У край паэтаў, мастакоў, музыкантаў

Новы сезон серыяла “У вандроўку з «К»” распачаты! У Год добраўпарадкавання нашы падарожжы па мясцінах, што звязаны з лёсамі выбітных дзеячаў беларускай культуры, мусяць праходзіць з рыдлёўкамі ў заплечніках. У маршрутным лісце — спрэс нятопавыя і часам невядомыя нават даследчыкам пункты. Хто прагне новага і гатовы быць першапраходцам — гайда з намі!

Сёння мы выправімся на памежжа Капыльскага і Клецкага раёнаў, каб бліжэй пазнаёміцца з родамі Вайніловічаў і Міладоўскіх. Рыштунак для навядзення парадку — напагатове. 

Пустка на месцы маёнтка Міладоўскіх

МІНСК — БАРАНАВІЧЫ 

Каб дабрацца да Савічаў, першага пункта вандроўкі, з ранку рушым на электрычцы да Баранавічаў-Палескіх (“Мінск — Інстытут культуры”, 4:27). Далей — перасадка на дызель да Слуцка (7:40). Маючы з паўгадзіны, можна агледзець прывакзальныя цікавінкі: міні-макет аднаго з першых паравозаў беларускай чыгункі і сапраўдны помнік-паравоз. Ад вакзала праваруч — Музей чыгуначнай тэхнікі пад адкрытым небам. Леваруч — стары драўляны дом, дзе ўбачыў свет беларускі мастак Алесь Родзін (1947—2022), якога шануюць і на малой радзіме. Яго бацькі — вайскоўцы — былі звязаны з чыгункай, пасля вайны засталіся ў Баранавічах і жылі тут да 1951-га. 

БАРАНАВІЧЫ — ДЗЯГЦЯНЫ 

Але пачатак прыгод лепей запланаваць на станцыі Дзягцяны. Там паблізу вёска Савічы, якая шмат стагоддзяў належала Вайніловічам. Пра сваіх продкаў Эдвард Вайніловіч ва ўспамінах пісаў так: “Род наш ні перад кім шапкі не здымаў. Калі амаль уся шляхта Навагрудскага ваяводства накоплівала сваё багацце з крошыва з радзівілаўскага стала і з закладнікаў выйшла ў гаспадары, мы ні адзінай пядзі зямлі ад іх не ўзялі. Ва ўсёй разлеглай акрузе Савічы, бадай, адзіны маёнтак непаслярадзівілаўскі”. 

Пахавальны курган Вайніловічаў у Савічах

З Вайніловічаў выйшла нямала вядомых людзей, якія займалі пасады павятовых ураднікаў. Былі яны ў шчыльным сваяцтве з Рэйтанамі, Манюшкамі, Ваньковічамі і многімі іншымі беларускімі родамі. Але самы вядомы — Эдвард Вайніловіч, ён жа і апошні са сваёй галіны. Дзяржаўны і грамадскі дзеяч, на пачатку ХХ стагоддзя ён моцна падтрымліваў беларускі культурны рух, пакінуўшы па сабе добрую памяць на роднай зямлі. А яшчэ і такую сталічную архітэктурную адметнасць, як касцёл Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл у Мінску), пабудаваны ў гонар заўчасна памерлых дзяцей Эдварда. Дарэчы, пахаваны яны ў Савічах, у родавым кургане побач з даўно спачылымі продкамі. І курган гэты, падаецца, унікальная з’ява. Ён і яшчэ будынак млына (ці бровара) — адзінае, што засталося ад маёнтка. Ва ўспамінах Эдвард ускосна згадвае курган: “Вайніловічы не прыйшлі ні з Усходу, ні з Захаду — яны карэнныя, мясцовыя, костка ад косткі, кроў ад крыві таго народа, які некалі хаваў сваіх продкаў у гэтых курганах (сёння на вясковых могілках) і родную беларускую зямлю арэ”. Пагорак гэты значна саступае ў памерах навагрудскім адметнасцям — Гары Міндоўга і кургану Міцкевіча, — але не такі ўжо і малы. Некалі ён быў па перыметры абкладзены камянямі. Сям-там можна ўбачыць гранітныя помнікі і нават металёвую дошку з гербам. Яе знайшлі ў агародзе жыхара Цімкавічаў і ўсталявалі на адным з валуноў. Некалькі гадоў таму ў Савічах адбылася вялікая ўрачыстасць — асвячэнне ўсталяваных тут крыжоў, праваслаўнага і каталіцкага, а таксама скульптуры. 

