ІІІ Рэспубліканскі тэатральны фестываль “Перамога” завяршыўся ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы 29 мая. Падарункам для ўсіх пасля ўрачыстага падвядзення вынікаў і ўзнагароджання найлепшых стала пазаконкурсная прэм’ера гаспадароў — “Брама неўміручасці”
Сёлета на фестывалі шмат чаго было —
З’явіліся майстар-класы, вельмі карысныя для творчай моладзі. Па акцёрскім майстэрстве — з народнымі артысткамі Беларусі Марыяй Захарэвіч, Зінаідай Зубковай і заслужаным Уладзімірам Рагаўцовым. Па сучаснай сцэнаграфіі — з галоўным мастаком Купалаўскага тэатра Барысам Герлаванам і доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, старшынёй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Веранікай Ярмалінскай, якая на форуме ўзначаліла журы. Папоўніць веды пра розную канструкцыю лялек і кіраванне імі можна было разам з маладой актрысай Алінай Яршовай. Яна ўсё расказала і паказала, а яшчэ дазволіла прысутным паспрабаваць сябе ў якасці артыстаў на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Прайшла таксама экскурсія ў тамтэйшы музей. Творчую сустрэчу “Нацыянальны — Пушкінскі — Александрынскі тэатр. Старонкі гісторыі” правёў намеснік мастацкага кіраўніка гэтага калектыву, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Аляксандр Чапураў.
Так-так, упершыню, апроч беларускіх тэатраў, удзельнічалі расійскія госці. І не толькі з аповедам, што багата суправаджаўся відэакантэнтам, але і з пазаконкурсным дакументальным монаспектаклем “Блакадны дзённік Александрынкі” ў выкананні заслужанага артыста Расіі Сямёна Сытніка.
Упершыню пасля кожнай пастаноўкі, заяўленай на конкурсе, ладзіліся абмеркаванні ўбачанага з запрошанымі крытыкамі, членамі журы, студэнтамі ўстаноў адукацыі ў галіне культуры, якія таксама маглі выказаць думкі акцёрам і кіраўніцтву калектываў. Узнікалі нават дыскусіі, ды заўвагі агучваліся вельмі тактоўна, у кожнага з выступоўцаў была свая рацыя. Упершыню прайшоў і фінальны круглы стол, прысвечаны перспектывам развіцця фестывалю і ўсяго тэатральнага мастацтва краіны, — з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры Беларусі ў прэс-цэнтры РВУ “Культура і мастацтва”. Было вырашана праводзіць форум не штогод, а да юбілеяў Перамогі.
Нарэшце, упершыню ўсе тэатры-канкурсанты атрымалі дыпломы, а найлепшыя спектаклі і творцы —
Уручаў іх міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, што было дадатковым падарункам тэатральным дзеячам. Найлепшым спектаклем драмы назвалі “Трыбунал” з Брэста ў пастаноўцы Аляксандра Козака. Найлепшым спектаклем тэатра лялек — “Сымона-музыку” з Гродна, увасобленага Алегам Жугждам. За рэжысуру адзначаны мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў (“Радавыя”). За сцэнаграфію — Аляксандр Камянец (“А зоры тут ціхія” купалаўцаў). За найлепшыя ролі — Вераніка Буслаева (Стэфа ў “Хатыні” РТБД), а таксама Дзяніс Фешчанка (Гірша ў “Сямі трафеях радавога Шапкіна”, Мінскі абласны драмтэатр) і Карына Кулік з тэатра “Батлейка”.
Спецыяльным дыпломам “За найлепшае аўтарскае прачытанне тэмы Вялікай Айчыннай вайны” ўганараваны спектакль мастацкага кіраўніка Маладзёжнага тэатра эстрады Улады Арцюкоўскай “Без тэрміну даўнасці”. Падзяка была выказана калектывам — удзельнікам пазаконкурснай праграмы: народ- наму моладзеваму тэатру “Штурх” Палаца культуры БелАЗа (“Васіль і Ганна” паводле А. Дударава) і Акадэміі мастацтваў (“А досвіткі тут ціхія” на кітайскай мове).
Завяршыла ўрачыстасці…
“Брама неўміручасці” Кандрата Крапівы, упершыню ўвасобленая менавіта ў Купалаўскім у 1974-м, потым перанесеная на тэлеэкран і адноўленая на сцэне ў 1983-м, атрымала новае прачытанне. Фантастычная камедыя, як назваў сваю п’есу аўтар, гэтым разам — трагікамедыя. Такое жанравае азначэнне далі спектаклю мастацкі кіраўнік тэатра Вольга Няфёдава і Аляксей Дзямідчык, якія выступілі рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі.
Мастак Марына Шуста стварыла гэткую пазачасавую прастору з перасоўнымі станкамі-лесвіцамі. Хапала і спасылак на савецкую пару: рабочы з батонам і бутэлькай кефіру пад пахай, калгасніца з гаспадарчай сеткайавоськай у руках.
Пацук, што прайшоў праз навуковы эксперымент па неўміручасці, паўстаў у двух абліччах. Цацка, падвешаная на раменьчыках, мала пераконвала ў жыццяздольнасці грызуна. Затое выявы на афішы, у праграмцы і асабліва на экране, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту, вымушалі хутчэй набыць сабе такую мілую белую-пухнатую істоту. Можа, той пацучок з крамы і ў нас гэтак жа авалодае ўсімі музычнымі інструментамі?
Баюць, што жывёлін, як і дзяцей, перасягнуць немагчыма. Зразумела, як складана было іграць артыстам побач з такім папраўдзе неўміручым “камп’ютарным геніем”. Але ж спектакль пры ўсіх яго гратэскава-эксцэнтрычных рысах у сатырычным выкрыванні заган атрымаўся пра іншае — пра адказнасць навукоўца перад чалавецтвам. І пра сямейныя каштоўнасці, што нельга парушаць ніякімі самымі, здавалася б, добрымі адкрыццямі. Асабліва пераканалі ў гэтым Уладзімір Мішчанчук, што цалкам пераасэнсаваў ролю Караўкіна, і Уладзімір Рагаўцоў з яго спакойна-іранічным тонам (Адамейка).
У параўнанні з п’есай, многае скарочана, нават зніклі некаторыя персанажы. Але навошта пераказваць? Чытайце драматургічную класіку — і глядзіце яе інтэрпрэтацыю. Думкі з’явяцца самі!
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА