Дальва – апошняя спаленая на тэрыторыі Беларусі вёска. Яна знікла з твару зямлі 19 чэрвеня 1944 года, не дажыўшы да вызвалення ўсяго 10 дзён. І ўсе гэтыя 10 дзён над абгарэлымі целамі бацькоў, сваякоў, аднавяскоўцаў сядзеў адзіны ацалелы дальвінец — 13-гадовы Коля Гірыловіч, які застаўся сам-насам з непапраўнай бядой.
Пра гэта, трагедыю вёскі і ўшанаванне памяці загінулых расказвае сёння наведвальнікам загадчык філіяла “Дальва” дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Сяргей Камісарчык — чалавек, апантаны ідэяй захавання гістарычнай памяці.
З гістарычнай даведкі: “Першае згадванне пра вёску датычыць XVII стагоддзя. У архіўных дакументах значыцца, што ў 1804-м фальварак, у склад якога ўваходзіла і Дальва, набыў, а потым перадаў у спадчыну сыну Райманд Палевіч. Напрыканцы XVIII стагоддзя маёнтак перайшоў да яго родзіча Мільхерда Стэфановіча, які пасля рэвалюцыі з’ехаў у Польшчу”.
Мемарыял адкрылі ў 1973 годзе. І амаль адразу ў памяць дальвінцаў і ў гонар абаронцаў Айчыны да 23 лютага зладзілі першы агітпрабег Мінск – Хатынь – Дальва. Дыстанцыю ў пяць кіламетраў ад трасы да Дальвы асільваюць альбо на лыжах, калі дазваляе надвор’е, альбо, як апошнія гады, бегам.
Адпаведны выкупны акт, як і іншыя цікавыя гістарычныя дакументы, цяпер захоўваецца ў музеі комплексу, а некаторыя з іх — і ў мясцовым школьным музеі. Як расказала дырэктар Акалоўскай сярэдняй школы Анжэла Сівец, збіраць артэфакты вучням і педагогам дапамагаў сам Мікалай Гірыловіч. Сярод экспанатаў — выкананыя алоўкам даваенныя партрэты яго аднавяскоўцаў: маці, сваякоў і суседзяў. А яшчэ — макет вёскі, якой яна была на пачатку ХХ стагоддзя. Дарэчы, менавіта ён стаў пунктам адліку пры стварэнні мемарыяльнага комплексу. Але адбудзецца гэта ўжо ў 1970-я.
У чэрвені 1944 года ішлі кровапралітныя баі за вызваленне Беларусі. Недалёка ад Дальвы партызаны пашкодзілі тэлефонны кабель. Гітлераўцы, якія прыехалі на месца здарэння, вырашылі адпомсціць за шкоду…
— Фашысты адступалі на Захад, пакідаючы пасля сябе спаленую зямлю, — расказвае Сяргей Камісарчык. — Таму кожная дыверсія выклікала агрэсію і жорстка каралася.
Макет даваеннай Дальвы захоўваецца ў музеі Акалоўскай школы
Так было і гэтым разам. Карнікі прыйшлі ў Дальву раніцай, калі многія яшчэ спалі. Сталі падымаць людзей, зганяць на край вёскі, у хлеў. Дзеці плакалі, жанчыны спрабавалі супакоіць малых.
Калі ўсіх жыхароў загналі ў памяшканне, дзверы закрылі і кінулі гранату. Ад выбуху будынак загарэўся. Людзі націснулі на дзверы, памкнуліся вырвацца, але іх расстрэльвалі паліцаі. Падлеткі палезлі на волю праз крышу, але і там іх даставалі кулі.
— Пакутлівай смерцю загінулі 44 дальвінцы, з якіх было 29 дзяцей, 13 жанчын і двое старых, — працягвае аповед Сяргей Камісарчык. — Самаму сталаму, Купрыяну Гірыловічу, было ўжо за 80 гадоў, а самаму маленькаму, Косціку Кухаронку, не споўнілася і двух. У агні загінулі і двое падлеткаў з іншых вёсак — Юзік Грынь і Вольга Фалькавіч, якія апынуліся ў Дальве выпадкова. Адзін прыйшоў да сваякоў у госці, другая — каб дапамагчы па гаспадарцы.
На пачатку 2000-х мне давялося сустрэцца з Мікалаем Гірыловічам і ўзяць інтэрв’ю. Гэта быў высокі, статны, з распраўленымі плячыма, нязломлены абставінамі і няпростым лёсам чалавек. І толькі яго вочы выдавалі невыцерпны боль, калі размова ішла пра той сонечны чэрвеньскі дзень 1944-га.
— Раніцай матуля адправіла мяне падмяніць бацьку, які пасвіў каня, — расказваў мой суразмоўца. — Дала з сабой нейкай ежы, сказала: “Пайдзі, сынку, хай бацька прыйдзе паснедае”. Гэта былі апошнія словы, што я пачуў ад мамы.
Скульптура Маці ў выкананні Уладзіміра Церабуна
Потым падлетак бачыў на небе чырвоныя водблескі агню, але не надаў таму ўвагі. І толькі калі праз пэўны час, як загадаў бацька, накіраваўся дадому, зразумеў: адбылося нешта страшнае.
Вёска сустрэла хлопца цішынёй.
— Перадусім падумаў, што фашысты пагналі ўсіх у Нямеччыну на работы, але бянтэжылі дым і смурод, — расказваў Мікалай Пятровіч. — Пагукаў маці, тату. Знайшоў на вуліцы ляльку малодшай сястры. А потым убачыў месца расправы. Людзей было не пазнаць — толькі абгарэлыя галавешкі. А вось мамачку маю пазнаў адразу — па кавалачку хусцінкі…
— Я прасядзеў на пажарышчы ўсе дзесяць дзён, — успамінаў мужчына. — Не хацелася ні есці, ні піць. Наогул не ведаю, ці спаў я — быў у нейкім забыцці. Памятаю, ішоў дождж. А яшчэ — як з’явіўся на ўскрайку лесу танк з чырвонай зоркай. Падышлі людзі з навакольных вёсак, з’явіліся партызаны. Да мяне звярнуўся малады салдат: “Хлопец, ты гэта, трымайся… Мы зараз усіх пахаваем”.
Складалі целы ў вялізную скрыню адно на адно — усіх, каго знайшлі пад абгарэлымі дошкамі, у падполлі, на нейкай адлегласці ад эпіцэнтра трагедыі. Відавочна, гэтыя вяскоўцы хацелі ўцячы, выратавацца, але не змаглі…
Падлетка накіравалі ў дзіцячы дом. Потым была вучоба ў радыётэхнічным тэхнікуме, інстытуце, служба ў войску, праца на Белтэлерадыёкампаніі.
Партрэты дальвінцаў выкананы па апісанні адзінага сведкі
І кожны год Мікалай Гірыловіч прыязджаў на сваю малую радзіму, туды, дзе некалі квітнела жыццё. Спачатку адзін, а потым з жонкай. Хадзіў па пустых вуліцах, слухаў птушак, удыхаў гаркаваты водар бэзу і язміну. У 1950-х паставіў на могілках сціплы помнік і драўляную агароджу — тое, на што хапіла ўласных сродкаў. З цягам часу мясцовая ўлада замяніла яе на металічную.
Мемарыял ствараўся агульнымі намаганнямі. Будаўніцтву папярэднічаў выпадак.
— Увосень гэта было, — згадвае дальвінец. — Па звычаі мы з жонкай Рымай прыехалі ў Дальву. Крочым вуліцай, і раптам чую — грукат тэхнікі. Малады трактарыст арэ вясковыя агароды, палісаднікі, а разам з імі і вуліцу. Я і кінуўся яму пад калёсы: “Не дам!”
Ідэю захаваць памяць пра дальвінцаў, а разам з імі і пра ўсіх загінулых мірных жыхароў выказалі камсамольцы на сходзе моладзі Белтэлерадыёкампаніі. Яе падтрымалі Лагойскі райкам і Мінскі аблкам ВЛКСМ, студэнты і школьнікі, раённая ўлада, калгаснікі. У 1972 годзе ў Беларускім мастацка-тэатральным інстытуце быў аб’яўлены конкурс на найлепшы праект помніка. Пераможцам стаў трэцякурснік Уладзімір Церабун.
Скульптар расказвае:
— Комплекс паўтарае планіроўку вёскі. Кампазіцыя складаецца з асобных элементаў, свабодна размеркаваных па плошчы. У нечым “Дальва” падобная на “Хатынь” — тыя ж зрубы хат уздоўж вуліцы. Адрозненне ў тым, што на ганках размешчаны скульптурныя кампазіцыі бытавых прылад, якія распавядаюць пра гаспадароў. Напрыклад, у доме, дзе жыла шматдзетная сям’я, ляжаць цацкі і буквар, дзе ганчар — глечыкі і гэтак далей. Гэта надае дамам персаніфікацыю, душэўнасць і нават нейкую інтымнасць.
Мемарыял адкрылі ў 1973 годзе. І амаль адразу ў памяць дальвінцаў і ў гонар абаронцаў Айчыны да 23 лютага зладзілі першы агітпрабег Мінск — Хатынь — Дальва. Спачатку гэта было выключна аматарскае мерапрыемства, у якім удзельнічалі пераважна тыя юнакі і дзяўчаты, хто працаваў з Мікалаем Гірыловічам, ведаў яго асабіста. Ініцыятыву падхапілі, і ўжо сёлета ў забегу паўдзельнічала моладзь з больш як дзесяці устаноў адукацыі, культуры, вайсковых фарміраванняў.
Дыстанцыю ад трасы да Дальвы пераадольваюць альбо на лыжах, калі дазваляе надвор’е, альбо, як апошнія гады, бегам. Каля скульптуры Маці праходзіць мітынг.
Мемарыяльна-скульптурны комплекс знаходзіцца на 77-м кіламетры аўтадарогі М3 Мінск – Віцебск на месцы былой вёскі Дальва Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Штогод у дзень трагедыі – 19 чэрвеня – тут праходзіць мітынг-рэквіем, на які збіраюцца прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства. Прыязджаюць удава адзінага ацалелага дальвінца Мікалая Гірыловіча Рыма Ігараўна і дачка Вольга.
Да гэтай традыцыі далучылася Мінскае аддзяленне Беларускага фонду міру і грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Традыцыйна ў мітынгу ўдзельнічаюць ветэраны тэлерадыёкампаніі.
— Ужо не першае дзесяцігоддзе я завітваю сюды, у любімы родны край майго калегі Мікалая Пятровіча, — расказвае старшыня ветэранскай арганізацыі Белтэлерадыёкампаніі Георгій Молчан. — Пашчасціла працаваць і сябраваць з гэтым цудоўным чалавекам. Для яго Дальва была самым святым месцам на зямлі. Памятаю, як мы прыязджалі з ім, калі яшчэ не было мемарыялу, як Мікола кожны раз хваляваўся. Ён тады марыў пакінуць нашчадкам святыя ўспаміны пра родную вёску і сваіх землякоў. Яго мара здзейснілася…
Сёння далучыцца да агітпрабегу, паўдзельнічаць у мітынгу і наведаць мемарыял можа кожны неабыякавы да гісторыі краіны чалавек. З красавіка тут праводзяцца экскурсіі па комплексе і музеі, які ствараўся яшчэ пры дапамозе Мікалая Гірыловіча.
У агітпрабегу прымаюць удзел дзясяткі юнакоў і дзяўчат
За апошнія гады ў комплексе праведзены значныя рамонтныя работы.
— Мы поўнасцю аднавілі Сцяну памяці, дзе размешчаны прозвішчы і імёны дальвінцаў, — расказвае дырэктар ДМК “Хатынь” Дзмітрый Вільтоўскі. — Разабралі яе па цагліне і склалі новую. Поўнасцю аднавілі крыж і аблямоўку пахавання: цяпер яны выкананы з граніту. Зразумела, аўтарскую канцэпцыю мемарыялу пры гэтым не парушылі. Да таго ж умацавалі помнік Маці, устанавілі новыя ліхтары, аднавілі дарожкі. Адным словам, работы зроблена шмат.
Па словах Дзмітрыя Сяргеевіча, у планах пашырыць інфраструктуру комплексу, адкрыць сувенірную лаўку з прадукцыяй з выявамі “Дальвы”, “Хатыні”, іншых знакавых месцаў Беларусі.
— Хацелася б у дапамогу Сяргею Валер’евічу знайсці яшчэ аднаго добрага экскурсавода, — працягвае кіраўнік. — Цяпер, калі колькасць наведвальнікаў значна павялічылася, гэта будзе дарэчы.
Згодны з дырэктарам і сам Сяргей Камісарчык. Па яго словах, у апошнія месяцы не было і дня, каб у “Дальву” не прыязджалі наведвальнікі: іншым разам прыходзіцца праводзіць па некалькі экскурсій на дзень.
— Радуе, што завітвае шмат моладзі, сем’і з дзецьмі, групы школьнікаў і студэнтаў, працоўныя калектывы. І самае каштоўнае — ніхто не пакідае “Дальву” абыякавым.
На адным з апошніх мітынгаў Рыма Гірыловіч сказала:
— Калі я бываю ў Дальве, мяне ахінае светлая туга: цяпер мой Коля заўсёды тут, разам са сваімі роднымі. І разам з тым цёпла на душы ад думкі, што памяць пра дальвінцаў жыве ў сэрцах розных пакаленняў: ветэранаў, людзей сярэдняга ўзросту, моладзі і школьнікаў.
Ірына СТАНКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва мемарыяльнага комплексу