А іх насамрэч шмат. На рэспубліканскім свяце можна было пачуць не толькі мілагучную беларускую гаворку з усімі яе дыялектамі, але і рускую, татарскую, нават башкірскую мовы. І гэта не дзіўна, бо на Купалле ў Александрыі традыцыйна збіраюцца сябры з усіх куточкаў нашай краіны і з-за яе меж.
Сэрцам свята стала выстава-кірмаш “Купальскае дрэва жыцця”. У ёй паўдзельнічалі амаль усе раёны Беларусі і 29 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Побач з башкірскімі сябрамі, якія дэманстравалі сваё нацыянальнае рамяство, валенне з воўны, — айчынныя майстры. Тут і ганчарства, і разьба па дрэве, і ткацтва, і вышыўка… І ўсё гэта можна памацаць, паспрабаваць зрабіць, набыць. Майстар-класы па пляценні вянкоў праходзілі амаль на ўсіх падворках. Але на кожным — свая адметнасць у стварэнні галоўнага купальскага атрыбута. Напрыклад, умельцы з Палесся выкарыстоўваюць больш пахучых траў, жыхары цэнтральнага рэгіёна — рамонкі і валошкі, усходняга — каласы як сімвал багацця і дабрабыту. Сплесці вянок і зрабіць сэлфі мог любы ахвотнік: працавалі маляўнічыя фотазоны.
Міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі наведаў выставу-кірмаш “Купальскае дрэва жыцця”, палявы кінатэатр, пляцоўку “Беларусьфільма” ды іншыя. Кіраўнік ведамства адзначыў, што год ад году свята становіцца больш шырокім, прыгожым і самабытным: “Той, хто пабываў тут аднойчы, вяртаецца сюды зноў і зноў”.
На працягу дня працавалі лакацыі #МерчПершага, “Зроблена ў Беларусі”, якія карысталіся папулярнасцю як у нашых землякоў, так і ў замежнікаў. Прываблівала гасцей і выстава ўладальнікаў Дзяржаўнага знака якасці.
Сямейныя каштоўнасці сцвярджаў рэспубліканскі конкурс “Уладар сяла”, дзе спаборнічалі маладыя сем’і з усіх абласцей. Перамагла сям’я Шалаш з Гомельшчыны. Але без падарункаў Александрыю не пакінуў ніводзін фіналіст. У юбілейны год Перамогі лейтматывам свята стала захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну. На асобнай пляцоўцы разгарнулі экспазіцыі музеі і ўстановы адукацыі. Шырока абыгралі тэму гераічнага мінулага савецкага народа члены БРСМ.
Уразілі гледачоў віртуозы ДТСААФ, паказаўшы піруэты на лёгкаматорных лятальных суднах, і парашутысты, якія спусціліся з вышыні са сцягамі Беларусі і Расіі. Братэрскія адносіны з суседняй краінай дэманстраваліся і падчас урачыстага адкрыцця (традыцыйныя купальскія песні гучалі на беларускай і на рускай мовах), і ў праграме “Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі”.
Гала-канцэрт быў пабудаваны на кампазіцыях з савецкіх кінастужак — такіх душэўных і знаёмых многім. Песні выконвалі зоркі беларускай і расійскай эстрады Вікторыя Алешка, Аляксандр Саладуха, Рыгор Лепс ды іншыя. А калі неба над Александрыяй стала ўжо зусім цёмным, рознакаляровымі фарбамі яго ўпрыгожыў феерверк. На беразе Дняпра ўспыхнула вогнішча, спальваючы ўсё нядобрае і даючы людзям цяпло, святло і надзею на шчаслівую будучыню.