Як зрабіць, каб кожнаму было камфортна на працоўным месцы? Што трэба, каб прафсаюзная “пярвічка” стала моцнай арганізацыяй? Адказы на пытанні ведаюць у Палацы мастацтваў Бабруйска: гэта ўстанова — пераможца агляду-конкурсу “Найлепшы калектыўны дагавор” Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Якім быў шлях да прэстыжнай узнагароды і ў чым пярвічная прафсаюзная арганізацыя здольная дапамагаць сваім работнікам? Пра ўсё па парадку.
Калектыўны дагавор — асноўны інструмент рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах. У гэтым дакуменце не толькі замацоўваюцца, але і набываюць статус закона найважнейшыя сацыяльна-эканамічныя для пэўнай установы ўзаемныя абавязацельствы працадаўцы і работнікаў: узровень заработнай платы, спосабы і памеры яе індэксацыі, гарантыі забеспячэння здаровых і бяспечных умоў працы, пытанні харчавання, дзіцячага аздараўленчага адпачынку і адпачынку работнікаў, дадатковыя льготы, гарантыі і многае іншае.
Што трэба, каб прафсаюз быў моцнай арганізацыяй? Згуртаваная каманда аднадумцаў, надзейнае сацыяльнае партнёрства, прадуманы калектыўны дагавор. Такіх прынцыпаў прытрымліваецца пярвічная прафсаюзная арганізацыя ДУК “Палац мастацтваў г. Бабруйска”. Яна пастаянна развіваецца. І гэта прасочваецца па ўсіх напрамках дзейнасці. Прафактыў бесперапынна ўдасканальвае свае веды ў прававой і камунікатыўнай сферах. Актывісты вывучаюць вопыт калег, укараняючы новыя формы работы. І самае галоўнае — стаяць на абароне правоў і законных інтарэсаў супрацоўнікаў. Тлумачаць парадак прымянення той ці іншай нормы, прадугледжанай калектыўным дагаворам. Уносяць прапановы па ўдасканаленні лакальных дакументаў для паляпшэння ўмоў працы і адпачынку работнікаў. Падтрымліваюць у цяжкіх сітуацыях і вялікую ўвагу надаюць аздараўленню членаў прафсаюза.
Над распрацоўкай сацыяльных нормаў і гарантый калектыўнай дамовы пастаянна шчыруе ўвесь калектыў Палаца мастацтваў, плённа і канструктыўна абмяркоўваючы пытанні паміж наймальнікам і прафсаюзным камітэтам. Як вынік, было вырашана прыняць удзел у аглядзе-конкурсе “Найлепшы калектыўны дагавор” Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, падзяліцца сваім вопытам і працай.
Гэты агляд-конкурс праводзіцца ў мэтах удасканалення сістэмы сацыяльнага партнёрства на ўзроўні працоўных калектываў арганізацый і ўстаноў, павышэння эфектыўнасці калектыўных дагавораў у паляпшэнні ўмоў працы работнікаў, павышэння ўзроўню сацыяльнай адказнасці наймальнікаў і старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый за захаванне нормаў і гарантый працоўнага заканадаўства.
Арганізатарам агляду-конкурсу выступае Беларускі прафесійны саюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Спаборніцтва праводзіцца раз на два гады па трох галінах (Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму Беларусі) у два этапы. Першы з’яўляецца прамежкавым і ладзіцца Цэнтральным камітэтам, абласнымі, Мінскай гарадской арганізацыямі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод сваіх пярвічных арганізацый у кожнай галіне паасобку.
Па выніках першага этапу вызначаюцца найлепшыя калектыўныя дагаворы ў кожнай галіне для ўдзелу ў другім этапе — завяршальным. Вызначэнне пераможцаў агляду-конкурсу праводзіцца рэспубліканскай камісіяй. Калектыўны дагавор ацэньваецца па шэрагу крытэрыяў: працоўны дагавор і забеспячэнне занятасці, працоўны час, час адпачынку, аплата і нармаванне працы, ахова працы, асаблівасці рэгулявання працы асобных катэгорый, сацыяльная абарона моладзі, сацыяльныя гарантыі і льготы, дадатковыя сацыяльныя гарантыі, кампенсацыі і льготы, абарона працоўных правоў работнікаў, забеспячэнне правоў і гарантый дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі, кантроль за выкананнем калектыўнага дагавора.
Па 12 крытэрыях калектыўны дагавор Палаца мастацтваў Бабруйска набраў найвышэйшыя балы — стаў найлепшым у сваёй галіне і быў названы самым глыбокім, змястоўным і функцыянальным дзейным дакументам.
— Заслужыць гэтую высокую ўзнагароду ўдалося шматгадовай сумеснай працай усяго калектыву, — адзначыла Наталля Бойдава, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУК “Палац мастацтваў г. Бабруйска”. — Многія прапановы нараджаюцца менавіта ўнутры калектыву, жыццё само падказвае, што і якім чынам трэба зрабіць, каб кожнаму работніку было камфортна на працоўным месцы.
Наталля ЧОРНАЯ,
Палац мастацтваў г. Бабруйска