Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і галоўны прыз імя Уладзіміра Мулявіна — “Крыштальную гітару” — заваявала васямнаццацігадовая Ганна Варанко.
Першыя крокі да вялікай сцэны яна зрабіла ў родным Бабруйску. І хоць творчы шлях не заўсёды складваўся гладка, маладая артыстка заставалася верная свайму галоўнаму прынцыпу: ніколі не здавацца, ідучы да важных здзяйсненняў.
Упершыню яна выйшла на сцэну ў шэсць гадоў. За плячыма ўжо быў год заняткаў у вакальнай студыі. Калі пачала спяваць, зразумела, што мікрафон не працуе! Давялося выступаць, як магла, без мыліц гукарэжысуры. Той выпадак прымусіў зразумець, што слухачам патрэбнае сапраўднае, шчырае гучанне.
За фестывалем у Маладзечне Ганна сачыла даўно. З першага курса Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў назірала за ўдзельнікамі, натхнялася іх выступленнямі, перажывала разам з імі ўсе ўзлёты і падзенні. На трэцім курсе нарэшце адважылася паспрабаваць уласныя сілы.
— Як ацэньвалі свае шанцы ў Нацыянальным конкурсе?
— За галоўны прыз змагаліся 20 моцных вакалістаў, якія прайшлі сур’ёзны адбор на рэгіянальных этапах. Нас акружала атмасфера здаровай канкурэнцыі. Слухаючы іншых выканаўцаў, я разумела, што кожны справядліва можа прэтэндаваць на перамогу. Таму старалася канцэнтравацца не на разнастайных імавернасцях, а на выступленні, каб сустрэча з гледачом атрымалася яркай і запамінальнай.
— Чым здзіўлялі публіку?
— Кампазіцыямі “Жыла надзеямі” (музыка А. Атрашкевіч, словы А. Легастаевай) і “Дзявочая” (музыка А. Атрашкевіч, словы Г. Рубацкай), якія вельмі імпануюць мне ў эмацыйным плане. Першая песня — пра жаночую долю. Многія слухачкі бачаць у ёй адлюстраванне свайго асабістага болю, з якім давялося сутыкнуцца. А другая — пра прыгажосць, таямнічае дзявоцтва. Бясконца рада, што сярод шматлікіх варыянтаў мы спыніліся менавіта на гэтых творах, дзе бачныя мае думкі, пачуцці, перажыванні. Вялікі дзякуй майму педагогу па вакале Алене Віктараўне Атрашкевіч, якая дапамагла сфарміраваць рэпертуар і падтрымлівала на ўсіх этапах спаборніцтва.
— А хто стварыў тыя чароўныя ўпрыгажэнні з саломкі, якія сталі важным элементам вашага сцэнічнага вобразу?
— Алеся Дзергай, першакурсніца аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашага каледжа. Мы доўга і вельмі педантычна распрацоўвалі дызайн, прадумвалі размяшчэнне кожнай кветачкі.
— А раней здаралася ўдзельнічаць у такіх маштабных праектах?
— У 2021-м я заваявала дыплом лаўрэата III ступені ў Пятнаццатых моладзевых Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД, атрымала грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 2023-м далучылася да конкурсу выканаўцаў маладзёжнай песні XVI фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, дзе атрымала ўзнагароду “За любоў да роднага краю”.
— Нарэшце вам уручылі запаветны гран-пры... Што адчулі ў гэты момант?
— Калі вядучыя абвясцілі ўсе прызавыя месцы і дайшлі да галоўнай узнагароды, я падумала: альбо яны назавуць маё імя, альбо паеду з пустымі рукамі. Інтрыгуючая паўза здавалася вечнай! Я затрымала дыханне — і раптам да слыху дайшло “Ганна Варанко”. Збянтэжанасць, слёзы шчасця, радасныя воклічы бацькоў з залы... Станоўчыя эмоцыі зашкальвалі.
— Што для вас значыць гэтая перамога?
— Уздым на высокую прыступку і пачатак чагосьці прыгожага і важнага.
— Якім будзе ваш наступны крок?
— Буду спрабаваць сілы ў Рэспубліканскім конкурсе маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”, у наступным фестывалі “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. У перспектыве мару прадставіць Беларусь на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні