Прастора для зносінаў. У тым ліку і з самім сабою

Апублiкавана: 10 чэрвеня 2025 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Выстава “Парушаючы цішыню”, што працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прысвечана асобаснаму, чалавечаму аспекту сувязі ў самых розных яе праявах — паміж людзьмі, з сабою, з радзімай, з продкамі, з рэчаіснасцю, з Богам… Што важна, гэтыя вечныя тэмы раскрываюцца на канкрэтным матэрыяле, узятым з жыцця — або яго адчування — аўтараў.

АГУЛЬНЫ НАЗОЎНІК ДОСВЕДУ

Удзельнікаў выставы абіралі праз open call: свае задумы мог прапанаваць кожны ахвотны. Па словах куратараў, выбар атрымаўся няпростым, бо вартых увагі заявак даслалі шмат. Імёны большасці аўтараў бадай нікому былі дасюль не вядомыя — адпаведна, яны атрымалі добрую магчымасць пра сябе заявіць. Што праўда, трапляюцца пазнавальныя для заўсёднікаў творы такіх мэтраў беларускага фота, як Вадзім Качан або Ігар Саўчанка. Прычым у агульную канву выставы гэтыя работы 30-40-гадовай даўніны ўпісваюцца наўздзіў арганічна. Хаця стварае яе “маладняк”. 

Традыцыйныя віды выяўленчага мастацтва — жывапіс, графіка, скульптура — на выставе ў меншасці. Большасць аўтараў абрала тыя спосабы ўвасаблення задумаў, якія па-ранейшаму лічаць нязвыклымі (ёсць нават дрэва алычы). 

Да розных інсталяцый, аб’ектаў і перформансаў глядач звычайна ставіцца са скепсісам або недаўменнем. Аднак гэтым разам дагрукацца да наведвальніка, выклікаць яго ўнутраны рэзананс удалося ці не кожнаму аўтару. Бо закранутыя на выставе тэмы — знаёмыя. Многім здаралася пачувацца самотнымі ў вялікай кампаніі, або сваёй скурай успрымаць крохкасць адносінаў, або з цяжкасцю шукаць паразумення нават з самымі блізкімі. 

Адпаведна, агульны назоўнік знаходзіўся лёгка. І не толькі таму, што выстава настройвае на дыялог, бо многія яе творы інтэрактыўныя, да іх можна ў той ці іншы спосаб дакранацца. Сувязі паміж аўтарам і гледачом тут выбудоўваюцца і без непасрэднага дотыку. 

Немалаважным чыннікам поспеху стала дакладнасць і выверанасць экспазіцыі. Некаторыя працы ўражваюць не толькі сваёй задумай, але і памерам — можна толькі здагадвацца, якіх высілкаў каштавала іх увасабленне ў досыць камернай прасторы НЦСМ. Затое праект пераканаўча засведчыў: памер (і эфектнае экспанаванне) мае значэнне нават у выпадку з канцэптуальнымі творамі. Як і змешчаныя побач тэкставыя эксплікацыі. Ні аўтары, ні куратары літар не эканомілі, дзякуючы чаму нават досыць малаўцямныя працы становяцца не “рэчамі ў сабе”, але масткамі для камунікацыі з гледачом.

ЛІСТЫ ЖЫВЫМ І ПАМЕРЛЫМ

Будучыня папяровых лістоў у век мэсэнджараў выглядае незайздроснай. Тым не меней на выставе некалькі праектаў прысвечаныя гэтаму анахранічнаму, здавалася б, сродку камунікацыі. 

Чаму ён састарэў? Бо напісаць ліст, пакласці ў канверт і аднесці на пошту куды складаней, ніж набраць паведамленне на тэлефоне. Але ці гэтыя дадатковыя высілкі шкодзяць зносінам? Лізавета Рудамётава перакананая ў адваротным: пісанне ад рукі надае пасланню важкасць, шчырасць, аўтэнтычнасць. “Кожнае чарнільнае «люблю» было маёй пуцяводнай зоркай, кожнае «сумую» — упэўненасцю, што мяне чакаюць”, — прызнаецца аўтарка, якая захоўвае ўсе лісты, атрыманыя цягам жыцця ад блізкіх людзей. На знак удзячнасці мастачка ўвасабляе самыя важныя словы з такіх пасланняў яшчэ больш працаёмістым спосабам — вышыўкай. 

Вераніка Архіпава ў праекце “Дагаварыць” прапануе ахвотным сесці за стол ды сваёй рукой напісаць ліст чалавеку, якога ўжо няма побач. Зразумела, ні пра якія спірытычныя сеансы гаворкі не ідзе. Хутчэй гэта своеасаблівае псіхалагічнае практыкаванне, здатнае актуалізаваць у тваёй памяці зніклую постаць і працягнуць перапыненае смерцю сумоўе: за нешта выбачыцца, нешта патлумачыць... З вераю ў тое, што адрасат па той бок мяжы ліст атрымае. 

