Вобразы вайны і міру

“Гэты год прысвечаны сакральнай даце юбілею Вялікай Перамогі, і многія нашы мерапрыемствы натхнёныя гэтым вялікім святам”, — адзначыла генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Ганна Конанава, распачынаючы чарговы нешараговы выставачны праект. Які? І што сёння экспануецца ў галоўнай скарбніцы краіны?

ПРАЗ ГАДЫ

Маштабная выстава “Мастак на вайне. Мастак пра вайну. Мастак пасля вайны” — адна з найбуйнейшых, прымеркаваных да 80-годдзя Вялікай Перамогі — разгорнута ў музеі з 1 мая да 14 ліпеня. У экспазіцыі — жывапіс, графіка, скульптура, плакат і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларускіх творцаў ХХ—ХХІ стагоддзяў.

Тут можна пабачыць работы мастакоў, якія прайшлі франтавымі дарогамі. Гэта Натан Воранаў, Аляксей Глебаў, Віктар Грамыка, Павел Дурчын, Яўген Зайцаў, Мікалай Залозны, Абрам Кроль, Эдуард Куфко, Альгерд Малішэўскі, Соф’я Лі, Міхаіл Савіцкі, Сяргей Селіханаў, Леанід Шчамялёў. Пакаленне дзяцей вайны прадстаўлена Людвігам Асецкім, Гаўрыілам Вашчанкам, Львом Гумілеўскім, Маем Данцыгам, Леанідам Дударэнкам, Валянцінай Міхеевай, Людмілай Мягковай, Георгіем Паплаўскім і іншымі. Побач — працы аўтараў, якія ведалі пра вайну толькі з апавяданняў, але прысвяцілі гэтай тэме частку сваёй творчасці.

Куратарамі выставы выступілі загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХI стагоддзяў Святлана Кот і старшы навуковы супрацоўнік аддзела Анастасія Карнейка. Адкрывае экспазіцыю зала, у якой сабраныя работы на тэму абароны Брэсцкай крэпасці, што выклікала нязменную цікаўнасць у мастакоў розных пакаленняў. Наступныя раздзелы прысвечаны подзвігу франтавікоў і партызан. Для праекта, між іншага, былі адабраныя рэдкія, невялікія па памерах замалёўкі 1941—1945 гадоў, партрэты аднапалчан мастакоў, сюжэты сціплага ваеннага побыту і рэдкага адпачынку, выявы разбураных і абязлюдзелых паселішчаў.

У адмысловы блок на выставе вылучаны партрэты і аўтапартрэты мастакоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Значную частку экспазіцыі складаюць работы, створаныя ў мірны час як аўтарамі — сведкамі вайны, так і пасляваенным пакаленнем, буйнафарматныя і шматфігурныя кампазіцыі, у якіх урачыста і драматычна прадстаўленыя вобразы герояў і цяжкія будні працоўных тылу. Экспазіцыйная прастора дапоўнена фотапартрэтамі мастакоў з музейнага архіва, а таксама фота- і кінахронікай ваеннага часу з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

ПАМЯЦЬ АБ ПАПЯРЭДНІКАХ

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Ганна Конанава падчас адкрыцця выставы адзначыла, што гэты год прысвечаны сакральнай даце юбілею Вялікай Перамогі, і многія мерапрыемствы, што ладзяцца сёлета ўстановай, натхнёныя гэтым вялікім святам. Усе выставачныя і асветніцкія праекты музея перадусім накіраваныя на тое, каб майстэрства мастакоў мінулага і сучаснасці трансліравала вечныя сэнсы ў даступнай для сучаснага чалавека форме. Творы мастакоў, якія прайшлі фронт, сведчаць аб вялікім духу беларускага народа, складаюць генетычны і культурны код нашай нацыі. Як заўважае Ганна Конанава, на жаль, у сённяшнім свеце мы часта сутыкаемся з адменай культуры і падменай памяці, і ў гэтым тоіцца вялікая небяспека яе страты. Калі своечасова не адсачыць, ці абароненыя пазіцыі гістарычнай памяці ў асяроддзі моладзі, то ў хуткім часе давядзецца змагацца з ваяўнічым невуцтвам.

Мастацтвазнавец Барыс Крэпак, прадстаўнік пакалення дзяцей вайны, распавёў аб сваім сяброўстве з многімі класікамі, чые творы прадстаўлены на выставе, і нагадаў, што свята Вялікай Перамогі — сапраўды са слязьмі на вачах: ён, на жаль, не памятае свайго бацькі, які яшчэ да нараджэння сына трапіў у Чырвоную Армію і загінуў у 1941 годзе ў ваколіцах Бендэр.

ЛЕТАПІСЕЦ МІРНАГА ЖЫЦЦЯ

Акрамя таго, па 15 чэрвеня ў музеі ідзе выстава “Адольф Гугель. Аповесць, напісаная фарбамі”, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння мастака, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай. Адольф Гугель (1915—1999) атрымаў прафесійную адукацыю ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, але, яшчэ не паспеўшы на ўсю моц праявіць свой творчы патэнцыял, з пачаткам вайны добраахвотнікам уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі, аднак неўзабаве быў камісаваны праз перанесеную цяжкую хваробу і адпраўлены ў эвакуацыю ў горад Кемерава. Пасля заканчэння вайны мастак вярнуўся ў Мінск, дзе яго талент раскрыўся напоўніцу, а творчы почырк паступова змяняўся ад рэалізму ў бок вобразнасці і ўмоўнасці.

Сярод твораў, прадстаўленых на выставе, можна пабачыць велічныя беларускія краявіды, класічныя партрэты вядомых грамадскіх і культурных дзеячаў, вобразы звычайных жыхароў Беларусі. Карціны майстра напоўненыя адметнымі побытавымі дэталямі і яскрава адлюстроўваюць атмасферу савецкай Беларусі ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. Экспазіцыя ўдала дапоўненая прадметамі народнага побыту і творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія перагукаюцца з рэчамі, выяўленымі на палотнах мастака. На выставе можна пабачыць творы як з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, так і з Музея Беларускага Палесся ды фондаў Беларускага саюза мастакоў, а таксама дакументы і фотаздымкі з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і з сямейнага архіва мастака.

Антон РУДАК

Фота аўтара