На прадстаўленні народнага тэатра лялек “КапялюШ” патрапіць няпроста: ахвотных убачыць батлейку заўсёды шмат. Дзеці зачаравана глядзяць на лялек, дарослыя з цікавасцю — на канструкцыю, разам — натхняюцца спевамі і ад душы смяюцца з герояў інтэрмедый.
— Батлейка даўно стала маім ладам жыцця, — распавядае Андрэй Рэцікаў, кіраўнік тэатра ў філіяле “Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры” Цэнтра культуры Наваполацка.
Андрэй Міхайлавіч — майстар па мастацкай апрацоўцы дрэва. Вывучэнню, узнаўленню і папулярызацыі гэтага старажытнага мастацтва ўмелец прысвяціў тры дзясяткі гадоў!
А пачалося ўсё ў дзяцінстве. На кішэнныя грошы хлопчык купляў пластылін. Кожную вольную хвіліну ляпіў фігуркі, пасля атрымліваў наганяй ад мамы, бо заляпаў стол, падлогу і дыван, адскрабаў рэшткі і зноў ляпіў. Фіналам жа былі батальныя сцэны з удзелам маленькіх герояў. Юнак не пакінуў любімы занятак і паступіўшы на філфак БДУ — арганізоўваў аматарскія пастаноўкі тэатра лялек.
У 1996-м Андрэй Рэцікаў прыйшоў працаваць у Наваполацкі цэнтр нацыянальнай культуры. Сабраў вакол сябе захопленых маладых людзей — стварылі гарадскі тэатр лялек.
— Пачыналі з шыцця пальчаткавых лялек бібабо. Вопыту — нуль, жадання — мора. І ў тым жа годзе, на Каляды, адбылася першая пастаноўка, зусім маленькая, але як яна натхніла нас! — успамінае майстар. — Неўзабаве з’явіліся і першыя элементы батлейкі. Гэта лялькі на шпяньках (металічных прутках) і скрыня — хатка з ярусамі, якая сімвалізуе светаўпарадкаванне: зверху — неба, знізу — зямля. Пастаноўкі адразу былі містэрыяльнага характару, асноўваліся на біблейскіх сюжэтах — як і ў лялечным тэатры, што ўзнік на беларускіх землях на заранку XVI стагоддзя. Пазней наш тэатр дапоўнілі лялькі-марыянеткі. З імі разыгрывалі і містэрыі, і драмы, і народна-бытавыя сцэнкі.
У 2001—2003-м мы супрацоўнічалі з Віцебскай абласной філармоніяй, — працягвае Андрэй Міхайлавіч, — ездзілі з роставымі лялькамі па сельскіх школах, дабіраліся ў самую глыбінку. Цікавасць да спектакляў была велізарная.
У той жа час я стварыў праект “Маналог вандроўнага лялечніка” — зрабіў аднаярусную батлейку і з’явіўся перад гледачамі ў вобразе артыстападарожніка з дзеяй “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” Пятра Васючэнкі. Пазней сустрэліся з аўтарам, які сказаў: “Я шмат бачыў пастановак, але такую — упершыню!” Дарэчы, сваю назву — “КапялюШ” — тэатр атрымаў у 2003-м з лёгкай рукі драматурга. Калі Пятро Васючэнка падпісваў афішу, заўважыў: “Уся справа ў капелюшы! Галоўнае, каб кожны быў на сваім месцы”.
Андрэй Рэцікаў увесь час займаецца даследаваннямі і эксперыментамі. Даведаўся, напрыклад, ад старажылаў, што даўней па вёсках хадзілі акцёры з заплечнымі скрынямі і “паказвалі шпянькі”. Загарэўся — і збудаваў такую ж батлейку. Выступленне з ёй таленавітага новапалачаніна гледачы цёпла прымалі на святкаванні 85-годдзя Віцебскай вобласці ў канцэртнай зале “Віцебск” і на шматлікіх выставах. Дзецішча нашага героя высока ацанілі і калегі.
Лялечнік праводзіць не толькі імпрэзы з “КапелюШом”, але і экскурсіі па сваёй тэатральнай майстэрні, дае ўрокі ў заснаваным ім батлеечным класе, робіць драўляныя цацкі, інсталяцыі для парку і афармляе фотазоны. Марыць стварыць скульптуру, прысвечаную батлейцы. А яшчэ — вярнуць з небыцця старажытную традыцыю валачобнікаў Аршаншчыны, якія на свята Юр’я хадзілі па вёсках са скрыняй (называлася “ягорый”), дзе фігуркі коннікаў круціліся пад спевы. І гэта будзе ўжо новая гісторыя.
З усіх даследаваных лялечных тэатраў асабліва пакарыла нашага героя ўнікальная ценявая батлейка XVIII—XIX стагоддзяў “Віцебскі жлоб” (аналагаў ёй у Еўропе не існавала). Назва пайшла ад слоў “жлоб”, “жлобэк”. Гэта кармушка для хатняй жывёлы — месца, куды, паводле Евангелля, Божая Маці паклала нованароджанага Ісуса.
— Традыцыйная віцебская батлейка мела выгляд трохкупальнай царквы. У цэнтры першага яруса за шклом знаходзіліся “ясэлкі” з нерухомымі драўлянымі лялькамі (сцэна пакланення вешчуноў), сілуэты якіх ад святла свечкі праецыраваліся на заднюю сценку, — тлумачыць Андрэй Міхайлавіч. — Дзве іншыя часткі закрывалі экраны з васкаванай паперы, дзе размяшчаліся круцёлкі кітайскіх ліхтароў (“кружэлкі”). Кожная складалася з прапелера ў выглядзе змацаваных дыска і абруча, па краях якога былі металічныя ці папяровыя фігуркі біблейскіх герояў. Уся канструкцыя знаходзілася на шпілі. Свечка награвала паветра, за кошт чаго абруч з фігуркамі рухаўся.
Пастаноўкі тэатра “Віцебскі жлоб” — спакойныя, без экшэну: кружкі круцяцца, на экранах з’яўляюцца фігуркі, гучаць калядныя песні. Часам у публікі ўзнікае пытанне: “І гэта ўсё?!” Тады майстар кажа: “А ўявіце, што вы перанесліся на два-тры стагоддзі таму. Ні тэлебачання вам, ні інтэрнэту. А тут — яркая карцінка, фігуркі перамяшчаюцца, песні. Для нашых продкаў гэта была магія, няйначай!”
Адзіная арыгінальная батлейка “Віцебскі жлоб” згарэла падчас Вялікай Айчыннай вайны. І калі ў 2016-м Андрэй Рэцікаў заняўся рэканструкцыяй страчанай культурнай спадчыны, чарцяжы аднаўляў па архіўных дакументах, энцыклапедыях, старых фатаграфіях і рэдкіх апісаннях.
— Памятаю, ноч на дварэ, сяджу з “кружэлкай”, палю свечку за свечкай і думаю: калі ж ты пачнеш круціцца? І тут — ссунулася на сантыметр. Якая была радасць! — згадвае майстар. — У галаву тады прыйшло: як гэта ўсё нашы продкі рабілі? Цяпер у цябе і інструменты ёсць, якія хочаш, і матэрыялы. А ў тыя часы? Вось гэта народ, вось гэта ўмелец!
Ужо ў наступным годзе Андрэй Міхайлавіч паспяхова прадстаўляў сваё тварэнне на фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”. А ў 2022-м традыцыйная калядная батлейка “Віцебскі жлоб” атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва героя