Чароўнае сугучча галасоў

На працягу амаль 70 гадоў народная харавая капэла Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў вядзе актыўную мастацка-асветніцкую дзейнасць, услаўляе найлепшыя ўзоры сусветнай музыкі, нязменна радуе спеўным хараством гасцей маштабных фестываляў ды святочных канцэртаў. Пра творчыя дасягненні і планы заслужанага аматарскага калектыву распавядае яго кіраўнік Людміла Куцэлай.

ПА ПРЫСТУПКАХ 

Капэла была заснавана ў 1956-м і прывабіла мноства таленавітых, апантаных людзей. На працягу 25 гадоў яна расла пад кіраўніцтвам вядомага айчыннага хормайстра — выпускніка Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Ільі Кліёнскага. Затым доўгі час працавала на чале з дацэнтам кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ларысай Шымановіч. 

Першае важнае дасягненне артыстаў — ганаровае званне “Народная”, прысвоенае ў 1961-м. Творчы ўзлёт чакаў іх у 2003-м, калі старанні руплівых выканаўцаў ды моцнага лідара, дацэнта кафедры харавога дырыжыравання БДАМ Валерыя Аўраменкі, былі адзначаны высокім званнем “Заслужаны аматарскі калектыў”. 

З 2021-га капэлу ўзначальвае Людміла Куцэлай, выкладчык кафедры музычна-педагагічнай адукацыі факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, член праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў і Беларускай асацыяцыі харавых дырыжораў. 

— З’яўленне новага кіраўніка заўсёды спалучаецца з мноствам змен: кожны хормайстар надае калектыву асаблівае гучанне, напаўняе яго ўнікальнымі сэнсамі, — дзеліцца думкамі Людміла Яраславаўна. — Хтосьці мае больш прагрэсіўны погляд на выканальніцтва, а хтосьці імкнецца да класічнага прачытання. Свежыя павевы нярэдка прыводзяць да трансфармацыі складу ўдзельнікаў — гэта падзея, праз якую праходзяць многія творчыя аб’яднанні, і ставіцца да яе трэба як да чарговай прыступкі развіцця калектыву. 

ТРЫВАЛЫ САЮЗ 

Сёння капэла звязвае амаль 40 выканаўцаў ва ўзросце ад 18 да 84 гадоў, прычым істотная частка артыстаў спявае ў калектыве больш за два дзесяцігоддзі. 

— Існуе шмат акадэмічных азначэнняў паняцця “хор”. Выбітны рускі кампазітар Павел Часнакоў разглядаў яго як збор асоб, што спяваюць, у гучнасці якога ёсць строга ўраўнаважаны ансамбль, дакладна вывераны строй і мастацкія, выразна выпрацаваныя нюансы. Гэта адно з самых трапных тлумачэнняў: хор сапраўды немагчымы без супрацоўніцтва. Кожны робіць свой асаблівы ўклад у агульнае гучанне. Данесці такую думку да падначаленых — першарадная для мяне задача, — адзначае Людміла Куцэлай. 

Рэпертуар калектыву, назапашаны амаль за 70 гадоў, велізарны і ўключае творы рознай жанравай скіраванасці. Сярод іх — беларуская, руская і заходнееўрапейская класіка такіх кампазітараў, як Джавані П’ерлуіджы да Палестрына, Іаган Себасцьян Бах, вядомыя айчынныя аўтары Дзмітрый Даўгалёў, Уладзімір Карызна ды іншыя. Яшчэ гэта сучасная харавая і духоўная музыка, арыгінальныя народныя песні і апрацоўкі. І з кожным годам скарб узбагачаецца. 

— З вялікім натхненнем да капэлы далучаецца таленавітая моладзь — навучэнцы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ды іншых устаноў адукацыі. Мы даём пачаткоўцам добры старт для кар’еры і дапамагаем удасканальваць навыкі, — распавядае кіраўнік. — Нярэдка пасля шматгадовага наведвання дзіцячага хору да нас прыходзяць спевакі, якія ўжо даўно атрымалі прафесію, прычым не заўсёды музычную: калі толькі аднойчы чалавек адчуе задавальненне ад сумеснай канцэртнай дзейнасці, адмовіцца ад яе будзе цяжка. Імкненне да харавой творчасці можа раптоўна адрадзіцца ў душы і праз 5, 10, 15 гадоў. 

НОВЫЯ ВЫШЫНІ 

З моманту заснавання калектыў здабыў багата прэстыжных узнагарод. У скарбонцы капэлы — спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці, дыплом Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі дабравест” у Гродне. Сярод дасягненняў — і паспяховы ўдзел у агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча”. 

— На працягу апошняга года старанна рыхтаваліся да пацвярджэння звання “Заслужаны аматарскі калектыў”. Дамагліся гэтай мэты ў снежні 2024-га, пасля чаго з галавой акунуліся ў канцэртную і конкурсную дзейнасць, — расказвае Людміла Яраславаўна. — Сярод нядаўніх перамог — гран-пры Міжнароднага шматжанравага фестывалю мастацтваў “Без меж” у Валгаградзе, дыплом лаўрэата I ступені Міжнароднага вакальна-харавога фестывалю-конкурсу “Песні, абпаленыя вайной” у Мінску. Гэтыя перамогі вельмі натхнілі ўдзельнікаў калектыву. У планах — мноства выступленняў, у тым ліку за межамі сталіцы. Гастралюем з вялікім задавальненнем. Так, перад Днём абаронцаў Айчыны далучыліся да патрыятычнага мерапрыемства ў Нясвіжскім замку — атрымалі масу цёплых эмоцый і неацэнны, цікавы досвед. А налета з нагоды юбілею зладзім некалькі захапляльных канцэртаў у Мінску, іншых гарадах нашай краіны. 

І надалей, без усякіх сумневаў, — кажа Людміла Куцэлай, — працягнем годна несці ганаровае званне заслужанага калектыву, папулярызаваць нацыянальную культуру, берагчы непарушныя выканальніцкія ідэалы, выхоўваць слухача не толькі эстэтычна, але і маральна. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва калектыву