Не застацца ў дурнях

Апублiкавана: 30 мая 2025 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Рэпертуар Тэатра-студыі кінаакцёра папоўніўся новым спектаклем — “Дурань вашага мужа” паводле п’есы Франсіса Вебера. Сваё нечаканае прачытанне знакамітай французскай камедыі прадставіў мастацкі кіраўнік калектыву — народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. 

ЖАРТ І РОЗДУМ: ХТО КАГО? 

З творчасцю Франсіса Вебера знаёмыя, без перабольшвання, практычна ўсе. Нават тыя, хто чуе імя ўпершыню. Менавіта ён быў сцэнарыстам, а то адначасова і рэжысёрам самых, бадай, знакамітых французскіх кінастужак. Гэта пераважна карціны з П’ерам Рышарам — так бы мовіць, на ўсе часы для ўсіх узростаў: “Высокі бландзін у чорным чаравіку”, далейшае “Вяртанне высокага бландзіна”, “Цацка”, “Бацькі”, “Уцекачы” і, нарэшце, “Вячэра з прыдуркам”. 

Апошняя назва перакладалася па-рознаму, але тая бліскучая п’еса ставілася па ўсім свеце. Ішла яна і ў Беларусі, выклікаючы не проста смех — сапраўдны рогат, што не сціхаў цягам усяго дзейства. 

Цяперашні спектакль мае такое ж жанравае азначэнне — камедыя. Але дапытлівы глядач, спяшаючыся на пастаноўку, зверне ўвагу на слова “паводле”. 

Справа не ў тым, што ў тэксце ёсць скарачэнні. Гэта цалкам звыклая з’ява — тое ці іншае рэжысёрскае ўмяшанне: купюры ці, наадварот, дапісванні, а то і перапісванні, сярод якіх здараюцца не толькі частковыя, але і суцэльныя, скразныя. У дадзеным выпадку “паводле” азначае прынцыповую змену агульнага настрою, усёй “танальнасці” аповеду. Прычым такі рэзкі паварот на 180 градусаў закладзены, як ні дзіўна, ва ўсёй творчасці Вебера і стаў сутнасцю яго эстэтыкі: мы адразу смяёмся да ўпаду, а потым задумваемся над важнай і сур’ёзнай праблематыкай. 

У Яфрэмава ўсё гэтак жа, толькі з дакладнасцю да наадварот. Даволі хутка ўцяміўшы, што смяяцца нас ніхто не запрашае, мы пачынаем разважаць, пераацэньваць устойлівыя, здавалася б, рэчы. А ў фінале, калі ўвесь пазл быццам склаўся і мы знайшлі нарэшце ключ да разгадкі правіл гульні паказанай “некамедыі”, высвятляецца: гэта зусім не так, мы памыляліся. Менавіта тады, акурат у час пастаўленых паклонаў, здараецца абяцаная ў афішы і праграмцы... камедыя. Той жарт, праз які ўсе пакідаюць залу з гуллівай усмешкай. На сцэну раптам выходзіць адсутны ў п’есе лавелас Мено, якога мы чулі толькі па тэлефоне (Святаслаў Астрамовіч) і пачынае адкрыта фліртаваць з глядачкамі. Абсалютна нечакана — і сапраўды вельмі смешна, хаця і бянтэжыць. 

РЭАЛІСТЫЧНАЕ“ ЎСУР’ЁЗ” 

Астатняе дзеянне вырашана ў спектаклі цалкам усур’ёз. Пра гэта сведчыць і музыка. Леанід Шырын напісаў некалькі вельмі добрых рознахарактарных тэм. Але тая, што пасуе камедыі, літаральна адразу сціхае, не даўшы як след нацешыцца. Лірычныя ж, сумныя гучанні аказваюцца больш трывалымі. Жартоўна выкарыстаныя інтанацыі Пахавальнага марша Шапэна, што ўзнікаюць у крытычныя для мільянера моманты, дадзены ледзь заўважным пункцірам, хаця па ўласна музычных законах маглі б мець камічнае развіццё. 

У акцёрскай ігры нават няма ніякіх элементаў эксцэнтрыкі, клаўнады, шаржу, атмасферы прыгод, вясёлай гульні, дзіцячых забаў, што бываюць насамрэч жорсткімі. Артысты прытрымліваюцца выключна рэалістычнай і нават гіперрэалістычнай манеры — як на здымках сучаснай напаўдакументальнай драмы. Прычым спектакль, хочам мы таго ці не, закранае гендарную тэму, бо жаночыя персанажы адсунуты ў ім на другі план і не могуць канкурыраваць з яркімі мужчынскімі. 

П’ера раптоўна скруціў радыкуліт. І бліскучы камедыйны акцёр Антон Жукаў увасабляе гэта настолькі праўдзіва, што хочацца кінуцца герою на дапамогу. Тыя ж, хто не ведае, не памятае п’есу ці кінастужку, могуць увогуле паду- маць, што хвароба здарылася на самай справе з артыстам. А наколькі драматычна і нават трагічна ён адлюстроўвае пакуты рэўнасці! Тут за імі стаіць не эгацэнтрызм, а шчырае хваляванне за лёс і пачуцці жонкі. 

Франсуа Анатоля Голуба — той дзівак, якога і запрашае П’ер на традыцыйную “вячэру з дурнем”, каб паздзекавацца з яго разам з сябрамі, — таксама выклікае вялікае спачуванне. Прычым адразу. Ну не бачыць наіўны прастак ні падману, ні пасткі, куды трапляе, прымае ўсё за чыстую манету. Як можна з гэтага смяяцца?! 

Сур’ёзнасць намераў дапамагчы сябру П’еру дэманструе Леблан (Глеб Раманоўскі). Добра пададзены змены настрою падатковага інспектара Шэваля (Ягор Лёгкін). 

На першы план у спектаклі выходзяць развагі, хто ж на самай справе апынаецца ў ролі дурня. У тых роздумах вельмі дапамагае сцэнаграфія. Мастак Лідзія Малашэнка стварае атмасферу багатага дома. Пра заможнасць гаспадароў сведчаць не толькі скураныя канапы, старадаўні гадзіннік і іншыя прадметы інтэр’ера, але і найперш шматлікія партрэты і пейзажы знаных мастакоў: Мадыльяні, Пікаса, абодвух Манэ. Цэнтральная ж карціна — у некалькі разоў павялічаны “Карабель дурняў” Босха — выступае філасофскім стрыжнем спектакля. І адначасова — сімвалам тых заган, што і робяць з чалавека сапраўднага дурня, які марнуе жыццё на сумнеўныя забавы замест любові, спагады, дабрыні. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА