Даведаліся, дзе і як у Беларусі праводзяць унікальны абрад, звязаны з нараджэннем дзіцяці. Ад носьбіткі старажытнай традыцыі атрымалі пакрокавую інструкцыю — карыстайцеся! І хоць дакладна ўзнавіць аўтэнтычную дзею наўрад ці атрымаецца, весела будзе абавязкова.
Сямейна-родавы абрад “Радзіны” (альбо “Хрэсьбіны”) — адна са старадаўніх урачыстасцей, звязаных са з’яўленнем дзіцяці на свет. Суправаджаецца рытуальнымі дзеяннямі, якія маюць на мэце надзяліць немаўлятка здароўем і добрай доляй. На Полаччыне абавязковым элементам хрэсьбін быў збор грошай “на мыла” (на падарунак) для нованароджанага, які ўвасобіўся ў арыгінальны звычай “Мыццё барод”.
Абрадавая дзея "Мыццё барод"
Сёння гэты абрад захоўваецца і праводзіцца народным фальклорным ансамблем “Блізнянка” філіяла “Сільніцкі сельскі Дом культуры” Полацкага РЦК. Традыцыя запатрабавана ў маладых бацькоў, выклікае вялікую цікавасць як у самой вёсцы Блізніца, так і далёка за межамі краіны. Артыстам давялося падчас адной з урачыстых цырымоній у полацкім загсе “мыць бараду” і кіраўніку раёна.
Вольга Чобат, якая ўзначальвае калектыў “Блізнянка”, склала ва ўнікальнае дзейства ўсю скрупулёзна сабраную інфармацыю пра абрад і ўласныя дзіцячыя ўспаміны.
Па словах знаўца, у хату шчаслівых бацькоў госці заходзяць з песняй “А ў садзе рабінкі, а ў нас радзінкі”. Кум, кума або завадатар звяртаюцца да прысутных: “У нас нарадзіўся маленькі, хоча мыцца бяленька, а каб яго пакупаць, трэба на мыла сабраць”.
І тут пачынаецца доўгі рытуал, бо “мыць бароды” будуць усім гасцям, нават калі іх сабралася сотня. Але да кожнага — асаблівы падыход, таму ніхто не сумуе.
Дзве-тры кабеты бяруць рэквізіт: бляшаную тарку ці ножык, каб “галіць бароды”, міску з вадой, бурак (натуральныя румяны), драўляныя граблі ў якасці грэбеня, патэльню ці заслонку з печы замест люстэрка, а таксама памазок, зроблены з жытніх каласоў, ды галавешку — бровы намаляваць.
Каб задаць такт дзеі, хтосьці рытмічна стукае таўкачом у вечка ад рондаля. А завадатары зацягваюць: “Вы, мужчынкі- муравінкі, піце нашы журавінкі. Нашы журавінкі салодкі, як у бару ягодкі. А ты, Коля (называецца імя госця), сорам знай дый на мыла рубля дай”. Некаторыя бянтэжацца і прапануюць больш грошай, каб адкупіцца. Але ў асноўным людзі з задавальненнем падстаўляюць твары.
Песень падчас абраду выконваецца шмат. Малому адрасуецца персанальнае прывітанне: “А ў нас сягоння, хвала табе, Божа…” Потым гучыць пажаданне маці: “А радзі сем сыноў і дачушачку, а не будзь жа старанька” — і падзяка бацьку: “Дзякуй, кавалю, што зрабіў нам гульню”. Яшчэ гучаць песні ў гонар дзеда з бабкай, кумоў і павітухі.
Потым павітуха — жанчына, якая прымала роды ці роля якой у лёсе дзіцяці прыраўноўваецца да гэтай “пасады”, — прыносіць кашу, запечаную з яйкам: яно — сімвал пачатку жыцця. Але адразу такі незвычайны амлет ніхто не есць, яго можна будзе пакаштаваць пасля “мыцця барод”. За кашу, дарэчы, павітусе таксама трэба заплаціць. Усе сабраныя грошы перадаюцца бацькам.
У поўны абрад радзін на Полаччыне ўваходзіць і катанне бабы-павітухі. Для таго выкарыстоўваюцца начоўкі ці перавернутая барана, якую засцілаюць кажухамі.
Дарэчы, аб павітухах. Раней гэта былі вельмі паважаныя ў вёсцы жанчыны. Прабабуля Вольгі Станіславаўны, лекарка-знахарка Юзэфа Мажэйка, многім дапамагла не толькі пасля хвароб ачуняць, але і найперш на свет з’явіцца. Праз яе ўмелыя і клапатлівыя рукі прайшлі дзеткі з усёй акругі. Роды даводзілася прымаць і цяжкія. Па дапамогу знакамітай павітухі нават з Масквы прыязджалі.
Па словах Вольгі Чобат, звычай “Мыццё барод” мае сакральны сэнс.
Вольга Чобат
— Даўней лічылі, што барада сімвалізуе род. Падчас абраду змывалі ўсё нячыстае і з чалавека, і з усяго роду, — тлумачыць Вольга Станіславаўна. — Але ў першую чаргу гэта бараніла немаўля ад сурокаў, бо людзі не заўсёды добра глядзяць. Усё рабілася дзеля шчасця.
У дзяцінстве Вольга жадала стаць харэографам, наведвала танцавальны гурток у Сільніцкім сельскім Доме культуры вёскі Блізніца. Падросшы, аб’явіла бацькам: “Буду паступаць у Віцебскае культасветвучылішча!” Мама ж заўважыла: “Гэта не хлеб — нагамі трэсці”. Паслухмяная дзяўчына засмуцілася і ўзяла на Полацкім хлебазаводзе накіраванне ў Віцебскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 16, адкуль выйшла дыпламаваным пекарам-цестамесам, машыністам цестадзялільных машын.
Аднак развітвацца з марай Вольга не хацела: і ў школе, і ў вучылішчы, і на хлебазаводзе актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, танцавала і займала прызавыя месцы на творчых конкурсах. І лёс злітаваўся над настойлівай дзяўчынай: яе запрасілі працаваць спачатку загадчыцай клуба ў вёсцы Мураўшчына, потым — бліжэй да дому — бібліятэкарам у Сільніцкую бібліятэку, а ў 2020 годзе і ў Сільніцкі СДК.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва гераіні