Гэта вельмі прыгожа!

Па горадзе майстроў, які працаваў падчас XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2025”, гадзінамі можна было хадзіць і дзівіцца творчасці ўмельцаў. Сярод іх — Наталля Ларына са Стаўбцоўскага Дома рамёстваў: такіх маляванак нідзе не знойдзеш!

Наталля Ларына — мастак-графік, скончыла Мінскае мас тац к а е вучылішча імя А.К. Глебава (цяпер — Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава). Ёй блізкія розныя напрамкі выяўленчага мастацтва — ад сюррэалізму да станковага жывапісу. 

З 2011 па 2013 год працавала над роспісам храма абраза Казанскай Божай Маці ў Баркалабаве. Затым займалася манументальным роспісам у Крыме. Працуючы ва Усходне-Крымскім гісторыка-культурным музеізапаведніку, разам з мужам, членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Сяргеем Ларыным, стварыла некалькі макетаў, у тым ліку “Керч у гады вайны”. 

Наталля Барысаўна — актыўная ўдзельніца пленэраў, фестываляў, конкурсаў. Яе працы журы не аднойчы ацэньвала самымі высокімі баламі. Многія вырабы захоўваюцца ў галерэях і прыватных калекцыях краін СНД і далёкага замежжа.

ДАСТАТКОВА ЎБАЧЫЦЬ 

Стаўбцоўшчына вядомая багатай культурнай спадчынай, і маляванка тут развівалася пад уплывам мясцовых традыцый і звычаяў. У ёй можна сустрэць характэрныя для рэгіёна ўзоры, якія часта адлюстроўваюць прыроду, побыт і вераванні тамтэйшых жыхароў. Але працы Наталлі Ларынай ні з якімі іншымі не зблытаеш: асаблівыя! 

Што ні карціна на тканіне — то шэдэўр. Мілыя домікі, зацярушаныя снегам, з акенцаў льецца мяккае святло; шпілі касцёлаў, якія падпіраюць неба; дзеткі — хто з маленькім казлянём, хто верхам на баранчыку, хто з кацянём. Коцікі, дарэчы, увогуле асобная тэма ў працах мастачкі. Іх тут безліч: як вясёлых, з задаволенымі круглымі пыскамі, так і сумных, бедненькіх — кінутых. Аўтар кажа, што коцік — гэта заўсёды пра дом, сям’ю, утульнасць. 

— Сюжэты падказвае само жыццё. Прыдумляць нічога і не трэба — дастаткова паглядзець вакол, — тлумачыць Наталля Барысаўна. — Напрыклад, звяртаю ўвагу на архітэктуру. На Стаўбцоўшчыне шмат прыгожых старажытных каталіцкіх храмаў, іншых будынкаў. Убачыла — спадабалася — запомніла — перанесла на тканіну. Часта пачынаю маляваць з хаткі, а потым яна ўжо сама дыктуе, што побач размясціць. 

ЦУД НА ШКЛЕ 

Дзякуючы намаганням Наталлі Ларынай у Стоўбцах адраджаецца старажытная традыцыя роспісу па шкле. А адбылося гэта зусім выпадкова. 

— Калі мы пераехалі ў Стаўбцоўскі раён і пачалі разбіраць старую, пакінутую ранейшымі гаспадарамі маёмасць, то наткнуліся ў падвале на бруднае шкло з нейкім малюнкам. Адмылі і… здзівіліся карціне, якая адкрылася. 

Магчыма, нехта іншы і не звярнуў бы на гэта ўвагу: ну, прыгожа і прыгожа. Але Ларыны ўзяліся шукаць дадатковую інфармацыю. Аказалася, што ім папаўся ўнікальны экзэмпляр так званых відзікаў — твораў беларускага традыцыйнага роспісу на шкле — аўтарства знакамітага Іосіфа Мысліцкага, ураджэнца Нясвіжчыны. У 1950— 1960-я такія прадметы лічыліся раскошай, імі ўпрыгожвалі хаты.

ЗАЛАТЫЯ РУКІ, НЕ ІНАКШ 

— Пісаць на палатне, тканіне і шкле — абсалютна розныя тэхнікі. І ў кожнай свае складанасці, — дзеліцца сакрэтамі майстэрства Наталля. — Узяць маляванку: тканіну нельга прагрунтаваць, як пад жывапіс, бо яна ўбірае ў сябе фарбу. І каб дамагчыся патрэбнай яркасці, даводзіцца часам класці аж 10 слаёў. 

Любіць рамесніца працаваць і з эпаксіднай смалой. Кажа: пакуль у Беларусі такі від творчасці не вельмі развіты, хаця неверагодна цікавы. І таксама няпросты. Працэс ідзе паступова: заліла пласт смалы, намалявала трошкі, потым зверху яшчэ смала, зноў малюнак і гэтак далей. 

— Наогул кола творчых інтарэсаў Наталлі Барысаўны найшырэйшае! — заўважае загадчык Стаўбцоўскага Дома рамёстваў Марына Пархімовіч — Яшчэ яна робіць цацкі з ваты, піша іконы на дрэве і размалёўвае сцены, вырабляе са скуры ўпрыгожанні і пано, распісвае кераміку... Прасцей назваць тое, што яна не ўмее рабіць, чым наадварот: у майстрыхі атрымліваецца ўсё, за што яна бярэцца. Неверагодна таленавітая! 

Дарэчы, яе муж, Сяргей Германавіч, займаецца ў Доме рамёстваў глінай. Прафесійны ганчар вырабляе і глечыкі, і збаночкі, і падносы, і свістулькі, і скульптуркі, і цэлыя кампазіцыі. 

— Нашаму раённаму цэнтру культуры неверагодна пашанцавала, калі два з паловай гады таму муж і жонка Ларыны пераехалі жыць у Стоўбцы і актыўна ўключыліся ў творчую дзейнасць, — адзначае дырэктар РЦК Валерый Пугач. — Цяпер нават уявіць сабе не можам, каб якое-небудзь мерапрыемства прайшло без іх удзелу. І, дарэчы, майстры заўсёды працуюць у пары! 

ЧЫМ ЗЗЯЕ “ПРАЛЕСКА” 

Наталля Барысаўна вядзе і вялікую грамадскую працу — узначальвае народны аматарскі калектыў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры. У аб’яднанні амаль паўсотні ўмельцаў з усіх куткоў рэгіёна працуюць у самых розных кірунках: ткуць і вышываюць, плятуць кошыкі і валяюць, рэжуць па дрэве, займаюцца саломапляценнем, глінай... 

Традыцыйна напрыканцы зімы ў Стоўбцах праводзіцца раённая выстава работ майстроў “Сонцаварот”. Гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца з беларускімі народнымі традыцыямі і рамёствамі. Таксама ўдзельнікі “Пралескі” — заўсёднікі раённых, абласных і рэспубліканскіх святаў. Заваёўваюць на іх шматлікія ўзнагароды, а таксама — нязменна — захапленне публікі. Зусім нядаўна вярнуліся з Маладзечна, а ўжо рыхтуюцца да “Славянскага базару ў Віцебску”. Адзначаюць: напрацовак шмат, толькі паспявай увасабляць ідэі. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота аўтара