Хрыпаты голас маладога радыста раз за разам паўтарае ў мікрафон станцыі: “Я — крэпасць. Я — крэпасць. Вяду бой. Чакаю дапамогу…” Вусны засмяглі, бо каторы дзень няма вады. Тую, што ўдаецца здабыць, адносяць параненым і да кулямётаў. Вакол грукоча. Яго ніхто не чуе… І ці чуе ён сам сябе? Толькі паўтарае, як малітву: “Я — крэпасць. Чакаю дапамогу”. Брэсцкі гарнізон самааддана абараняе цытадэль, у падвалах якой яшчэ хаваюцца жанчыны, дзеці, параненыя салдаты…
З усіх гарадоў СССР менавіта Брэсту выпала першым прыняць бой з нямецкімі акупантамі. Раніцай 22 чэрвеня моцная бамбардзіроўка абрынулася на Брэсцкую крэпасць, дзе ў той час знаходзіліся каля 7 тысяч савецкіх воінаў і сем’і афіцэраў. Нямецкае камандаванне разлічвала ўзяць Брэст за некалькі гадзін, аднак 45-я дывізія вермахта атакавала крэпасць каля 10 дзён і панесла вялікія страты. І яшчэ больш за месяц героі Брэста трымалі абарону.
Савецкім салдатам прыходзілася адбіваць па 7-8 атак штодня, агнём з паветра нямецкія бамбардзіроўшчыкі зніштожылі водаправод, склады, пашкодзілі сувязь. Вайскоўцы і мірныя жыхары аказаліся адрэзанымі ад знешняга свету — і тым не менш працягвалі змагацца: да апошняга патрона, да апошняга глытка вады, да апошняга ўздыху.
Абаронцы пакідалі развітальныя надпісы на сценах умацаванняў. Фотаздымкі сёння захоўваюцца ў музеях, у падручніках па гісторыі, у фотаальбомах і сучасных гаджэтах. І не дзіўна, таму што ў гэтых надпісах наша гісторыя. Прыехаць у Брэст, каб убачыць на свае вочы іх, аплаўленую цэглу і ўявіць, як стаялі да смерці тут у чэрвені 1941 года нашы продкі, можа любы жадаючы. Уваход у крэпасць вольны.
Нават без экскурсавода хадзіць па тэрыторыі можна гадзінамі. Каля кожнага элемента — казарм, былога штаба, рэшткаў умацаванняў — знаходзяцца шыльды з інфармацыяй пра тое, хто трымаў абарону менавіта ў гэтым месцы, колькі дзён, якія панеслі страты, чым яшчэ яно адметна.
Напрыклад, каля руін аднаго з умацаванняў значыцца: “26 чэрвеня 1941 года. Для выканання загада камандавання зводнай групы ў гэтым месцы быў здзейснены прарыў групы чырвонаармейцаў і камандзіраў”.
Аднак усё ж лепей гэта зрабіць у суправаджэнні экскурсавода.
Да 20-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Брэсцкай крэпасці за гераічную абарону ў чэрвені-ліпені 1941 года нададзена ганаровае званне “Крэпасць-герой”.
— Шэсцьдзясят гадоў яна з гонарам носіць гэты статус. Калі ў мінулым абаронцы адстойвалі родную зямлю, то цяпер працягваецца іншая барацьба — за гістарычную праўду, — адзначае намеснік дырэктара мемарыяльнага комплексу па навуковай рабоце Алена Міцюкова. — Папярэднічалі рашэнню аб узнагароджанні даследчая праца пісьменніка Сяргея Смірнова, працы работнікаў Музея абароны Брэсцкай крэпасці. 22 красавіка 1965 года першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў падпісаў хадайніцтва аб узнагароджанні Брэста і крэпасці ордэнам Чырвонага Сцяга. Адказ ЦК КПСС перасягнуў усе чаканні. Крэпасць атрымала найвышэйшую ўзнагароду — ганаровае званне “Крэпасць-герой” з уручэннем ордэна Леніна і медалі “Залатая Зорка”.
Штогод у Дзень памяці і смутку тут праходзіць міжнародны ваенна-гістарычны злёт-рэканструкцыя “22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць”. Сёлета ён адбудзецца 14-ы раз.
Ваенна-гістарычны клуб “Гарнізон” абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ пры садзейнічанні 38-й асобнай штурмавой брыгады, падтрымцы Міністэрства абароны і Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра творчасці моладзі зладзяць інсцэніроўку апошняга перадваеннага дня крэпасці. Да таго ж плануецца ажыццявіць рэканструкцыю асобных эпізодаў абароны.
Месца правядзення рэканструкцыі — Кобрынскае ўмацаванне. Дата — 21 чэрвеня. Арганізатары сцвярджаюць, што мерапрыемства ў крэпасці прадоўжыцца і ўначы, каб раніцай 22-га наведвальнікі маглі пачуць голас Левітана.
Леанід Ліманаў, жыхар г. Брэста:
— Непадалёк ад крэпасці я вырас, таму лічу яе часткай свайго жыцця і свайго лёсу. Памятаю, як падлеткамі мы пасля школы ішлі ў казармы, падвалы, як вывучалі падземныя пераходы. На жаль, цяпер шмат з іх закрыты для наведвання з прычыны аварыйнасці збудаванняў. Тым не менш радуе той факт, што крэпасць рэканструюецца, умацоўваюцца сцены, перакрыцці. Лічу, што вельмі важна, каб землякі і госці нашага горада маглі пабываць там, дзе савецкія салдаты, афіцэры, іх жонкі і дзеці да апошняга ўздыху трымалі абарону. Памятаеце: “Умираю, но не сдаюсь”? Ці не гэты надпіс з’яўляецца вышэйшым урокам патрыятызму?...
Ірына Станкевіч
Фота аўтара і Віктара ГАЎРЫША