Творчая акцыя, сямейныя канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні — 1 чэрвеня маленькіх беларусаў чакае багатая святочная праграма. Да Міжнароднага дня абароны дзяцей установы культуры падрыхтавалі безліч цікавінак.
Нацыянальная бібліятэка распрацавала для хлопчыкаў і дзяўчынак унікальную патрыятычную гульню “Партызанскі прывал”. Падарожжа ў мінулае ахопіць чатыры тэматычныя станцыі, прысвечаныя экспазіцыям музеяў устаноў адукацыі “Час. Спадчына. Памяць. Партызанскі і падпольны рух, воінскія часці і злучэнні, якія вызвалілі малую радзіму: да 80-годдзя Вялікай Перамогі”. Пабываўшы ў “Рэдакцыі ваеннай газеты”, юныя вандроўнікі даведаюцца, пра што пісалі ў знамянальным 1945 годзе, і падрыхтуюць першую паласу з архіўных матэрыялаў. Пагрузіцца ў свет яркіх фарбаў і натхнення дапаможа майстар-клас “Чараўніцтва лета”: выкарыстоўваючы прыгожую паперу, удзельнікі зробяць адмысловы арт-аб’ект і пазнаёмяцца з сакрэтным механізмам, што прывядзе твор у рух. Падчас сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі можна будзе паспрабаваць сябе ў ролі паэта і далучыцца да мегарасследавання. Дапытлівых таксама чакаюць пазнавальныя заданні ў інтэрактыўнай віктарыне “Пра ўсё на свеце”. Не абыдзецца без прыемных падарункаў і сюрпрызаў.
У Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея, 1 чэрвеня адкрыецца экспазіцыя “Чароўны ліхтар”. Выстава распавядзе пра любімыя мультфільмы. Арыгінальныя эскізы, сцэнарыі, афішы дапамогуць паглыбіцца ў працэс здымак. Працы вядомых айчынных мультыплікатараў, таленавітых мастакоў, чыя спадчына пакінула след у гісторыі анімацыі, пагрузяць юных і сталых гасцей у атмасферу радаснага натхнення. У рамках праекта запланаваны і майстар-класы па стварэнні мультфільмаў.
У Мастацкім музеі імя П. Масленікава лета распачнецца з інтэрактыўных заняткаў “Пластылінавая варона”, прызначаных для наведвальнікаў ад шасці гадоў. Удзельнікі сустрэчы змогуць пазнаёміцца з анімацыяй Аляксандра Татарскага і сваімі рукамі зляпіць галоўную гераіню яго стужкі.
Цікавыя падзеі чакаюць маленькіх беларусаў па ўсёй краіне. Так, творчая акцыя “Малююць дзеці” пройдзе 1 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасцьгерой”. Сямейны канцэрт “Ура! Канікулы! Дарогаю дабра” адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі. А на плошчы ля Магілёўскага абласнога драмтэатра разгорнецца прадстаўленне “Казцы — лайк!”...