Лета не толькі ў балета

Апублiкавана: 08 чэрвеня 2025 Стужка Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Летнія сюрпрызы ў Вялікім тэатры Беларусі традыцыйна пачынаюцца ў канцы вясны, а менавіта ў дзень нараджэння ўстановы 25 мая, — і працягваюцца да завяршэння сезона ў сярэдзіне ліпеня. 

У 92-і дзень нараджэння тэатр паклікаў ахвотных на адкрытую рэпетыцыю хуткай опернай прэм’еры. Запрошаны рэжысёр народны артыст Расіі Георгій Ісаакян, які калісьці ставіў у нас пучыніеўскую “Багему”, цяпер працуе над “Арлеанскай дзевай” П. Чайкоўскага. Твораў гэтага рускага класіка ў рэпертуары мінскага Вялікага хапае: ідуць усе тры балеты і столькі ж самых знаных опер — “Яўген Анегін”, “Піковая дама”, “Іаланта”. Цяпер да іх далучыцца яшчэ адна, якая ніколі ў нас на сцэне не ўвасаблялася — і ўвогуле ставіцца даволі рэдка. Прэм’ера запланавана 17 і 18 чэрвеня і будзе адной з кульмінацый праекта “Год Чайкоўскага ў Вялікім”. Дарэчы, завершыць сезон у ліпені гала-канцэрт балета “Чайкоўскі pas”

Падчас рэпетыцыі спектакля "Арлеанская дзева"

А каб патрапіць на рэпетыцыю “Арлеанскай дзевы”, патрабавалася скласці эсэ пра сваю любоў да тэатра. Бо хто ж прыходзіць на імяніны без падарункаў? Шчасліўцамі, што пазнаёміліся і з самой операй, і з творчым працэсам, аказаліся аўтары першай паўсотні найлепшых работ. Дарэчы, дырыжорам- пастаноўшчыкам прэм’еры выступае народны артыст Башкартастана Арцём Макараў. Напярэдадні яго прызначылі мастацкім кіраўніком тэатра — акурат у час гастролей разам з салістамі ў Нікарагуа. 

ПРЫМОРСКІЯ НОЧЫ 

Фестываль “Балетнае лета ў Вялікім” разгорнецца з 4 па 8 чэрвеня. Упершыню мы ўбачым спектакль Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра “Тысяча і адна ноч”, які адкрые форум і пройдзе на ім двойчы — з рознымі салістамі. Госці едуць поўным складам — з аркестрам і хорам самой Марыінкі. 

Праз балет можна будзе далучыцца не толькі да арабскіх казак і чараўніцтва, што леглі ў аснову сюжэта, але і да багатай культуры Азербайджана. Спектакль на музыку Фікрэта Амірава, упершыню пастаўлены ў 1979-м, — адзін з брэндаў сучаснага мастацтва гэтай краіны. У аркестры скарыстаны і нацыянальны інструмент — тар, і мноства ўдарных, уласцівых усходняй традыцыі з адметнай рытмікай. Некаторыя нумары ўвогуле танцуюцца толькі пад іх гучанне. Дырыжыраваць будзе Эюб Куліеў, які неаднойчы скараў беларускіх меламанаў прыроджанай музычнасцю і вельмі выразнымі інтэрпрэтацыямі самых розных твораў. А харэографам выступіў Эльдар Аліеў, што для трупы Прыморскай сцэны Марыінкі зрабіў новую рэдакцыю, ніколькі не парушыўшы балетную неакласіку, закладзеную ў пачатковы варыянт. 

Сцэна з балета "Папялушка"

Працягам “Балетнага лета” будуць нашы пастаноўкі. Гэта нядаўнія прэм’еры — “Папялушка” з харэаграфіяй Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко, а таксама вечарына аднаактовак, нафантазіраваных галоўным балетмайстрам Вялікага Ігарам Колбам: “Балеро”, “Танец смерці”, “Кармэн”. Завершыць фестываль неўміручае “Лебядзінае возера”. Адэту і Адылію выканае маладая артыстка Марыя Музалеўская, якая апошнім часам актыўна асвойвае вядучыя сольныя партыі. 

ГУКІ НЯСВІЖА 

Неўзабаве пасля балетнага форуму і опернай прэм’еры тэатр рушыць у Нясвіж: 20—22 чэрвеня тут пройдуць традыцыйныя “Вечары ў замку Радзівілаў”. Ад разнастайнасці праграмы вочы разбягаюцца. Адных толькі канцэртаў — аж дзесяць за тры дні! Выступяць і добра знаёмыя гледачам салісты і калектывы (з новымі выбітнымі праграмамі), і нечаканыя. У замкавай Тэатральнай зале публіцы падораць “Натхненне сэрца”, правядуць яе “Ад класікі да джаза”, прымусяць згадаць “Вальса гук чароўны”, уручаць “Нясвіжскі падарунак”. Для знаўцаў ансамблевай медзі ўзнікне “Гармонія гуку”, аматары ціхай пяшчоты знойдуць яе “На струнах арфы” з Веранікай Грабоўскай. У старадаўнім касцёле будуць панаваць “Шэдэўры барока. Боская гармонія”. Патрыятычныя ноткі моцна ўзрушаць на канцэрце “А нам нужна одна победа”. 

А колькі яшчэ імпрэз чакаецца ў замку і яго двары! Оперы “Моцарт і Сальеры”, “Яўген Анегін”, балеты “Жар-птушка”, “Шэхеразада” — і фінальны гала-канцэрт зорак Вялікага. Пры такой шырокай палітры кожны адшукае штосьці для душы, а тэатр — набудзе новых удзячных прыхільнікаў. 

ЭЙФМАН! 

Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр балета Барыса Эйфмана — доўгачаканы і шаноўны госць у любым пункце свету. Скарочана — тэатр Эйфмана. Бо гэта знакавы ў сучаснай харэаграфіі чалавек, публіка ідзе менавіта на яго, а не на тыя ці іншыя “раскручаныя” найменні. Майстар не цураецца складаных тэм. Наадварот, прагне іх. Робіць крокі ў невядомае, для балета, здавалася б, непрыдатнае. Ці ж можна станцаваць Дастаеўскага? Псіхалагічна насычаныя, сюжэтна разгалінаваныя раманы пісьменніка далёка не заўсёды добра адаптуюцца для драматычнай сцэны, не гаворачы пра оперную. А вось балетнаму мастацтву, як высвятляецца, падуладнае ўсё.

"На струнах арфы" з Веранікай Грабоўскай

Упершыню мы ўбачым “Злачынства і пакаранне” на музыку Г. Малера і Б. Цішчанкі 15 і 16 ліпеня — і зможам параўнаць работу з “Братамі Карамазавымі”, якіх гэты калектыў прывозіў раней. Прычым у дзвюх версіях. Эйфман, не здольны супакоіцца, пастаянна “перапрачытвае” свае пастаноўкі нанова, часам змяняе іх даволі кардынальна. Спектакль пройдзе двойчы — з рознымі салістамі. І пры ўсёй пазнавальнасці харэаграфіі гэта будуць, як заўжды, два розныя балеты: кожны артыст як яркая індывідуальнасць прыўносіць штосьці сваё. 

Тэатр пакажа і “Ганну Карэніну”. Раней гэтую няпростую для ўсіх дзейных асоб гісторыю, нечакана прачытаную Эйфманам без залішняй рамантызацыі, трупа прывозіла на “Славянскі базар у Віцебску” і ў Мінск. Штораз спектакль успрымаўся іначай. А як атрымаецца цяпер? 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва тэатра