравіч, я калі нешта раблю, то выкладаюся напоўніцу; распыляць сябе на вучобу і на творчы працэс не змагу”. Мы вырашылі не закрыць, а адкласці гэтае пытанне да пары. Да слова, сярод нашых выпускнікоў ёсць і іншыя надзвычай таленавітыя і старанныя. І вось убачыце: праз некаторы час мы пачуем новыя імёны. 

Сярод тых, пра каго распавёў Міхаіл Баразна, і рэжысёр Іван Паўлаў, які цяпер працуе над фільмам “Адно на дваіх” пра герояўлётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіту Куканенку. 

У размове пра практыкаарыентаванасць вучэбнага працэсу Міхаіл Баразна падкрэсліў, што галоўная мэта Акадэміі мастацтваў — выпусціць высокапрафесійных спецыялістаў. Таму ўжо пачынаючы з першага курса студэнты спрабуюць здымаць і манціраваць невялічкія ролікі. На больш позніх этапах навучання па ўзгодненасці з той жа Белтэлерадыёкампаніяй практычныя заняткі праводзяцца ў яе памяшканнях пры падтрымцы, а іншым разам і непасрэдным удзеле работнікаў установы. Нямала сярод студэнтаў і тых, хто ў вольны ад вучобы час працуе на кінастудыі альбо тэлебачанні. 

Міхаіл Рыгоравіч прывёў нам шмат станоўчых прыкладаў і распавёў гісторыі пра акадэмію, таленавітых студэнтаў і выпускнікоў, пра мары і спадзяванні. А падводзячы вынік размове, адзначыў: 

— Візіт Кіраўніка дзяржавы на “Беларусьфільм” і для нас стаў слушным штуршком да дзеяння. Мы разумеем пастаўленую Аляксандрам Рыгоравічам задачу па развіцці кінематаграфіі нашай краіны, у тым ліку ў падрыхтоўцы кадраў. Відавочна, час патрабуе новых падыходаў, удасканалення метадычнай часткі вучэбнага працэсу, існуючых праграм, што, дарэчы, робіцца рэгулярна і грунтоўна.

ПРАЗ МУЛЬТФІЛЬМЫ – ДА ВЫТОКАЎ

Пасля размовы з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў мы пагутарылі з яе выпускнікамі. 

Дзіяна Глябовіч вучылася па спецыяльнасці “рэжысура тэатра і кіно” на факультэце экранных мастацтваў і толькі днямі абараніла дыплом. Але працуе на “Беларусьфільме” ўжо з сакавіка. Гэта той самы выпадак, пра які мы гаварылі з Міхаілам Баразной: калі праца дапамагае вучобе. 

— Яшчэ школьніцай я марыла ствараць анімацыйныя фільмы, — распавядае ўчарашняя студэнтка. — Калі прыйшоў час паступаць у ВНУ, выбрала для сябе прафесію рэжысёра. Іспыты здала дастаткова лёгка, мо таму, што цвёрда ведала, чаго хачу. 

Дзіяна Глябовіч

Вучобу ў акадэміі дзяўчына ўспамінае з цеплынёй і ўдзячнасцю педагогам за слушныя парады, падтрымку, за грунтоўныя тэарэтычныя веды, практычныя ўменні і навыкі. 

— На размеркаванні прасілася менавіта ў студыю анімацыйных фільмаў. Некаторыя сяброўкі казалі, маўляў, несур’ёзна, але я лічу наадварот! Менавіта з дзяцінства трэба прывіваць чалавеку любоў да прыгожага, да нацыянальных традыцый, да Радзімы, што я і хачу рабіць. 

Адным з першых праектаў, які малады спецыяліст плануе рэалізаваць, — серыя мультфільмаў па творах беларускіх класікаў, накшталт расійскіх “Самоцветов”. 

І гэта не адзіная ідэя таленавітай дзяўчыны. Яна расказвае пра задумы — а ў вачах гарэзлівыя агеньчыкі. Адразу бачна: чалавек апантаны справай, яна будзе працаваць шчыра і ў яе ўсё атрымаецца.

ПРАГА ДА ДАКУМЕНТАЛІСТЫКІ 

Калега Дзіяны Глябовіч, таксама выпускніца Акадэміі мастацтваў, Анастасія Мулярова працуе ў студыі дакументальнага кіно “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. 

— Мой шлях у кіно пачаўся ў 2019-м, калі я паступіла на спецыяльнасць “арганізацыя кінатэлевытворчасці”, — расказвае Анастасія. — Набор на яе праводзіцца адзін раз у пяць гадоў. У якасці альтэрнатывы разглядала рэжысуру. Аднак, калі на Дні адчыненых дзвярэй паслухала выкладчыкаў, то зрабіла канчатковы выбар на карысць кінавытворчасці. 

Анастасія Мулярова

Вучылася дзяўчына чатыры гады, і кожны дзень быў надзвычай насычаным: лекцыі і семінары, здымкі ролікаў і практыкаванні ў напісанні сцэнарыяў. Для цікаўнай, дапытлівай і актыўнай студэнткі такое жыццё было ў радасць. 

