У чаканні добрага сямейнага кіно

Апублiкавана: 07 чэрвеня 2025 Кiно Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Карціна “Класная” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” з’явіцца на экранах у верасні. Як ідзе праца над стужкай? Зазірнём на здымачную пляцоўку, даведаемся пра плён і ўражанні стваральнікаў праекта.

Сцэнарый фільма — пераможца конкурсу, што летась праводзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. “Класная дама” — такую назву меў твор магістра педагогікі Андрэя Курса, пакладзены ў аснову новай карціны “Беларусьфільма”. 

Здымкі стартавалі 5 лютага. У цэнтры сюжэта — лёс маладой выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, настаўніцы гісторыі Беларусі і грамадазнаўства. З першымі цяжкасцямі і радасцямі няпростай педагагічнай справы галоўная гераіня сутыкаецца ў невялікай школе ў аграгарадку, куды трапляе па размеркаванні. 

НАСТРОЙ ВЫДАТНЫ 

Белыя кашулі, вясёлыя ўсмешкі і яркія букеты — для каманды “Класнай” 29-я працоўная змена пачалася са здымак урачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў. 

— Гэта прыгожы і вельмі важны момант, адна з самых масавых сцэн, якая аб’яднала каля 150 акцёраў. У працэсе задзейнічаны і аператарскі кран, і нават квадракоптар, — распавёў рэжысёр Кірыл Халецкі, вядомы па карцінах “Кіношнікі” і “Культурны код”. — Тут сабраліся галоўныя персанажы фільма — дырэктар, завуч, настаўнікі і падапечныя нашай гераіні. Настрой у каманды выдатны. 

Асноўныя здымкі, паводле рэжысёра, завяршаюцца ў маі. 

— Некаторыя гатовыя сцэны ўжо ўбачылі і ацанілі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі: больш за 80% ад агульнага хронаметражу ў 90 хвілін паспелі зманціраваць паралельна са здымкамі. Афіцыйны постар фільма таксама зацверджаны, — расказаў Кірыл Халецкі. — Працу над чарнавым варыянтам плануем скончыць да сярэдзіны чэрвеня. А далей карціну чакае чарада ўдасканаленняў, каб у выніку прадставіць гледачу самую дынамічную і яркую версію. 

УНІКАЛЬНЫ КАЛЕКТЫЎ 

Акцёрскі склад фільма шматгранны і цікавы. На адной пляцоўцы Кірылу Халецкаму ўдалося сабраць і заслужаных дзеячаў, і пачаткоўцаў кінагаліны, і нават блогераў. Ролю строгага каменданта інтэрната выканала народная артыстка Беларусі Тамара Міронава, а дырэктара школы ў аграгарадку сыграў член Беларускай гільдыі кінаакцёраў Віктар Рыбчынскі. 

Зняліся ў карціне і артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Гэта, у прыватнасці, вядучы майстар сцэны, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Цвірка, а таксама памочнік рэжысёра Аляксей Анісеня, які не ўпершыню працаваў з Кірылам Халецкім. У “Кіношніках”, што выйшлі ў пракат у 2023-м, акцёр сыграў антаганіста Ігара, а ў “Класнай” выконвае ролю маладога настаўніка інфарматыкі, выпускніка БДУ, якога з галоўнай гераіняй звязвае любоўная лінія. 

— Дзякуючы праекту я пасябраваў з многімі таленавітымі асобамі. Сапраўдным адкрыццём і цудоўным партнёрам стала для мяне Святлана Нікіфарава, якая сыграла школьнага завуча. Яна — прафесіянал з вялікай літары і вельмі эрудыраваны чалавек, — адзначыў Аляксей Анісеня. 

Сярод прыкметных медыйных персон на здымачнай пляцоўцы — Цімафей Кочнеў, вядомы па серыялах “Татавы дочкі” і “Пішчаблок”, фільме “Усё, што цябе датычыцца”, і Кірыл Малышаў — папулярны гумарыстычны блогер з аўдыторыяй больш за два мільёны чалавек. 

— Кірыл Халецкі звязаўся са мной праз сацыяльныя сеткі, прапанаваў папрацаваць, і я ахвотна пагадзіўся, — расказаў Кірыл Малышаў. — У “Класнай” мне дасталася роля школьніка Васі, які любіць танцаваць і ствараць пазітыўныя ролікі. У гэтым мы падобныя. 

ПЕРШАЯ ГАЛОЎНАЯ 

Вобраз маладой настаўніцы на экране ўвасабляе актрыса Тэатрастудыі кінаакцёра Ірына Мароз. Да “Класнай” яна здымалася ў карціне Аляксандра Яфрэмава “Ліст чакання”, што выйшла ў пракат у 2023-м. Аднак галоўная роля ў поўным метры ў яе ўпершыню. 

— Мая гераіня — моцная, валявая і ранімая, — расказала выканаўца. — Дзяўчына ўпэўнена ідзе да сваёй мэты, у чым вельмі блізкая мне. І нягледзячы на розныя складанасці, гэты праект я палюбіла ўсёй душой. З камандай склаліся цёплыя, даверлівыя адносіны. 

Асабліва яркім і насычаным, паводле слоў Ірыны Мароз, атрымаўся здымачны дзень, калі ў кадры з’явіўся міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. Ён сыграў старшыню камісіі па размеркаванні ў ВНУ. 

— Памятаю, як падчас перапынкаў я выходзіла на вуліцу падыхаць, каб адпусціць хваляванне, — прызналася Ірына Мароз. — Працаваць поплеч з чалавекам і акцёрам такога маштабу — вельмі адказна. Рада, што цяпер у мяне ёсць такі досвед. 

Разам з Ірынай Мароз на здымачнай пляцоўцы пабывала яе дачка Лізавета. Чатырохгадовая дзяўчынка сыграла сястру маладой настаўніцы. 

— Сумневы былі. А што, калі яна спалохаецца камеры, засаромецца чужых людзей? Аднак Ліза праявіла сябе найлепшым чынам: ні разу не забыла тэкст, хутка ўжылася ў ролю, — прыгадала актрыса. 

НЕЎЗАБАВЕ НА ЭКРАНАХ 

Убачыць фільм, прэм’ера якога мусіць адбыцца 18 верасня, змогуць жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі. 

— Агульны настрой стужкі атрымаўся вельмі добрым, сямейным, часам наіўным і лёгкім. Гэтае кіно зможа расчуліць многіх людзей, якія берагуць свае асабістыя ўспаміны пра вучобу і школу. Узроставы рэйтынг — “6+”, таму паглядзець яго змогуць нават першакласнікі, — падсумаваў Кірыл Халецкі. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА