Тра­ды­цыя жы­ве

Асаблівасцю і гонарам культурнай сталіцы Беларусі — 2025 з’яўляецца адзіная ў краіне школа бондарства. Яе афіцыйная назва — Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Восенню ўстанове споўніцца 25 гадоў. 

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ 

Тут беражліва захоўваюць векавыя мясцовыя традыцыі бондарскага рамяства і мастацкага роспісу па дрэве. У прыватнасці, адраджаюць агоўскі роспіс. Калісьці вёска Агова славілася размаляванымі куфрамі. На Палессі іх называюць кухрамі. 

Дырэктар школы Наталля Гацэвіч распавяла, што агулам у трох класах займаецца 99 дзяцей. З іх 10 дзяўчынак, якія складаюць асобны клас мастацкага роспісу. Штогод установа выпускае каля 30 спецыялістаў па бондарстве. Кожны з іх упэўнена валодае любымі ручнымі дрэваапрацоўчымі прыладамі. Таксама дзяцей вучаць абыходзіцца з электраінструментам, напрыклад са свідравальным і з такарным станкамі. 

— Нашы выпускнікі паступаюць у Кобрынскі політэхнічны каледж, — расказвае Наталля Міхайлаўна. — Вучацца па спецыяльнасцях “сталяр-станочнік” і “тэхнік-тэхнолаг дрэваапрацоўчай прамысловасці”. У Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы нядаўна адкрылася спецыяльнасць “тэхнік-механік па абслугоўванні дрэваапрацоўчых станкоў”. Дзеці атрымліваюць адукацыю і там. 

ПРАДАЎЖАЦЬ СПРАВУ 

Але асаблівую гордасць кіраўнік адчувае за тых, хто вярнуўся на малую радзіму і сваёй работай працягвае захоўваць народныя промыслы. Некаторыя былыя выхаванцы настаўнічаюць у школе бондарства — паказваюць новым пакаленням, як абыходзіцца з дрэвам і інструментам. Да прыкладу, Яўген Аргер прывёў маленькага сына ў школу і вучыць яго азам традыцыйнага майстэрства. 

Бондарства ў 2021-м было ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. 

Наталля Гацэвіч адзначае: цяпер бондарства нідзе масава не распаўсюджана. Таму ў Іванаве ганарацца, што горад стаў цэнтрам гэтага беларускага промыслу. Выкладчыкі школы ў вольны час займаюцца рамеснай дзейнасцю, плацячы падатак. Зберагаюць справу продкаў. 

— Мы не паспяваем разбірацца з патокам замоў з усіх куткоў Беларусі. Перасылаем вырабы поштай, перадаём праз маршрутнае таксі. Попыт вялікі і ўстойлівы. У асноўным прадукцыя разыходзіцца па Іванаўскім раёне, Брэсцкай вобласці і Мінску. Але ёсць заказы з Магілёва, Віцебска, Гомельшчыны. 

Працы вучняў Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці пастаянна экспануюцца на святах і фестывалях раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабу. За якасць выкладчыкі ручаюцца. 

НА СВАЕ ВОЧЫ 

Нам пашанцавала ўбачыць вырабы школы бондарства на адным з рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Бочачкі былі змайстраваны па замове Брэсцкага аблвыканкама. Іх мяркуюць выкарыстоўваць як падарункі для высокіх гасцей. 

— Спецыяльны, сувенірны варыянт, — тлумачыць Наталля Гацэвіч. — У Іванаўскім раёне такія называюць “барылка” і ствараюць без уразнога краніка. У іх захоўваюць напоі. Барылкі ўжываюць і для сервіроўкі. Гэтыя ёмістасці ставяць вертыкальна — пітво падаецца праз маленькую адтуліну ў ніжняй частцы. 

Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў 2008 годзе атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” ў намінацыі “Народная творчасць” за значны ўклад у зберажэнне і папулярызацыю старадаўніх народных рамёстваў. 

Цікавасць выклікае і кумган — сапраўднае ўпрыгожанне святочнага стала. Па словах Наталлі Міхайлаўны, выраб вельмі складаны ў вытворчасці. Мае выкшталцонае рыльца. Вытанчаны збан прызначаны для падачы асвяжальных напояў. Хутчэй за ўсё, такі посуд запазычаны з Усходу. Там ёмістасць металічная, а беларускія бондары распрацавалі аналаг з дрэва. Вадкасць заліваецца ў кумган праз рыльца, а па кубках размяркоўваецца праз адтуліны ў полых ручках. 

— Наш посуд сапраўдны, традыцыйны, — запэўнівае Наталля Гацэвіч. — Мы яго не склейваем. Калі зняць абручы, вырабы разваляцца, бо драўніна — жывы матэрыял, які моцна ўсыхае. 

Яўген Аргер з сынам

Чаго толькі не майстравалі з дрэва нашы продкі! І выхаванцы школы бондарства могуць не толькі пералічыць тыя прадметы побыту, але і стварыць. Кухля — кадка для захоўвання мёду, масла і да таго падобнага. Анкерок — пасудзіна для пераносу вадкасці. У такія разлівалі квас або бярозавік з двухсотлітровых бочак, у якіх напоі гатаваліся. Лазневае начынне: запарнік для венікаў, вядро, ражка. Кадка для саленняў, куфель, коўш, маслабойка... 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА