Удзел Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Беларусі ў “Славянскім базары ў Віцебску” — адна з добрых традыцый. Вось і сёлета калектыў выйшаў на сцэну ўжо ў час урачыстага адкрыцця фестывалю.
— Наперадзе ў нас яшчэ шэраг выступленняў, — гаворыць галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік аркестра Віталь Кульбакоў. — Найбліжэйшае — гала-канцэрт Саюзнай дзяржавы “Гэта наша Перамога!”, прысвечаны не толькі 80-годдзю Вялікай Перамогі, але і заваёвам у мірным жыцці. Сімвалічна, што наш калектыў будзе іграць з Прэзідэнцкім аркестрам Службы каменданта Маскоўскага Крамля Федэральнай службы аховы Расійскай Федэрацыі — разам ледзь не сотня чалавек на сцэне. З заслужаным артыстам Расіі палкоўнікам Яўгенам Нікіціным будзем дырыжыраваць па чарзе, атрымаецца гэткае творчае сяброўства. Вядома, удзельнічаем і ўласна ў конкурснай праграме. Калі раней маладыя выканаўцы спачатку спявалі славянскі хіт, а на другі дзень — сусветны, дык сёлета ўсё будзе наадварот: песню на адной са славянскіх моў яны прадставяць з нашым аркестрам у час гала-канцэрта закрыцця. Як заўжды, Улад Мазуркевіч зрабіў аранжыроўкі, мы даслалі іх канкурсантам, 8 і 9 ліпеня парэпеціравалі ў Мінску — і рушылі ў Віцебск.
Увогуле гэты сезон быў у аркестра вельмі насычаным. Калектыў атрымаў статус “Нацыянальны” — гэта вялікі гонар і яшчэ большая адказнасць. Асабліва запомніўся ўдзел у “Марафоне адзінства”: у рамках гэтага праекта былі і майстар-класы нашых лепшых музыкантаў, і канцэрты на заводах. Сярод самых запамінальных — выступленне ў шахце Салігорска на глыбіні 340 метраў. Там такая незвычайная акустыка! Складаем ужо і некаторыя праграмы на наступны сезон. На кастрычнік у Палацы Рэспублікі запланавана праграма “Труба Марыконэ” — так клічуць знанага італьянскага трубача Нэла Сальтца, які будзе саліраваць. Дарэчы, пазнаёміліся мы з ім летась на “Славянскім базары”! З удзелам аркестра пройдзе і сольнік Алсу, і шоу трох раяляў Bel Suono. Рыхтуем мы і новыя рок-канцэрты — ідэй шмат.