Між іншым, ліст самы сапраўдны, запячатаны ў канверт. Хіба толькі без марак, бо хто ведае, па якім тарыфе аплачваць паслугі паштовага аддзялення Харона? 

Вышываныя лісты Лізаветы Рудамётавай

Як распавялі куратары, скрыня (таксама сапраўдная з выгляду) ці не штодня запаўняецца лістамі наведвальнікаў. Зразумела, ніхто старонні іх не чытае: тайна карэспандэнцыі захоўваецца няўхільна. 

Нават дзіўна, чаму на выставе не закранутая такая тэма, як галубіная пошта. Зрэшты, яе нястачу кампенсаваў Аляксандр Некрашэвіч. Звычайна іранічны — як і належыць постмадэрністу — жывапісец гэтым разам замест прэпарацыі класікі прапанаваў пазітыўны і па-добраму сентыментальны дыптых, у якім караблікі і самалёцікі нясуць адрасатам добрыя навіны. 

ШЫПЫ КАХАННЯ 

Выстава, прысвечаная зносінам, не магла абысціся без тэмы кахання — або таго суплёту яркіх, але супярэчлівых пачуццяў, які чалавек часта за яго прымае. Аўтарка пад псеўданімам Cottonyevil параўноўвае гэтую гаму перажыванняў са збудаваным з пяску замкам або ружовым пеклам (яе экспазіцыйная частка поўнасцю вытрыманая ў ружовым колеры, нават сцены). Урэшце дзявочы кед наважваецца той замак дашчэнту спляжыць. 

"Сінестэзія". Alice.in.Fotoland

Яе калега, якая мае псеўданім Alice.in.Fotoland, у серыі “Сінэстэзія” стварае надзвычай выразны вобраз кахання: з’яднаныя рукі, пакрытыя шыпамі, быццам ружы. Ён таксама мае бэкграўнд з асабістага жыцця, пра які можна пачуць на грунтоўных куратарскіх экскурсіях. Аднак і сама па сабе гэтая выява пераканаўчая, самадастатковая — і, думаецца, для многіх зразумелая.

МУР ЗАМЕСТ СТАЛА 

Як і варта было чакаць, на выставе багата сэнсавых парадоксаў. Стол здавён быў сімвалам камунікацыі — згадайма хаця б эпізод Евангелля, які стаў кульмінацыяй яднання Бога і чалавека, а потым зрабіўся адным з найбольш папулярных сюжэтаў еўрапейскага мастацтва. Аднак Ілья Казак у сваёй інсталяцыі “Свята адзіноты” трансфармуе стол у бетонны мур, які не аб’ядноўвае бяседнікаў, але падзяляе іх. Мінімалістычны вобраз увасоблены папраўдзе манументальна, рассякаючы прастору залы з падлогі ці не да столі. Кожны ахвотны можа прысесці на крэсла, каб уперыцца ў шэры мур — ну, альбо ў свой смартфон, як нярэдка бывае ў наш век за сямейным сталом. 

Андрэй Пяткевіч размясціў на сцяне калідора шпакоўні — мілы сімвал вясны, які шкаляры робяць на ўроку працы. Аднак, падышоўшы бліжэй, заўважаеш, што з кожнага птушынага дамка тырчыць сабачы нос. Праца называецца “Зграя” і прысвечаная статкаваму інстынкту, які часта ўзнікае менавіта ў досыць нязмушаных, здавалася б, сітуацыях. Як тлумачыць сам мастак, у кожнай з такіх істотаў толькі і хапае смеласці, каб высунуць нос са сваёй будкі. 

"Зграя". Андрэй Пяткевіч

ЖЫТЛО АНАХАРЭТА 

Некаторыя з прадстаўленых праектаў зразумелыя без тлумачэння — настолькі, што нехта задасца пытаннем: а ці варта такое на мастацкай выставе паказваць? Прыкладам, Анастасія Сегранёва і Дар’я Кулікова змясцілі сваю асабістую перапіску. Сюжэт просты: сяброўкі апынуліся ў розных частках свету і сумуюць праз немагчымасць сустрэцца. 

Аднак “адлегласць і розніца ў часе сталі не перашкодай, а, наадварот, каталізатарам для стварэння новага адмысловага спосабу камунікацыі”, як пазначана ў тлумачэнні праекта. І гэты шчымлівы досвед сінхранізацыі думак і пачуццяў, нягледзячы на геаграфічныя перашкоды, не можа не крануць. Аднак ёсць і творы, здатныя непадрыхтаванага гледача… збянтэжыць. Скажам, працы Ігара Нікалаенкі. Зрэшты, чалавек абазнаны, наадварот, убачыць у іх яўныя адсылкі да вядомых узораў канцэптуальнага мастацтва, і найперш тых мастацкіх практык, што з’явіліся ў Маскве яшчэ ў савецкія часы. Ды, як падаецца, толькі на першы погляд гэтыя работы з’яўляюцца рэбусам, які прынцыпова не мае разгадкі, бо апелюе адно да такіх самых рэбусаў. 