Рэшткі млына. Усё, што засталося ад маёнтка Вайніловічаў

Нягледзячы на тое, што да кургана не зарастае сцежка, пагорак паволі апаноўвае хмызняк. Прыбраўшы параснік і смецце, мы запалілі зніч. Развітаўшыся са знакавым месцам, рушым далей. 

РЭХА ВАЙНЫ. ДЗЯГЦЯНЫ 

З Савічаў праз Заракоўцы выходзім да чыгуначнага прыпынку Дзягцяны. Сёння гэта кароткі — на два вагоны — перон. Раней жа то была станцыя. Тут у чэрвені 1944 года падчас аперацыі “Баграціён” быў ажыццёўлены дзёрзкі партызанскі налёт. Былі знішчаны некалькі дзясяткаў вагонаў, будынкі, забіта каля 50 чалавек аховы. Партызаны з вялікімі вайсковымі трафеямі і амаль без страт адышлі ў лясы… 

Памятная дошка слуцкага павятовага маршалка Антона Вайніловіча (1773—1855), дзеда Эдварда

З Дзягцянаў, перакрочыўшы мяжу Капыльскага і Клецкага раёнаў, можна рушыць або на захад, або на поўдзень. Першы варыянт — да станцыі Зубкі. Яна адметная тым, што там некалі быў буйны маёнтак роду Бярновічаў. У прысядзібным парку стаяла сапраўдная Палавецкая баба (стод з палавецкіх стэпаў), якая знікла без следу. Але застаўся фотаздымак. Была паблізу і царква (знішчана ў 1960-х). 

МАТУШЫ (САКАЛЯЦІЧЫ) 

Калі ж пайсці на поўдзень, то праз колькі кіламетраў напаткаем вёсачку Матушы. І тут трэба будзе дастаць загадзя падрыхтаваныя старыя мапы. Бо наступнага пункта маршруту — фальварка Сакаляцічы — даўно не існуе. Замест яго ўзаранае поле. Сакаляцічы — невялічкі маёнтак, якім у XVI—XIX стагоддзях валодаў род Міладоўскіх (спярша пісаліся як Міладовічы, Меладовічы). Род быў незаможны, але цвёрда, як і Вайніловічы, трымаўся свайго. Самы вядомы прадстаўнік — знакаміты беларускі кампазітар Фларыян Міладоўскі (1819—1882), сябра і паплечнік Станіслава Манюшкі (1819—1872). Дарэчы, частка продкаў Манюшкі з боку маці таксама маюць сувязь з мясцінамі, запячатанымі ў трохкутніку Клецк — Нясвіж — Слуцк. 

Памятная дошка на кургане

ЦАПРА 

З Сакаляцічаў рушым на Цапру. Да яе некалькі кіламетраў, але ландшафт там пляскаты і вежу царквы бачна здаля. Прыход у Цапры мае больш за 400 гадоў, хаця першая згадка вёсачкі ледзь не ў 1440-м. Некалі Крыжаўзвіжанская царква была ўніяцкая, пазней, у ХІХ стагоддзі, стала праваслаўнай. Стары драўляны храм быў заменены на каменны. Згодна з тастаментам, тут пахаваны прадзед Фларыяна Міладоўскага (каля 1732-га). Маюцца пры храме вельмі старыя могілкі, якія захаваліся часткова. Ёсць на іх магіла нейкай спадарыні Лізаветы, паэткі і мастачкі (надпісы на беларускай мове). Але хто яна, высветліць не ўдалося. Дарэчы, тут вялікая колькасць памятных камянёў з рэлігійным зместам, якія ўсталяваў шмат гадоў таму нехта са старых парафіян. 

Ёсць блізу Цапры і рэшткі фальварка Долматаў. Там захаваўся стары драўляны сядзібны дом (ХІХ стагоддзе) і некаторыя гаспадарчыя пабудовы. 

На гэтым зробім перапынак: першая частка нашай вандроўкі скончылася. Наперадзе — сустрэча з іншымі адметнасцямі Клеччыны, якія можна параіць для наведвання. А звязаны яны з ужо вядомымі чытачам “К” творцамі, такімі як паэт і мастак Артур Бартэльс, кампазітар Юзаф Казлоўскі, пісьменнік Фадзей Булгарын і кампазітар Фларыян Міладоўскі, пра якога ў рубрыцы “Гістарыёграф” была асобная публікацыя (№23, 2025). 

Свята-Крыжаўзвіжанская царква, Цапра

Газета “Культура” №25 ад 20 чэрвеня 2025 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара