Музыка, энергічныя рытмы і натхненне напаўняюць рэпетыцыйную залу Магілёўскага каледжа мастацтваў. Менавіта тут нараджаюцца яркія харэаграфічныя пастаноўкі “Алесі” — заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь з амаль 30-гадовай гісторыяй. Аб традыцыях і новых ідэях ансамбля распавёў яго мастацкі кіраўнік Ігар Шувалаў.
Ансамбль “Алеся” быў заснаваны ў 1995-м дзякуючы ініцыятыве і майстэрству заслужанага артыста Украіны Анатоля Іванова. Адразу творчае аб’яднанне стала не проста сцэнічнай групай, а сапраўднай школай асобаснага росту, дзе выхаванцы вучыліся дысцыпліне, адказнасці і ўзаемадзеянню ў камандзе. Ужо ў 1999-м за значны ўклад у развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць калектыву было прысвоена званне “Народны”.
Ігар Шувалаў калісьці сам пачынаў у “Алесі” як танцор. Прайшоўшы шлях ад выканаўцы да кіраўніка, адмысловец працягвае справу свайго настаўніка.
— Наш курс быў пераемнікам выпускнога — асноўнага складу ансамбля. З гэтага і пачалася мая гісторыя, — успамінае Ігар Мікалаевіч. — Пазней паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, а вярнуўшыся ў каледж, стаў выкладаць. З 2008-га ўзначальваю “Алесю”.
З самага старту ў рэпертуары калектыву пераважалі беларускія народныя і сусветныя танцавальныя традыцыі. Прысутнічалі і элементы эстраднага стылю — гэта дапамагала захоўваць дынамічнасць, эксперыментаваць з формамі і знаходзіць водгук у гледача.
— Калі азірнуцца, можна сказаць: ансамбль каласальна эвалюцыянаваў, — адзначае Ігар Шувалаў. — І ў жанравай скіраванасці, і ў тэхнічнай падрыхтоўцы выканаўцаў. Пастаноўкі цяпер прафесійныя, прадуманыя. Мы заўжды імкнуліся да дасканаласці і працягваем гэты шлях.
Сёння “Алеся” — перш за ўсё сучасны танец, эстрадны стыль, пластычная выразнасць, сінтэз жанраў і вобразаў. Але калектыў не забывае карані: зварот да апрацоўкі фальклору надае рэпертуару глыбіню і шматслойнасць.
— Для нас важна спалучаць сучаснасць і традыцыю, захоўваючы іх натуральнае гарманічнае суіснаванне. Мы не жадаем проста ісці ўслед за моднымі тэндэнцыямі. Наш прыярытэт — шчырасць, глыбіня пачуццяў і сапраўднасць самавыяўлення, да якіх настойліва і асэнсавана рухаемся, — дадае мастацкі кіраўнік.
Удзельнікі ансамбля — студэнты спецыялізацыі “эстрадны танец”. Курсы розныя — ад першага да чацвёртага. Але на сцэне — адзінае дыханне.
— У канцэртах задзейнічаны не ўсе, — распавядае Ігар Шувалаў. — Пры выбары выканаўцаў істотныя і тэхніка, і ўнутраная напоўненасць, артыстызм, чалавечыя якасці. Атмасфера ў калектыве павінна быць творчай. Я заўсёды адчуваю гэта, калі ўдзельнікі падтрымліваюць адзін аднаго, гараць агнём агульнай справы. Гэта неверагодна натхняе.
Ігар Мікалаевіч падкрэслівае: за гады працы ён упэўніўся — ансамбль фарміруе не толькі танцораў, але і асоб.
— Хто хаця б аднойчы пабываў у “Алесі”, дакрануўся да таго, як усё ўнутры ўладкавана, як ідзе падрыхтоўка, ствараюцца нумары, у якіх прэстыжных мерапрыемствах мы ўдзельнічаем, — выходзіць іншым. Напоўненым. Чалавечным. Тонка адчувае свет і ўмее дзяліцца гэтай чуллівасцю са сцэны.
На пытанне, ці мае “Алеся” асаблівую рысу, кіраўнік адказвае без роздумаў:
— Душа! Мы не проста выконваем харэаграфічныя пастаноўкі — кожны рух насычаны сэнсам, эмоцыямі і ўнутраным перажываннем. Гэта не ігра на сцэне, а сапраўднае мастацтва, якое праходзіць праз нас, змяняе і дае магчымасць гледачу адчуць тую ж энергетыку. Важна, каб кожны, нават той, хто далёкі ад танцавальнай культуры, мог прычыніцца да глыбіні і магіі моманту.
Ансамбль рэгулярна ўдзельнічае ў буйных танцавальных форумах, заваёўваючы прызнанне і высокія ўзнагароды.
Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), Нацыянальная прэмія ў галіне сучаснай харэаграфіі “Прыз харэографа Сяргея Смірнова” (Масква), рэспубліканскі конкурс “Дэнс кангрэс” (Мінск), фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” (Масква) — толькі малая частка багатай спадчыны, назапашанай за апошні год.
— Мы выступалі на самых прэстыжных сцэнах краіны — і ў Палацы Рэспублікі, і ў Вялікім тэатры Беларусі. Давялося стаць сведкамі і ўдзельнікамі значных дзяржаўных падзей. Гэта і гонар, і вялікая адказнасць. Але не менш каштоўныя для нас камерныя пляцоўкі, дзе адчуваеш позірк і дыханне гледача, аддаеш яму ўсё, што маеш, — распавядае Ігар Мікалаевіч.
У 2023-м ансамбль быў удастоены ганаровага звання “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” — гэта важкае сведчанне шматгадовай працы і вернасці мастацтву.
— Такое прызнанне не здараецца хутка, — падкрэслівае Ігар Шувалаў. — Мы ішлі да яго 24 гады, пераадольваючы цяжкасці, удасканальваючы майстэрства, захоўваючы традыцыі і шукаючы новыя творчыя рашэнні. Але ж галоўнае — не ўзнагароды, а сам шлях, з якім спраўляемся разам, тая шчырасць, з якой увасабляем кожную пастаноўку, укладваючы ў яе душу, любоў да танца. Вось што робіць нашу працу сапраўднай і напаўняе яе сэнсам.
Планы ў кіраўніка “Алесі” — не спыняцца. Працягваць. Вучыць. Натхняць.
— Мы застаёмся самімі сабой і не хочам змяняцца з-за моды. Марым, каб кожнае пакаленне, праходзячы праз ансамбль, адкрывала для сябе свет прыгожага танца, — падсумоўвае Ігар Мікалаевіч.
Калектыў “Алеся” — больш чым проста танец. Гэта прастора, дзе сустракаюцца майстэрства, адданасць, душа і жывы рух мастацтва, дзе ўсе ўдзельнікі — не толькі выканаўцы, але і творцы.
Ганна КАЛІНІНА
Фота з архіва калектыву