Інтэрактыўная выстава “За дзень наступны ўсяе зямлі” адкрылася ў сталічным кінатэатры “Перамога” да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
У экспазіцыі — рэпрадукцыі жывапісных палоцен, ажыўленыя з дапамогай сучасных тэхналогій. Інтэрактыўны падыход дазваляе заглыбіцца ў прастору твора, не толькі ўбачыць яго, але і пачуць.
Захаванне гістарычнай памяці, патрыятычнае выхаванне і развіццё патэнцыялу маладых творцаў — такім мэтам служыць праект, ініцыяваны рэдакцыйна-выдавецкай установай “Культура і мастацтва” да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі. Сярод яго арганізатараў — Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.
Упершыню плён тандэма традыцыйнага мастацтва і сучасных тэхналогій убачылі чытачы часопіса “Мастацтва”. Было выдадзена 16 нумароў, перш чым выстава выправілася ў займальнае падарожжа па краіне і за яе межы.
Выніковая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, канцэрт-рэквіем “Кожны трэці” ў Палацы Рэспублікі, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, XVIII Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД у Душанбэ — толькі частка пляцовак, дзе паспеў пабываць патрыятычны праект.
Цяперашні прыпынак — кінатэатр “Перамога”, дзе 1 ліпеня з інтэрактыўнай выставай пазнаёмілася дэлегацыя Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. “Ажыўшыя” карціны выклікалі вялікую цікавасць гасцей, якія прыйшлі на прагляд фільма “У спісах не значыўся”.
Неўзабаве праект “За дзень наступны ўсяе зямлі” завітае на Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 8 ліпеня ў выставачнай зале Музея сучаснага мастацтва.