“Му­зы­ка ду­шы. Род­нае”

Апублiкавана: 04 лiпеня 2025 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Імпрэза пад такой назвай разгорнецца 5 ліпеня ў Аляксандраўскім скверы. Серыю канцэртаў выхаднога дня прадоўжаць артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 

Гэта ўжо шостая субота, калі ля фантана запальваюць зоркі айчыннага мастацтва. Наталіцца іх майстэрствам можа кожны ахвотны: канцэрты праходзяць на свежым паветры ў самым цэнтры Мінска. Старт дабрачыннай акцыі адбыўся 31 мая: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча прадставіў праграму “Песня як жыццё”. 

Сам жа дабрадзейны праект распачаўся ў 2023 годзе. Тады на мэце стаяла абслугоўванне грамадзян, якія карыстаюцца сацыяльнай падтрымкай дзяржавы, — ветэранаў, пенсіянераў, шматдзетных сем’яў. Але імпрэзы ўпадабала больш шырокая публіка. З улікам дасягнутага поспеху і запатрабаванасці сярод жыхароў і гасцей сталіцы Міністэрства культуры вырашыла прадоўжыць і пашырыць гэтую сваю ініцыятыву. 

Сёлета на працягу лета ў Аляксандраўскім скверы выступяць восем тэатральна-відовішчных арганізацый, якія маюць статус “нацыянальны”. Сваё майстэрства прадэманструюць прафесійныя, аматарскія калектывы і выканаўцы. Сярод іх — артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Маладзёжнага тэатра эстрады, дзіцячыя аматарскія калектывы. 

Упершыню ў праграме — паказы драматычных тэатраў. Так, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага прадставіць спектакль “Viva Commedia”. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прывязе з Віцебска гастрольную музычна-паэтычную пастаноўку “Музычны вернісаж”. Канцэртныя праграмы падрыхтавалі артысты Вялікага тэатра Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага драматычны тэатра імя Янкі Купалы, Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. 

Закрые канцэртны сезон у Аляксандраўскім скверы ансамбль салістаў “Класік Авангард” Белдзяржфілармоніі: 30 жніўня яны прадставяць праграму “Па старонках папулярнай музыкальнай класікі”.