На Глыбоччыне культуру не проста вывучаюць — ёй жывуць. Народны тэатр фальклору “Цярэшка” вось ужо амаль 30 гадоў не дае знікнуць скарбам беларускай традыцыі, ператвараючы абрады і песні ў жывое дзейства. Калектыў стаў духоўным нашчадкам Ігната Буйніцкага — заснавальніка нацыянальнага тэатра, які нарадзіўся менавіта тут, у вёсцы Палевачы. Як удаецца захоўваць дух продкаў у сучасным свеце — расказаў кіраўнік калектыву Дзмітрый Крывёнак.
У 1997-м пры Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці сабралася каманда энтузіястаў, якія паставілі перад сабой мэту: аднавіць і пераасэнсаваць забытыя народныя абрады. Ініцыятарам і першым кіраўніком творчай суполкі стала метадыст па фальклоры Наталія Нікіфаровіч, якая прысвяціла сваёй дзейнасці больш за два дзесяцігоддзі. Дзякуючы яе працы ўжо ў 2000-м калектыву было прысвоена ганаровае званне “Народны”.
— Ідэя стварэння тэатра была натуральнай. Мы не прыдумвалі нічога новага: вярнулі да жыцця тое, што ўжо было, — жывую фальклорную культуру з яе песнямі, танцамі, абрадамі, — расказвае Дзмітрый Крывёнак, цяперашні кіраўнік калектыву і яго ўдзельнік з першых дзён існавання.
Назву тэатр атрымаў невыпадкова. Менавіта “Цярэшка” першым у вобласці аднавіў даўнюю калядную абрадавую гульню “Жаніцьба Цярэшкі”. З гэтай пастаноўкай і адбылася прэм’ера калектыву на абласным тэлефестывалі “Беларусь — мая песня”, дзе іх заўважыў і адзначыў выбітны беларускі фалькларыст Васіль Літвінка
— Усё пачалося са слоў “Запрашаю на вячоркі!” — усміхаецца Дзмітрый. — Васіль быў вядучым аднайменнай тэлепраграмы — і менавіта туды мы атрымалі першае вялікае запрашэнне. Гэта і стала пачаткам нашага творчага ўзлёту.
“Цярэшка” не ўкладаецца ў класічныя рамкі тэатра. Гэта зусім іншы фармат творчасці, дзе галоўнае не сцэна, а жывы кантакт з гледачом, не сцэнарый, а традыцыя.
— Мы не ставім спектаклі, мы “аджываем” абрады. Для нас галоўнае — перадаць жывую народную культуру, якой яна была калісьці: з песнямі, гумарам, гульнямі, — кажа кіраўнік. — Гэта не проста пастаноўкі, але перажытыя эмоцыі і гісторыі.
Рэпеціруе калектыў у сваім рытме: спевы, танцы, абмеркаванне бягучых спраў. Усё — у нязмушанай атмасферы, без фармальнасці. Гэта не толькі сцэнічны калектыў, а і вялікая фальклорная сям’я.
— Мы жывём як згуртаваная каманда: адзначаем дні народзінаў, падтрымліваем адно аднаго, — заўважае Дзмітрый Леанідавіч. — І самае галоўнае — мы ўсе адданыя справе. Гэта адчуваецца ў нотах і кроках, у кожным руху нашай працы.
Сёння “Цярэшка” аб’ядноўвае як работнікаў культуры, так і прадстаўнікоў іншых прафесій. Сярод удзельнікаў — Аксана Гуменнік, Святлана Сталярова, Ірына Альхімовіч, Наталля Шалонька, Ула дзімір Бурэнь, Віктар Сіняўскі, Юрый Сычоў і сямейны дуэт Дзмітрыя і Таццяны Джаўшанашвілі. З нядаўняга часу да творчай суполкі далучылася Кацярына Шырэй — малады талент, які ўжо паспеў стаць важнай часткай агульнага працэсу і прынёс з сабой новыя ідэі і імпэт.
— Для нас узрост не мае значэння. Нашым артыстам ад 33 да 63, але па духу мы ўсе маладыя, — падкрэслівае кіраўнік. — І гэта адчуваецца: у нас асаблівая абстаноўка, дзе кожны ведае сваё месца і працуе з запалам. Нават калі не мае спецыяльнай адукацыі. У калектыве — медык Ірына Смоткіна, хатняя гаспадыня Юля Кучынская, ваеннаслужачы Андрэй Васілёнак і старшыня сельсавета Барыс Заяц. Такая прафесійная разнастайнасць надае выступленням глыбіню, паўнату і жывы каларыт.
Уся дзейнасць “Цярэшкі” непарыўна звязана з беларускай мовай і аўтэнтычнай культурнай спадчынай. У рэпертуары традыцыйныя песні, танцы, абрады, сабраныя падчас экспедыцый у навакольныя вёскі і перанятыя непасрэдна ад носьбітаў. Асаблівая ўвага надаецца сапраўднасці выканання — менавіта гэта стварае моцны эмацыянальны кантакт з аўдыторыяй.
— Мы вяртаем да жыцця песні, якія жылі ў сэрцах нашых бабуль і дзядуль. І калі старэйшыя людзі пазнаюць іх, для нас гэта найвышэйшая адзнака, — падкрэслівае Дзмітрый Крывёнак.
Выступленні тэатра заўжды жывыя і дынамічныя: артысты не проста паказваюць нумар, а ўцягваюць гледачоў у самую гушчу падзеі, пераносячы іх у атмасферу народных вячорак. Натуральнасць і шчырасць ствараюць сапраўдную энергетыку і настрой, які немагчыма падмяніць ні сцэнаграфіяй, ні тэхнікай.
— Для нас важна не паказаць, а пражыць разам з публікай. Мы існуём у непасрэдным кантакце з аўдыторыяй, і менавіта ў гэтым — наша сіла, — дадае кіраўнік.
Гэтая адметнасць адчуваецца і падчас гастроляў. “Цярэшка” актыўна выступае як у Беларусі, так і за яе межамі, прадстаўляючы нашу традыцыйную культуру на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестывалях.
— Неаднаразова ўдзельнічалі ў рэспубліканскім свяце Дня беларускага пісьменства, фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, міжнароднага свята “Вішнёвы фестываль”, ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” — і гэта далёка не ўсе падзеі, дзе мы адлюстроўвалі нашу спадчыну, — адзначае Дзмітрый Леанідавіч.
Летась пачэсны спіс выступленняў калектыву папоўніўся значнымі мерапрыемствамі, такімі як Рэспубліканскі фестываль “Беларусь — мая песня”, гала-канцэрт майстроў мастацтва для ўдзельнікаў ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, міжнародны турнір нацыянальных танцаў “Танчым разам” у межах ХХХІІІ фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, дзе “цярэшкаўцы” атрымалі гран-пры. Пабывалі і на абласным конкурсе народнай творчасці “Галасы Радзімы”, фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2024”. Шмат уражанняў прынесла рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Марафон адзінства” ў Віцебску і Оршы.
— Мы працуем не дзеля дыпломаў, але прызнанне натхняе і матывуе. Асабліва гран-пры ў межах фестывалю “Славянскі базар”. Гэта не проста перамога — гэта трыумф нашага духу, адданасці і адзінства, — заўважае кіраўнік.
“Цярэшка” не спыняецца на дасягнутым. Наперадзе — новыя экспедыцыі, абрады, сцэны.
— Задумаў шмат. Вось цяпер працуем над праграмай, прысвечанай вясельным традыцыям. Хочам адрадзіць цэлы цыкл песень і звычаяў, — дзеліцца планамі Дзмітрый Леанідавіч. — І гэта атрымаецца, бо ў нас ёсць самае важнае — людзі, якія гатовы аддаваць справе сэрца.
Народны тэатр фальклору “Цярэшка” — голас зямлі, спектакль без дэкарацый і роляў, дзе кожнае выступленне — жывая нітка паміж мінулым і сучаснасцю. І менавіта такія калектывы захоўваюць тое, што не знойдзеш у падручніках, — душу народа.
Ганна КАЛІНІНА
Фота з архіва калектыву