Та­ямні­цы Фла­ры­яна Мі­ла­доў­ска­га

Апублiкавана: 07 лiпеня 2025 Стужка Музыка Мінск Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Выбітны беларускі кампазітар ХІХ стагоддзя, піяніст, педагог, дырыжор Фларыян Міладоўскі займае пачэснае месца ў гісторыі нацыянальнай музычнай культуры. Цікавасць да гэтай асобы расце год ад году, вяртаюцца з нябыту творы. Але і сёння ў біяграфіі славутасці шмат белых плям. За іх запаўненне новымі архіўнымі звесткамі мы і возьмемся.

АЛЕ НАПАЧАТКУ… 

Прывядзём сведчанне эксперта Аляксандра Валіцкага (1826—1893), мінскага выдаўца, літаратара. Характарызуючы ў публікацыі для часопіса “Рух музычны” культурнае жыццё Літвы (усяго ранейшага Вялікага Княства Літоўскага), знавец з сумам канстатаваў жалобны стан. Але пра сваіх сяброў Фларыяна Міладоўскага (1819—1889) і Станіслава Манюшку (1819—1872) Валіцкі расказвае так: “Міладоўскі і Манюшка да апошняга часу былі ў Літве дзвюма пальмамі ў выпаленай пустыні, пад ценем якіх музыка магла знайсці сабе прытулак”. Такую высокую ацэнку Міладоўскі атрымаў не авансам. На той момант кампазітар ужо быў аўтарам вялікай колькасці прац (сярод іх адна з першых беларускіх аперэт “Канкурэнты”), праславіўся як дырыжор і выдатны настаўнік, пісаў для прэсы пра музычнае жыццё радзімы. Разам са Станіславам Манюшкам у 1854-м наш герой стварыў у Вільні Таварыства святой Цэцыліі, мэтай якога была прапаганда рэлігійнай музыкі. 

Фотаздымак Фларыяна Міладоўскага

ВАЖНЫ ДЗЕНЬ 

У літаратуры, прысвечанай Фларыяну Станіславу Міладоўскаму, яшчэ з ХІХ стагоддзя бытуе сцвярджэнне, што ён нарадзіўся ў Мінску 4 мая 1819 года. Спярша так адзначалася ў некралогах кампазітара, пазней — на старонках іншых публікацый. Адным з тых, хто моцна прычыніўся да фіксацыі названай даты, стаў вядомы музыказнавец Вітальд Рудзіцкі. У 1955-м выйшаў яго артыкул пра Станіслава Манюшку, дзе згадвалася біяграфія Міладоўскага. Дакумент быў падрыхтаваны для Аляксандра Валіцкага, які планаваў выдаць рукапіс асобнай кніжкай, і пачынаўся акурат з даты нараджэння Фларыяна Станіслава. 

Але знойдзеная намі метрыка хросту дазваляе сцвярджаць: 4 мая — стары стыль. Таму цяпер святкуем 16-га. Цікава, што назаўтра, 17 (5) мая, у маёнтку Убель, пад Смілавічамі, прыйшоў на свет Станіслаў Манюшка. І на гэтым паралелі ў жыццяпісах сяброў не скончыліся. Яны нават шлюб узялі амаль адначасова. 

ХТО НА ЗДЫМКУ? 

Сёння вядомае адно фота нашага героя. Упершыню яно было апублікавана ў артыкуле Алены Ахвердавай у 1980-м — праўда, без спасылкі на крыніцу. Сёння ж даследчыкі выказваюць сумневы ў тым, што на здымку Міладоўскі. Падобная гісторыя здарылася з выявамі іншага беларускага кампазітара Юзафа (Осіпа) Казлоўскага (1757—1831), настаўніка музыкі ў Міхала Клеафаса Агінскага (1765—1833) і царскіх дзяцей. На малюнках, якімі ілюструюцца матэрыялы пра Казлоўскага, насамрэч, як нам удалося разабрацца, зусім іншая асоба — рускі пісьменнік і дыпламат князь Пётр Барысавіч Казлоўскі (1783—1840), чыя сястра — маці кампазітара Аляксандра Даргамыжскага. 

Фабіян Міладоўскі. Часлаў Манюшка, 1854

А вось выява бацькі Фларыяна, Фабіяна Міладоўскага (настаўніка музыкі, выдатнага выканаўцы), нядаўна знайшлася сярод малюнкаў Часлава Манюшкі, бацькі сусветна вядомага Станіслава. Нават ёсць надпіс: “Пачцівы мэтр музыкі стары Міладоўскі ў Вільні. 21 чэрвеня 1854 г.” (дата па юліянскім календары). Старым, вядома, мог быць толькі бацька нашага героя, равеснік Часлава, бо іх сынам ледзь споўнілася 35 гадоў. Праўда, замежныя даследчыкі, не разабраўшыся, палічылі, што на малюнку сам Фларыян.

ЗБЯДНЕЛЫ РОД 

“Раней мы былі заможныя, але пазней збяднелі”. Так пачынаецца амаль кожная шляхецкая гісторыя. Гэтак пісалі і пра Міладоўскіх. Але што насамрэч? Прыкладам, Мікалай Міцкевіч у Завоссі на 1795 год не меў прыгонных (як і яго продкі, у якіх да 1780-х не было свайго фальварка і якія туляліся па Наваградчыне арандатарамі). Такімі ж беднымі аказаліся і Міладоўскія — з той толькі розніцай, што стагоддзе за стагоддзем бавілі на адным месцы. Ян Міладоўскі, прадзед Фларыяна, які жыў на Клеччыне і валодаў фальваркамі Сакаляцічы і Ванькоўшчына, кіраваў толькі чатырма “падданымі” (мужчына і тры жанчыны). Што Ян мог пакінуць чатыром сынам? Таму, атрымаўшы і падзяліўшы “багатую” спадчыну, яны і разышліся ў розныя мясціны шукаць хлеба службай. Прынамсі двое з іх, дзед кампазітара Дамінік і Марцін, уладкаваліся адміністратарамі ў маёнткі больш заможных гаспадароў. Такім чынам, бацька паэта і кампазітара не збяднеў, а, наадварот, трошкі павысіў дастатак, калі перабраўся ў губернскі Мінск і пачаў зарабляць на жыццё “ўласным мазалём” — выкладаючы музыку.

КАЛЕНА ЗА КАЛЕНАМ 

Дваранская справа Міладоўскіх, што захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, дазваляе прасачыць далейшы “рост” клецкага дрэва роду: Гаўрыіл (сын Астафея Ленкавіча) — Пётр — Юрый — Уладзіслаў — Ілья (жонка Еўфрасіння Яніслаўская; памёр каля 1732 года, пахаваны ва ўніяцкай царкве ў Цапры) — Ян (памёр каля 1803-га, пахаваны ў Клецку) — Дамінік (дзед кампазітара, наваградскі ротмістр (1783), у 1796-м адміністратар маёнтка Свержань, памёр у 1797-м) — Фабіян (бацька Фларыяна). Нічым асаблівым сярод іншай шляхты з Клеччыны продкі нашага героя не вылучаліся. Судзіліся з суседзямі, удзельнічалі ў сейміках ваяводства. Калі прыходзіла пара, уставалі ў шыхты абаронцаў Айчыны. Не забывалі і пра прыватнае жыццё — жаніліся, нараджалі дзяцей. Можа, таму, што зорак з неба не хапалі, і засталіся ў нашай памяці толькі дзякуючы аднаму свайму прадстаўніку. Але якому! Ён бы тыя самыя Міцкевічы, Чачоты, Заны, Рэйтаны, Манюшкі, што назаўсёды ўпісаны залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі.

