Няспынны рух да новых поспехаў

Апублiкавана: 08 лiпеня 2025 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: РУДАК Антон

Якія музейныя праекты прызнаны найлепшымі ў краіне і чым беларускія музейшчыкі плануюць здзіўляць наведвальнікаў у найбліжэйшай будучыні?

НА ПАРАДКУ ДНЯ 

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні знайшліся на пляцоўках VI Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, што прайшоў у Мінску напрыканцы мая. Падчас мерапрыемства былі падведзены вынікі работы музейных устаноў за апошнія гады, узняты надзённыя пытанні, намечаны перспектывы развіцця музейнай справы. 

Экспазіцыя музея ў Лагойску

У рамках форуму таксама адбыўся рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Вялікая Перамога ў кантэксце музейнай справы”, арганізатарам якога выступіў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі семінара падзяліліся матэрыяламі рэалізаваных выставачных праектаў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, а таксама разгледзелі спецыфіку адукацыйнай і асветніцкай работы па асвятленні гэтай тэмы. 

СЯРОД ГАЛОЎНЫХ ЗАДАЧ 

Як падкрэсліў падчас форуму першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін, сёння адной з галоўных задач у галіне музейнай справы з’яўляецца выпрацоўка сістэмнага падыходу да камплектавання фондаў матэрыяламі, звязанымі з сучасным перыядам гісторыі Беларусі. Дзмітрый Генадзьевіч згадаў, што ўпершыню гэтае пытанне ўзнікла пры стварэнні Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, а цяпер з ім сутыкаюцца і рэгіянальныя музеі. Кожны раён мае свае адметныя рысы, таму пры арганізацыі экспазіцый мясцовых музеяў важна паказаць, колькі было зроблена за 30 гадоў і які ўклад гэтыя рэгіёны ўнеслі ў развіццё краіны. 

Адной з найважнейшых задач, што стаяць перад айчыннай музейнай супольнасцю, з’яўляецца і стварэнне найбуйнейшай у краіне экспазіцыі ў новым Нацыянальным гістарычным музеі, будаўніцтва якога распачалося сёлета. 

Перасоўны музей "Віцебскі трамвай"

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Аляксандр Храмой таксама распавёў, што ў рамках стварэння сучаснай экспазіцыі неабходна дзейнічаць шляхам укаранення найноўшых тэхналогій, у тым ліку і тактыльных экспанатаў. Галоўная філасофія экспазіцыі будзе палягаць у паказе багацця і разнастайнасці гісторыі і культуры беларусаў. 

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА 

Падчас форуму таксама адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве між Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі і Самарскім абласным мастацкім музеем, дзе захоўваецца калекцыя шэдэўраў вядомых прадстаўнікоў рускага выяўленчага мастацтва і выдатная калекцыя рускага авангарду, што можа спрыяць арганізацыі абменных выставачных праектаў. 

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава дадала, што наша ўстанова прадуктыўна развівае супрацоўніцтва не толькі са сталічнымі, але і з буйнымі рэгіянальнымі музеямі Расіі. Плённая праца была станоўча адзначана на зборы Асацыяцыі мастацкіх музеяў Расіі, праведзеным у верасні ў рамках Міжнароднага культурнага форуму ў Санкт-Пецярбургу. Летась на пляцоўцы музея ў рамках Дзён культуры Новасібірскай вобласці ў Беларусі была зладжана выстава Новасібірскага дзяржаўнага мастацкага музея. Таксама прайшла вялікая выстава работ з калекцыі Мардоўскага музея выяўленчых мастацтваў імя С.Д. Эрзі. 

ВЫЗНАЧЭННЕ АДМЕТНЫХ 

У рамках урачыстай цырымоніі закрыцця форуму адбылося ўшанаванне пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства. Узнагароды найлепшым музейшчыкам краіны ўручыў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. У намінацыі “За найлепшую культурна-адукацыйную праграму” дыпломам І ступені адзначаны Лідскі гісторыка-мастацкі музей за культурна-адукацыйную праграму “Рэха продкаў”, дыпломам ІІ ступені — Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік за культурна-адукацыйны праект “Ваеннае дзяцінства”, дыплома ІІІ ступені ўдастоены Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей за культурна-адукацыйную праграму “Гісторыя вялікага подзвігу”. 

У намінацыі “За навацыі ў музейнай дзейнасці” дыпломам І ступені ўганараваны Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей за VR-праект “Лісты ваенных гадоў: голас сведак вайны”, дыпломам ІІ ступені — Віцебскі абласны краязнаўчы музей за перасоўны музей “Віцебскі трамвай”, дыпломам ІІІ ступені — Мінскі абласны краязнаўчы музей за экспазіцыю мастацкіх галаграм “Паэзія музейных каштоўнасцей”. 

Праект "Брэстчына этнаграфічная" 

У намінацыі “За найлепшае музейнае выданне” дыпломам І ступені ўзнагароджаны Шклоўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей за выданне мемуараў “Нязгасная слава камандзіра партызанскай брыгады «Чэкіст» Г.А. Кірпіча”, дыпломам ІІ ступені адзначаны Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей за віртуальнае выданне “Летапіс ваенных гадоў”, дыплом ІІІ ступені атрымаў Музей-сядзіба М.К. Агінскага за выданне “Музей-сядзіба М.К. Агінскага ў прасторы культуры”. 

У намінацыі “За найлепшы экспазіцыйна-выставачны праект” дыпломам І ступені ўшанаваны Лагойскі краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў за экспазіцыйны праект “Музей у музеі — стварэнне раздзела пастаяннай экспазіцыі”, дыпломам ІІ ступені — Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава за экспазіцыйны праект “80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны”, дыплома ІІІ ступені ўдастоены Брэсцкі абласны краязнаўчы музей за экспазіцыйны праект “Брэстчына этнаграфічная”. 

Антон РУДАК 

Фота з сайтаў музеяў