Спыняйцеся, каб адчуваць паветра

Апублiкавана: 05 лiпеня 2025 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Прэм'ера харэаграфічнага спектакля "Крохкасць" адбылася ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры 12 чэрвеня. А крыху раней рэпертуар папоўніўся “Прыпынкам”. Праўда, назву можна было б пісаць іначай — “Прыпынак/Перапынак”. Чаму? 

ПРАЙДЗІЦЕ КАСТЫНГ 

Рускамоўная назва хавае ў сабе гульню слоў. Бо мае некалькі значэнняў, кожнае з якіх перакладаецца на беларускую крыху іначай. Трамвайны прыпынак, на якім сядзіць герой, насамрэч становіцца перапынкам у працы, сямейных адносінах, спробай знайсці сэнс жыцця. 

Пастаноўка з’явілася ў выніку рэжысёрскай лабараторыі. У Саюзе тэатральных дзеячаў Расіі існуе праграма Цэнтра падтрымкі рускага тэатра за мяжой. Сутнасць у тым, што маладыя тамтэйшыя рэжысёры накіроўваюцца ў тэатры замежжа, дзе за некалькі дзён ставяць з мясцовымі артыстамі эскізы спектакляў па творах рускай класікі і сучаснай расійскай драматургіі. І кіраўніцтва тэатра абірае, што з гэтага потым ператворыцца ў паўнавартасны сцэнічны твор. Дарэчы, расійскі бок аказвае і матэрыяльную дапамогу: аплачвае сваім пастаноўшчыкам камандзіроўкі і ганарары. Да такой праграмы падключыліся ўжо многія беларускія тэатры, у тым ліку ў Брэсце, Гомелі, Магілёве. Наспеў час і Маладзёжнага тэатра: пераможцай лабараторыі, што ладзілася летась у ліпені пры зачыненых дзвярах (бо такія паказы эскізаў бываюць і публічнымі, нават па квітках), была аб’яўлена Крысціна Звыкава, якая звярнулася да драматургіі Германа Грэкава. 

П’еса, напісаная ў 2019-м, праз год была прадэманстравана ў выглядзе чыткі ў пазаконкурснай праграме знакамітага фестывалю “Любімаўка” ў Маскве. Пасля гэтага па Расіі пракаціўся суцэльны шэраг чытак, а следам пайшлі ўласна спектаклі: у Омску, Новасібірску, Маскве, Растове-на-Доне. І вось і ў Беларусі. 

Жанр “мак’юментары для тэатра”, што азначае псеўдадакументалістыку, азначаны самім аўтарам — драматургам, акцёрам, рэжысёрам і сцэнарыстам у адной асобе. Мак’юментары шырока выкарыстоўваюць у кіно, спалучаючы дакументальныя кадры, факты і так званыя рэканструкцыі, што разыгрываюцца артыстамі. У п’есе таксама чаргуюцца і быццам бы дакументальныя сведчанні шматлікіх людзей, і рэканструкцыі асобных найбольш знакавых падзей. Персанажаў вельмі многа. Апроч цэнтральных — безліч эпізадычных, што дадаюць сваё бачанне той ці іншай сітуацыі. Ды і жанравая аснова далёка не адназначная: у ёй сплятаюцца драма (у тым ліку вытворчая і сямейная), камедыя, дэтэктыў, меладрама. Фінальныя ж рэплікі герояў, дзе кожны робіць высновы з таго, што адбылося, увогуле нагадваюць вадэвільныя куплеты, толькі без музыкі. Як усё гэта ўвасобіць на сцэне? 

БЕГ ПА КРУЗЕ 

Сцэнаграфія расійскай мастачкі Соні Скараходавай нагадвае гарадскі прыпынак: доўгая лава з пластыкавай сценкай- агароджай. Яшчэ да пачатку дзеі на ёй сядзіць Віктар (Андрэй Гладкі) — як мы потым даведаемся, бізнесмен, муж і бацька, які кінуў усё і прысеў на трамвайным прыпынку, каб нікуды не рухацца — у прамым і пераносным сэнсе. 

Потым зверху над прыпынкам запальваецца табло з назвай спектакля. А на ніжняй панэлі сцэны, дзе ў оперных тэатрах звычайна ладзіцца бягучы радок, успыхвае чырвоным англамоўнае rec — запіс. Пазней на тым верхнім табло будуць узнікаць цітры, як у кіна- і тэледакументалістыцы, каб пазначыць імёны-пасады тых, хто з’яўляецца на авансцэне (так і хочацца сказаць — у кадры). Самі ж выступоўцы рухаюцца па адным маршруце — з кулісы ў кулісу. Прыпыняюцца пасярэдзіне для прамовы і рушаць далей. Заўжды ў адзін бок. Так едзе транспарт, калі яго чакаеш на прыпынку. Строга лінейнае перамяшчэнне, як яго бачым мы, для артыстаў становіцца бегам па крузе. І колькі такіх колаў на сцэне і за сцэнай яны намотваюць за час спектакля, цяжка ўявіць. Але такое спалучэнне бачнай лінейнасці з нябачным кругавым вярчэннем успрымаецца як метафарычнае: героі думаюць, што крочаць па жыцці наперад, атрымліваецца ж — ходзяць па крузе. 

ПРЫСМАКІ РОЛЯЎ 

Колькасць дзейных асоб крыху зменшана, нават за кошт перадачы рэплік іншым персанажам. Затое частка артыстаў, змяніўшы грым і дэталі адзення, прымярае адразу па некалькіх роляў. Да аўтарскага жанравага азначэння рэжысёр дадае ў дужках: “дакументалістыка з прысмакам камедыі”. І шчодра дапаўняе размовы песнямі-танцамі, што становяцца гэткімі ўстаўнымі нумарамі, нават з новымі героямі. Любоў да камедыйнасці — прыкмета часу. 

Але тады гэтага запатрабаванага “прысмаку” магло б быць і болей, чым постаць псіхолага, што цягне на ланцужках божых каровак, бы сабачак на выгуле. 

Камедыйнасць магла б адцяніць сур’ёзнасць фіналу, прапісанага ў п’есе і скарочанага ў спектаклі: там расказваецца пра ўяўную S.T.O.P.-тэхніку, быццам бы рэкамендаваную аховай здароўя. Замест гэтага ўсе заўзята танчаць, і думка пра неабходнасць спыняцца ў жыццёвай мітусні, каб адчуць лёгкі ветрык у твар, патанае ва ўсеагульнай весялосці. Нагода? Дачка Лера замест Новай Зеландыі вырашыла ехаць на ферму — што ж, вельмі па-расійску. Як і тое, што ўсё пачалося з-за канкурэнтаў, якія вырашылі забраць у герояў бізнес і дамагліся свайго. Безумоўна, спектакль будзе аншлагавым. Акцёрскі ансамбль — выдатны, а з часам адладзіцца яшчэ болей. Таму спыняйцеся — і глядзіце на артыстаў Маладзёжнага. Яны таго вартыя. Ва ўсіх ролях, уключаючы пастаноўчую: той жа Анатоль Лагуценкаў, непазнавальны ў “Прыпынку” адразу ў некалькіх абліччах, нядаўна быў уганараваны прызам “Крыштальная кветка” Беларускага СТД за рэжысёрскі дэбют — лірычны дэтэктыў “Ідыёты”. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА