Адсвяткуем лета ў Аляксандраўскім скверы: канцэрты выхаднога дня разгорнуцца ў самым цэнтры Мінска з 31 мая па 30 жніўня.
Дабрачынны праект стартаваў у 2023 годзе. На мэце — абслугоўванне грамадзян, якія карыстаюцца сацыяльнай падтрымкай дзяржавы. Гэта ветэраны, пенсіянеры, шматдзетныя сем’і. Імпрэзы палюбіліся і шырокай публіцы. З улікам дасягнутага поспеху і запатрабаванасці сярод жыхароў і гасцей сталіцы Міністэрства культуры вырашыла прадоўжыць і пашырыць ініцыятыву.
У Аляксандраўскім скверы па суботах цягам гэтага лета выступяць восем тэатральна-відовішчных устаноў, якія маюць нацыянальны статус. Сваё мастацтва прадэманструюць прафесійныя, аматарскія калектывы і выканаўцы. Сярод іх — любімыя артысты з Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Маладзёжнага тэатра эстрады, дзіцячыя творчыя аб’яднанні.
Упершыню ў праграме — паказы тэатраў. Так, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага прадставіць спектакль “Viva commedia!”. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа прывязе з Віцебска гастрольную пастаноўку “Музычны вернісаж”. Канцэртныя праграмы прэзентуюць артысты Вялікага тэатра Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”.
Адкрые ж дабрачынную акцыю 31 мая Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча з праграмай “Песня як жыццё”.