— Мастацкім кіраўніком у мяне была Аксана Эйхарт, якая сама некалі працавала на студыі “Летапіс”. Яна і прывіла любоў да дакументальнага кіно, а яшчэ навучыла тактоўнасці і дакладнасці ў выкладанні фактаў, за што я ёй вельмі ўдзячная. 

Да размеркавання Анастасія практыкавалася ў рэкламных агенцтвах, але марыла пра дакументалістыку, таму накіраванне на студыю “Летапіс” лічыць удачай. 

— Сустрэлі мяне тут вельмі добра, шчыра і душэўна, — успамінае дзяўчына. — Дапамаглі паверыць у свае сілы. Цяпер калектыў аднавіўся, стаў больш моладзевым, а ў той час я адчувала моцную падтрымку старэйшых калег. Першы рэжысёр, з кім мне давялося працаваць, — Уладзімір Луцкі. З ім мы знялі некалькі кароткіх ролікаў пра знакамітыя мясціны Беларусі для перадсеансавага паказу ў кінатэатрах. Ён даў мне шмат добрых парад, шмат чаму навучыў. 

Дэбютны “сур’ёзны” фільм Анастасіі Муляровай — пра чалавека з інваліднасцю, дзяўчыну слабую фізічна, але моцную духам, удзельніцу параалімпійскіх гульняў, — мае назву “Надзя, наперад”. Праца над карцінай для маладога спецыяліста была хаця і цікавай, але няпростай, патрабавала максімальнай тактоўнасці, шмат душэўных сіл і веры ў сябе. 

— Вельмі ўдзячная сваім педагогам, якія дапамаглі развіць гэтыя якасці, навучылі бачыць важныя моманты падчас працы над матэрыялам, а яшчэ перадаваць характар і думкі героя. 

ПОГЛЯД З ВЫШЫНІ ВОПЫТУ 

Сярод тых, хто актыўна падтрымлівае моладзь на Нацыянальнай кінастудыі, вопытны рэдактар Валянцін Залужны. За дзесяцігоддзі ў кінаіндустрыі ён выгадаваў не адно пакаленне майстроў мастацтва, а цяпер сумяшчае дзейнасць на “Беларусьфільме” з выкладчыцкай — у акадэміі. 

— Моладзь у пераважнай большасці сваёй прыходзіць у навучальную ўстанову, а потым і на працу зацікаўленай, з запалам у вачах. Яе неабходна падтрымаць, падштурхнуць да здзяйсненняў мар і надзей. 

Валянцін Іванавіч лічыць вельмі дарэчным у падрыхтоўцы кадраў мэтавае накіраванне, калі заказчык, а ў дадзеным выпадку “Беларусьфільм”, накіроўвае на вучобу канкрэтнага юнака альбо дзяўчыну, рэальна ацэньваючы талент і працалюбства. То-бок заказчык дакладна ведае, якую пасаду зможа займаць “мэтавік” пасля заканчэння вучобы, якую функцыю выконваць, і, што не менш важна, ён гарантавана прыйдзе па размеркаванні менавіта на гэты ўчастак. 

А калі з маладых кадраў фарміруецца група, неабходна, каб у яе ўваходзіў вопытны супрацоўнік. Добра, калі гэта будзе мастацкі кіраўнік, дырэктар або яго намеснік — прафесіянал, які можа найлепшым чынам падтрымаць, натхніць, параіць, а дзе трэба і пракантраляваць маладых творцаў. 

Як прыклад суразмоўца называе тую групу, што шчыруе цяпер над стужкай “Пераломны момант”. 

— Хаця ў складзе моладзь, але ўсе яны маюць за плячыма сякі-такі вопыт работы ў кіно і на тэлебачанні, а таксама добрую адукацыю, атрыманую як у нашай акадэміі, так і ў маскоўскім універсітэце кінематаграфіі. Вынік іх працы павінен быць на высокім узроўні. 

Адной з праблем айчыннай кінавытворчасці Валянцін Іванавіч лічыць дэфіцыт якасных сцэнарыяў. Па яго меркаванні, аўтараў шмат, але яны ў большасці сваёй раманісты, а не сцэнарысты, што не адно і тое ж. І нават гатовы сцэнарый падчас стварэння фільма іншым разам даводзіцца не па адным разе перапрацоўваць, каб на выхадзе атрымаць стужку, якая была б цікавай для шырокага кола гледачоў, насычанай эмацыйна і інфармацыйна. 

Падводзячы вынікі размовы, нашы героі адзначалі, што патэнцыял для стварэння якасных айчынных стужак ёсць. Ва ўсялякім выпадку, у кінаіндустрыі ёсць маладыя амбіцыёзныя і сталыя вопытныя творцы, якія здольныя зрабіць актуальнае, душэўнае, глыбокае і адпаведнае ўсім патрабаванням часу кіно. 

Ірына СТАНКЕВІЧ 

Фота з архіва герояў