Напрыклад, серыя фота, дзе зафіксаваныя тыя аб’екты, на якія наўрад ці зверне ўвагу хоць які іншы фатограф: яны знаходзяцца недзе на маргінэзе жыцця і сэнсу, іх не назавеш ні прыгожымі, ні хоць нечым адметнымі. Побач у адмысловым планшэтах — подпісы, якія не столькі тлумачаць, колькі ствараюць дысананс паміж словамі ды выявай. 

Але ж менавіта ў гэтым дысанансе і тоіцца адмысловая аўтарская оптыка, якая вучыць бачыць мастацтва там, дзе яго, здавалася б, і быць не можа. Прыгадваючы пры гэтым знаны выраз Латрэамона: прыгажосць — гэта сустрэча парасона і швейнай машынкі на анатамічным стале. 

Урэшце, мастак стварае і падвоенае дно. У вялізным банеры, на якім выяўленыя досыць бессэнсоўныя слоганы, не кожны прыкмеціць невялічкую дзірачку. Прыклаўшы да яе вока і даўшы яму прывыкнуць да цемры, ты ўбачыш катушок з лямпай і раскладушкай — жытло анахарэта, які схаваўся ад навакольнага тлуму. 

ЧОРНАЯ МАТЭРЫЯ ТАНЦА 

І без таго размаітую палітру прадстаўленых на выставе відаў мастацтва нечакана дапоўніў яшчэ адзін элемент — сучасная харэаграфія. Ключавы для яе тэзіс Піны Баўш — куды важней не тое, як ты танчыш, а тое, “пра што”, — абумовіла міждысцыплінарны характар гэтай з’явы: часам танец вонкава на танец зусім не падобны… Так з’явіўся і адмысловы падвід ці то кіно, ці то відэаарта, які грунтуецца на танцавальнай пластыцы. 

Харэограф Дар’я Цітова разам з бацькам вяртаецца на малую радзіму — сяло Сокур у Саратаўскай вобласці, дзе яе некалі гадаваў дзядуля-пчаляр. Беларуская рэжысёрка Марыя Панамарова ў фільме “Скрозь карані” фіксуе гэты досвед яе стасункаў з краем свайго дзяцінства. І адбываецца ён не столькі на метафарычным, колькі на непасрэдным — цялесным або нават тактыльным — узроўні: праз рух або дотык, поступ даверлівай пчалы па скуры гераіні. Досыць просты сюжэт увасабляецца ў выкшталцоную візуальную паэзію, здатную дапамагчы гледачу вярнуцца ў ягоныя “месцы сілы”. 

САМ-НАСАМ 

Выставачны праект завяршаецца кодай, што сыходзіць некуды ў бясконцасць. Аляксандр Трускоўскі, які здавён спецыялізуецца на мастацкім шкле, усё часцей стварае татальныя мультымедыйныя інсталяцыі, здатныя літаральна занурыць у сябе гледача. Яго новы праект “Сам-насам” імкнецца ўздзейнічаць ці не на ўсе органы пачуццяў адначасова. Аўтар удала спалучае мастацкія метафары — шматслойныя шкляныя фігуры, якія ўвасабляюць камунікацыю людзей міжсобку і з Богам, — з непасрэднасцю інтэрактыву. Перасоўваючыся па аскепках, якімі ўсеяная падлога, глядач чуе рытмічны гул — і раптам разумее: яго спарадзілі ўласныя крокі, узмоцненыя акустычнай сістэмай. У гэты саўндтрэк дадаецца таксама і шаргаценне завесы — свайго кшталту “мембраны паміж небам і зямлёю”. 

"Сам-насам". Аляксандр Трускоўскі

Спантанны калейдаскоп колераў і гукаў стварае камунікатыўную прастору, якую кожны здатны напоўніць сваім змесцівам. Гэта нібы тая Зона ў “Сталкеры”, якая жыве паводле сваіх законаў — і, аднак, нейкім чынам падладкоўвае свой рытм пад чалавечы поступ. Хаця прынцып яе функцыянавання тут не настолькі загадкавы, уражлівы глядач выйдзе з гэтага цёмнага пакою хоць трошкі, ды іншым. 

…Уласна, і сама выстава — гэта найперш прастора для асабістых рэфлексій і адчуванняў. Мастакі і куратары ставілі задачу абудзіць унутраную актыўнасць гледачоў, прымусіць іх засяродзіцца, занурыцца ў свае глыбіні, каб зірнуць на знаёмыя рэчы зноў, убачыўшы іх у іншым ракурсе. І гэта атрымалася. Заяўленае куратарамі памкненне стварыць камунікацыйную прастору пра камунікацыю цалкам сябе спраўдзіла. 

Ілья СВІРЫН