Быць не назіральнікамі, а стваральнікамі

Апублiкавана: 31 мая 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Падрыхтоўка кадраў, замацаванне маладых спецыялістаў, ідэалагічная і выхаваўчая работа — пытанні рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі абмяркоўваліся падчас выязной калегіі Міністэрства культуры.

Падчас калегіі

Мерапрыемства праходзіла ў Баранавічах 23 мая. Перадусім члены калегіі на чале з міністрам культуры, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Русланам Чарнецкім усклалі кветкі да манумента “Вызваленне”. Затым дэлегацыя накіравалася ў Баранавіцкі музычны каледж, дзе яго дырэктар Святлана Юрлевіч правяла экскурсію. Гасцей сустрэў моладзевы хор “Элегія”, які выканаў песню “Памяць” (музыка і словы Аляксандра Сухарава). 

Распачынаючы пасяджэнне, Руслан Іосіфавіч заявіў: маладыя грамадзяне павінны не проста быць назіральнікамі пабудовы моцнай незалежнай дзяржавы, а ўцягвацца ў працэс. 

З асноўным дакладам выступіла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч. Яна адзначыла, што ў галіне працуе больш за 8000 (а гэта 12 % ад агульнай колькасці) асоб да 31 года. Марына Браніславаўна распавяла пра падтрымку маладых спецыялістаў і талентаў, вылучыла пытанні, вартыя ўвагі. 

 Манумент "Вызваленне"

Аб рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў рэгіёне расказаў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Панасюк. Ён прадставіў сістэму мерапрыемстваў, скіраваных да адаптацыі моладзі на працоўных месцах і яе патрыятычнага выхавання. Гэта і сустрэчы са спікерамі, і патрыятычныя акцыі, і іншае. 

Тэму падрыхтоўкі кадраў на прыкладзе сваёй установы раскрыў дырэктар Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў Сяргей Ракоўскі. Ён звярнуў увагу на актыўную дзейнасць па пошуку арганізацый — заказчыкаў кадраў для выпускнікоў, прафарыентацыйную работу і папулярызацыю каледжа ў сацыяльных сетках. 

Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Жыгун ахарактарызаваў ідэалагічную і выхаваўчую работу ў рэгіёне, назваўшы шэраг эфектыўных ініцыятыў. Таксама было падкрэслена, што будуецца знакавы аб’ект — Музей Славы Магілёўшчыны, які стане асяродкам патрыятычнага выхавання. У скарбніцы збяруць інфармацыю не толькі пра Вялікую Айчынную вайну, але і пра сучасныя дасягненні, выкарыстаюць самыя прасунутыя тэхналогіі. 

На экскурсіі па Баранавіцкім музычным каледжы

Пра замацаванне маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці распавёў дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексумузея Уладзіслаў Кулакевіч. Сярод дзейсных метадаў уцягвання моладзі ў калектыў ён вылучыў правядзенне дыялогавых пляцовак, у тым ліку выязных, і сумесных з прафсаюзным камітэтам мерапрыемстваў. Старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Міхаіл Партной, які таксама паўдзельнічаў у калегіі, акцэнтаваў увагу на абароне правоў работнікаў, паляпшэнні ўмоў працы, павышэнні заработнай платы прадстаўнікоў сферы ў цэлым і моладзі ў прыватнасці. Ён падкрэсліў, што ў тарыфным пагадненні паміж Міністэрствам культуры і галіновым прафсаюзам замацавана норма аб устанаўленні наймальнікамі надбаўкі па кантракце, не меншай як 50 %. 

Моладзевы хор "Элегія"

Падрабязней пра рэалізацыю дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў сферы культуры — у наступных нумарах “К”. 

Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры