Крокі да майстэрства

На чацвёртым адкрытым конкурсе факультэта народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ігар Урбановіч здабыў дыплом лаўрэата I ступені. Наогул сёлетняя вясна для нашага героя была вельмі багатай на ўзнагароды. Пра сакрэты поспеху, натхненне і планы — у інтэрв’ю з таленавітым музыкантам.

— Ігар, як вы далучыліся да творчасці? 

— Музыкай зацікавіўся ў шэсць гадоў дзякуючы бацькам, якія дапамаглі паступіць у дзіцячую школу мастацтваў у родным Кіраўску. Хацелася граць на гітары, але ўзрост не дазваляў паўнавартасна займацца: не ставала даўжыні пальцаў. Таму настаўнікі пазнаёмілі мяне з домрай, якая стала асноўным і любімым інструментам. 

— Удалося закрыць гештальт і асвоіць гітару? 

— Так, а яшчэ некаторыя медныя духавыя і фартэпіяна. Цяпер у планах — навучыцца граць на мандаліне. 

— Дзе адкрывалі для сябе новыя гарызонты і адточвалі выканальніцкае майстэрства? 

— У дзіцячай школе мастацтваў № 1 імя Я.К. Цікоцкага ў Бабруйску, якую наведваў два гады пасля кіраўскай. Цяпер вучуся ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. 

— Важным фактарам развіцця з’яўляецца сцэнічная дзейнасць. Калі вы зрабілі першыя крокі ў гэтым напрамку? 

— Дэбют здарыўся падчас першага года навучання ў школе мастацтваў. Быў справаздачны канцэрт, на ім я выконваў кароценькі твор “Сонечны праменьчык”. 

— Больш за дзесяцігоддзе мінула з моманту, як вы ўзялі домру ў рукі. Не ўзнікала сумненняў у абраным шляху? 

— Ніводнага перыяду, калі губляўся творчы запал, не ўспамінаецца. З самага пачатку я вельмі ўпэўнена і арганічна адчуваў сябе на сцэне, імкнуўся ўдасканальваць свае навыкі і адкрываць новыя, невядомыя раней грані цудоўнага музычнага мастацтва. 

— Вясной вы бліскуча праявілі сябе адразу на некалькіх буйных конкурсах… 

— Я стаў лаўрэатам I ступені на адкрытым міжрэгіянальным аглядзе-конкурсе студэнтаў ССНУ, адкрытым конкурсе факультэта народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, I Усерасійскім музычным конкурсе “Дзяснянскія сугуччы” і XXII Міжнародным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах “Кубак Поўначы” імя А.Л. Рэпнікава. Але больш за ўсё ўразіў Усерасійскі конкурс маладых выканаўцаў на домры і мандаліне “Прыма ДОМРА” ў Маскве, дзе я заваяваў дыплом лаўрэата III ступені. Гэта маштабная культурная пляцоўка, якая аб’яднала мноства таленавітых артыстаў і заслужаных дзеячаў Расіі і замежжа. У рамках спаборніцтва прайшло шмат насычаных і цікавых майстар-класаў. А ў фінале мне давялося выступаць на адной сцэне разам з Нацыянальным акадэмічным аркестрам народных інструментаў Расіі імя М.П. Осіпава! 

— Ёсць у вашай скарбонцы дасягненняў стыпендыя спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2024). Што гэтая ўзнагарода значыць для вас? 

— Прыемна і радасна ўсведамляць, што маю творчасць, мэтанакіраванасць і стараннасць заўважылі і ацанілі на дзяржаўным узроўні. Гэта вялікая падтрымка і грунтоўнае пацвярджэнне правільнасці абранага курсу. 

— Што дапамагло дасягнуць высокай планкі? 

— Істотную ролю ў маім станаўленні адыгралі спагадлівыя, моцныя педагогі, якіх пашчасціла сустрэць на кожным этапе навучання. Найбольш прыкметна на маю асобу паўплывалі настаўнікі Ірына Васільеўна ЧыжонакЛебедзева, Валерыя Яўгеньеўна Басалыга, Іраіда Аляксееўна Забелава. 

Безумоўна, вялікае значэнне маюць самадысцыпліна, працавітасць і ўпартасць. 

— А хто з артыстаў вас натхняе? 

— Моцныя, таленавітыя музыканты, якія зрабілі велізарны ўнёсак у сусветнае домравае мастацтва: Кацярына Мікалаеўна Мачалава, салістка і канцэртмайстар Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў Расіі імя М.П. Осіпава, Вячаслаў Паўлавіч Круглоў, дырыжор і кампазітар, народны артыст Расійскай Федэрацыі, Наталля Мікалаеўна Шкрабко, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, Аляксандр Андрэевіч Цыганкоў, народны артыст Расійскай Федэрацыі. 

— Раскажыце, калі ласка, пра ваш рэпертуар. 

— Актыўна працую над яго ўзбагачэннем, вывучаю новыя кампазіцыі і ў перспектыве прадстаўлю іх на конкурсах і канцэртах. Любімыя творы, якія заўсёды з вялікім задавальненнем выконваю, — другая і трэцяя часткі Славянскага канцэрта-фантазіі для домры з аркестрам Аляксандра Цыганкова, “Андалузская серэнада” Пабла дэ Сарасатэ, фінальная частка Канцэрта № 2 для фартэпіяна з аркестрам Каміля Сен-Санса. 

— А спрабуеце сябе ў напісанні музыкі? 

— Здараецца, але цяпер я сканцэнтраваны на развіцці выканальніцкіх здольнасцей, чаму і прысвячаю ўвесь свой час і сілы. У будучыні, магчыма, надам больш увагі гэтай справе. 

— Што яшчэ ў планах? 

— Атрымаць дыплом Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і паступіць ва ўніверсітэт, каб працягваць удасканальвацца на больш высокай ступені. Маю намер і надалей удзельнічаць у разнастайных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, прадстаўляць творчасць на шматлікіх пляцоўках нашай краіны і замежжа, развіваць домравае выканальніцкае мастацтва і ўзбагачаць музычную культуру Беларусі. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва героя