На ўсе галасы

Апублiкавана: 03 лiпеня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Да Дня Незалежнасці ў Палацы Рэспублікі прайшоў урачысты канцэрт майстроў мастацтваў “Голас роднай зямлі”. І гэтая назва невыпадковая.

На розныя, найлепшыя ў краіне, галасы прагучалі ў святочны вечар прысвячэнні нашай Бацькаўшчыне. Канцэртную праграму адкрыла прэм’ера песні “Голас роднай зямлі” (аўтары — Валерый Шмат і Ганна Сялук). Кампазіцыю выканалі народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь ансамбль “Сябры” і ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”. Іх выступленне закранула глыбокія патрыятычныя пачуцці і задало тон усёй імпрэзе. 

Шчырым і кранальным да слёз атрымаўся нумар “А может, не было войны” з удзелам Руслана Чарнецкага: міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь выканаў песню Марка Мінкова і Ігара Шаферана разам з салістам Вялікага тэатра Кірылам Панфілавым. 

Падчас канцэрта прагучала шмат як знаёмых многім твораў — “Я люблю вас, беларусы” (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха), “Ты ў маім ДНК” (Вольга Рыжыкава і Тэа), — так і навінак. На высокім эмацыйным узроўні Лера Бернатовіч, прадстаўніца Беларусі на ХХХIV Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”, прэзентавала песню “Аднойчы”. Прэм’еру “Верным будзь і Богу, і Айчыне” прадставіў фіналіст тэлепраекта “Зорны шлях — 2024” Стас Бернікаў разам з заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь Акадэмічным хорам і Сімфанічным аркестрам Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі, салістамі і артыстамі балета Вялікага тэатра. Моладзевую кампазіцыю “Мы” з элементамі брэйк-дансу выканалі яе аўтар Стэфан Шмат, салістка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя М. Фінберга Ірына Іршонак, Нацыянальны народны хор імя Г. Цітовіча, танцавальныя праекты “Kevl Pro Ballet” і “Crush Band”. 

Увогуле пералічыць усіх артыстаў, што ў гэты вечар выходзілі на галоўную святочную пляцоўку краіны, немагчыма. У кожным нумары былі задзейнічаны некалькі знаных калектываў, кожны нумар быў падобны на маленькую пастаноўку, але ўсе яны распавядалі пра станаўленне незалежнай дзяржавы, пра тое, як не зламаўся пад гнётам фашысцкай навалы наш гераічны народ, як адбудоўвалася і з кожным годам станавілася ўсё прыгажэйшай наша родная зямля.