РУРЫКАВІЧЫ МЫ… 

Ёсць сцвярджэнне, што нельга назваць род Міладоўскіх старажытным, бо ў яго не было нават герба. Праверка паказала, што гэтае меркаванне памылковае. Прычым двойчы. Што да герба, то яго ўдалося адшукаць у архіўных дакументах Міладоўскіх. Ён намаляваны пры радаводным дрэве і мае назву “Мікулінскі”. Гэтым гербом, як пішуць знаўцы, спярша карысталіся князі Мікулінскія, якія звязвалі сваё паходжанне з легендарным Рурыкам. Пасля згасання Мікулінскіх у XVI— XVII стагоддзях герб узялі “на ўзбраенне” 12 іншых фамілій. Праўда, сярод іх даследчыкі не згадваюць Міладоўскіх. Таму высветліць, ці меў гэты род (а таксама ўсе іншыя) права ўжываць герб “ад Рурыка”, — задача прафесійных генеалогаў. Як бы тое ні было, амбіцыі захапляюць.

Мінск. Высокі рынак. Б. Лавэрнь, 1840 (кафедральны касцёл, у якім хрысцілі Фларыяна Міладоўскага)

НЕ СТАРАЖЫТНЫ? 

Аказалася, што ў Міладоўскіх за плячыма 500 гадоў гісторыі! Першая згадка роду, знойдзеная на гэты момант, прыпадае на 1528-ы. Яна знітавана са знакамітым попісам войска Вялікага Княства Літоўскага, які акумуляваў звесткі пра ваяроў з цэнтральнай і заходняй часткі магутнай дзяржавы. Што даў нам гэты дакумент? Прыкладам, тое, што продкі кампазітара былі залічаны да наваградскіх баяр-шляхты “замка гаспадарскага”. 

Цікава, што прозвішча тады пісалася больш “па-беларуску” — Міладовіч. Ленка (заснавальнік роду) і Матфей ставілі ў войска па адным кані. У попісе 1567 года ад Наваградскага павета прадстаўлена наступнае пакаленне — Іван Міладоўскі з Сакаляцічаў (конь, панцыр, прылбіца, сагай і рагаціна) і Астафей (сын Ленкі) Меладовіч з Сакаляцічаў (мерын, панцыр, прылбіца, рагаціна). На тыя часы Міладовічы-Міладоўскія-Меладовічы былі няблага экіпіраваны для сутычкі з ворагам. Таксама цікава, што згадваецца невялічкі маёнтак Сакаляцічы (блізу Клецка), які Астафей прыдбаў у 1550-х і ў якім яго нашчадкі жылі і ў ХІХ стагоддзі (!). Гэта незвычайна, бо маёнткі незаможнай шляхты — а да такой адносіўся род Міладоўскіх, — як эстафетны сцяжок, часта пераходзілі з рук у рукі.

БАЦЬКІ — ДЗЕЦІ 

У публікацыях, прысвечаных кампазітару, сямейная мінуўшчына фактычна абмінаецца. Нават не згадваецца імя маці Фларыяна. Знойдзеныя метрычныя запісы аб хросце і сконе творцы дазваляюць запоўніць гэтую пустку. Звалі маці Сузана Стрыжэўская (нарадзілася каля 1800-га, памерла пасля 1854-га). Паходзіла яна, пэўна, з Міншчыны, з беднага роду Стрыжэўскіх герба “Любіч”.

Касцёл Святой Тройцы. Клецк, ХХ ст.

Што да бацькі, то тут інфармацыі больш. Вядома, што на пачатку ХІХ стагоддзя Фабіян перабраўся ў Мінск, бо, як наймаладзейшы з чатырох сыноў Дамініка, пры падзеле сціплай спадчыны атрымаў найменш. Прыйшлося шукаць у жыцці іншых дарог. Так Фабіян, які выдатна валодаў скрыпкай, гітарай і фартэпіяна, стаў настаўнікам музыкі. Час ад часу ладзіў у сябе вечарыны, папулярныя сярод мінскіх прыхільнікаў. Быў першым настаўнікам музыкі ў сына, Фларыяна. Каб даць атожылку лепшую адукацыю, пераехаў разам з сям’ёй у Вільню. 

 Метрыка хросту Фабіяна Міладоўскага

Дарэчы, пакуль пісаўся артыкул, мы завіталі на Клеччыну, прайшліся сцежкамі Міладоўскіх і знайшлі шмат цікавага. Пра гэта і пра новы турыстычны маршрут распавядзём асобна. 

Газета “Культура” №23 ад 6 чэрвеня 2025 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