Пра вайну не ізноў, а нанова

Апублiкавана: 14 лiпеня 2025 Арт-блог Тэатры не указан

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Знайсці новы паварот у ваеннай тэме, што стала для Беларусі папраўдзе знакавай, складана. Але ж магчыма! Сярод спектакляў рэгіянальных тэатраў, якія дэманстраваліся апошнім часам у сталіцы, вылучым тры — цалкам розныя і з разыначкай навізны.

“ТРЫБУНАЛ” ПА-БРЭСЦКУ 

Гэта п’еса Андрэя Макаёнка ў свой час абышла не толькі ўсе беларускія тэатры, але і большасць расійскіх. Атрымала ўвасабленне ў гераічнай музычнай камедыі Рыгора Суруса “Судны час”, што завяршалася вялізным Рэквіемам і таксама была пастаўлена не толькі ў нас, але і ў Ленінградзе. Узнагароды не аднаму пакаленню акцёраў прынесла роля Цярэшкі Калабка. І побач з такімі дасягненнямі — пастаноўчая версія Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы? Між тым цяперашні “Трыбунал” быў прызнаны найлепшым спектаклем ІІІ Рэспубліканскага тэатральнага фестывалю “Перамога”. І нездарма! 

Знешне традыцыйны, вырашаны без музычна-танцавальных ці іншых сучасных расфарбовак тэксту, ён ссунуў акцэнт на сямейныя каштоўнасці, сувязь пакаленняў, на моладзь з яе безапеляцыйнасцю. Рэжысёр Аляксандр Козак крыху скараціў тэкст, каб пазбавіцца антракту. Праз гэта ўзнікае адчуванне, што падзеі разгортваюцца ў рэальным часе і мы пражываем іх разам з героямі, быццам гэта насамрэч нейкае рэаліці, толькі не шоу, а сапраўдная трагедыя — і ўсе мы яе сведкі. 

Сцэна са спектакля "Трыбунал" 

Цэнтральным героем аказваецца нават не Цярэшка (Сяргей Пяткевіч), хаця яго роля самая працяглая, а яго малодшы сын, падлетак Валодзька (Іван Гізмант), які ў іншых пастаноўках заўжды заставаўся на другім плане. І менавіта праз яго, а не толькі праз імпульсіўную, валявую жонку Паліну (Таццяна Зелянко), становіцца відавочна, што шчыльныя роднасныя сувязі ў гэтай шматдзетнай сям’і парушаныя: блізкія людзі не чуюць адно аднаго. Не давяраюць. Не прывыклі раіцца. І ўсё завяршаецца куды большай трагедыяй, якую мы бачым. Бо, зразумела, пасля смерці Валодзькі, які абвешаўся гранатамі і пайшоў да немцаў, не проста гіне распрацаваны план па ўкараненні свайго чалавека ў варожым асяродку, а будзе спалена ўся вёска ды яшчэ і суседнія. Пра тое сведчыць сцэнаграфія Мікалая Палтаракі — высокая драўляная агароджа, што асацыюецца з канцлагерам, гета, хлявом, куды зганялі вяскоўцаў. 

Таму ў гэтай трагікамедыі зусім не смешнымі, не парадыйна-эксцэнтрычнымі, а папраўдзе страшнымі паўстаюць начальнік паліцыі Сырадоеў (Аляксей Шчарбакоў) і асабліва камендант з яго гідлівасцю і прагай стэрыльнай чысціні (Міхал Мятліцкі). Невыпадкова гэтыя ролі даручаны знаным артыстам, здольным на перадачу не толькі знешняга, але і схаванага ўнутранага аблічча сваіх персанажаў. 

“СЕМ ТРАФЕЯЎ...” З МАЛАДЗЕЧНА 

Прэм’ерны спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра пастаўлены яго галоўным рэжысёрам Раманам Цыркіным па аднайменнай п’есе беларускага драматурга Васіля Ткачова, які нядаўна пайшоў з жыцця. “Сем трафеяў радавога Шапкіна” пазначаны як “простая гісторыя”: вярнуўся салдат з фронту, а ў яго любай жонкі — немаўлятка невядома ад каго. І ўсё, гэта ўвесь сюжэт. Ніякіх сутыкненняў з ворагам, ніякіх баталій — нават размоўных. Толькі сцішаны запаволены аповед, дзе, здавалася б, нічога не адбываецца: адзін з ваенных эпізодаў распавядае Шапкін (Аляксей Карпец), анекдатычную сітуацыю згадвае Гірша (гэтая роля Дзяніса Фешчанкі на фестывалі “Перамога” прызнаная найлепшай мужчынскай). Жыццё цячэ, бы ледзь заўважны лясны ручай. І раптам — нечаканы для франтавіка вадаспад: герой даведваецца пра дзіця, якое ад яго хавалі. 

Сцэна са спектакля "Сем тра­фе­яў ра­да­во­га Шап­кі­на" 

Спектакль цалкам трымаецца на акцёрскіх работах. І яны папраўдзе цудоўна распрацаваныя: кожны персанаж паўстае жывым чалавекам з усімі яго прыхамацямі. Асабліва складаная роля Шапкіна: у другой дзеі ў яго не прапісаныя словы, што тлумачылі б зроблены героем выбар, і ўцяміць, чаму герой паступае менавіта так, а не іначай, глядач можа хіба з ігры акцёра, дзе ўсё пададзена праз позіркі і рухі — вельмі дакладныя, красамоўныя, без аніякага залішняга ўціску. Як ні дзіўна, але такі тонкі псіхалагічны тэатр, дзе замест бессэнсоўнага прагаворвання тэксту ўсё зроблена “паводле Станіслаўскага”, сёння становіцца тым новым, якое насамрэч — даўно забытае старое. 

Дарэчы, прывезеныя з фронту трафеі прызначаліся сябрам-аднавяскоўцам, з якімі Шапкін сыходзіў на фронт. Ды з іх семярых вярнуўся толькі ён адзін — такая вось арыфметыка. 

ГОМЕЛЬСКАЕ “ПА-ЗА ЧАСАМ” 

Нязвыклы падыход да тэмы Ленінградскай блакады прадэманстраваў спектакль Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра па фантастычным апавяданні знакамітага Кіра Булычова ў пастаноўцы Рамана Шыдлоўскага. У 1972-м сталы Вадзім (Аляксей Стрэльчанка) тэлефануе сяброўцы, ды трапляе ў 1942-і, да дзяўчынкі Ніны (Валерыя Лялькова, адзначаная граматай Беларускага саюза тэатральных дзеячаў). Пошукі ўзаемаразумення ўзрастаюць да экзістэнцыйнай драмы. Той выпадак, што мучыў героя ўсё жыццё, вымушаў зноў і зноў вяртацца ў мінулае, раптам атрымлівае адказ — праз нечаканае імпульсіўнае азарэнне. 

Сцэна са спектакля "Па-за часам" 

Тэатр падтрымлівае свой маладзёжны статус эксперыменальнасцю, скіраванасцю на мэтавую аўдыторыю. На фоне чорнага кабінета рэзка вылучаецца белае піяніна. Гэта і часавая мяжа між героямі, і — праз яго жывое гучанне — сімвал размовы між душамі, дапоўнены выразнай пластыкай артыстаў. Невыпадкова тыя апрануты ў белае сподняе: гэта не яны самі, а іх унутраныя сутнасці. 

Літаральна днямі ваенных спектакляў паболела: у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек з’явіўся “Хутар” паводле аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”. Гэта прынцыпова новы па эстэтыцы, аўтарскі падыход Яўгена Карняга і яго каманды да складанай тэмы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў тэатраў