Такая існуе насамрэч! І нават увесну і ўлетку стварае ажурныя ўзоры. Бабруйчанка Любоў Гарбар амаль 60 гадоў выразае з паперы сняжынкі. Тонкія карункавыя вырабы майстрыхі ўпрыгожылі сотні тысяч паштовак, падарункаў і дзясяткі зал, прычым не толькі ў Беларусі. Любоў Аляксандраўна смяецца: яе сняжынак хіба што ў Арктыцы і Антарктыдзе няма — і тое таму, што там сваіх хапае.
— Я вучылася ў першым класе, калі да нас напярэдадні новага 1967 года прыйшлі піянерважатыя і паказалі, як з паперы выразаць сняжынкі, — успамінае Любоў Гарбар. — Я вельмі старалася, але адну ўсё ж парвала. Чужую... Ох і папракала мяне настаўніца Вера Лявонцьеўна! А я губу закусіла, падумала: нічога, яшчэ лепш за вас навучуся! З таго часу і выразаю. Безупынна.
Любоў Гарбар (злева) за працай
Вырасла, стала хімікам-аналітыкам, — працягвае гераіня. — Папрацавала пару гадоў. Не, не маё... Перавялася на Бабруйскую фабрыку мастацкіх вырабаў у новы цэх “умельцам па вырабе сувеніраў” — так называлася прафесія. Пасля навучання разам з калегамі займалася макрамэ. Плялі кошыкі, паясы, шторы… Пазней мяне запрасілі весці гурткі — спачатку ў раённы Дом піянераў, потым у Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска “Росквіт”. Там і “прапісалася” пажыццёва, хутка пяты дзясятак пойдзе.
З радасцю сустракаюць майстрыху і ў мясцовым Палацы мастацтваў. Тут у 2011-м пачалася яе выставачная дзейнасць. За гэта ўмеліца ўдзячная вядомаму далёка за межамі Бабруйска настаўніку, мастацтвазнаўцу і творцу, які валодае аўтарскай тэхнікай працы са скурай, — Таццяне Карчажкінай. Менавіта яе Любоў Гарбар цягам дзесяцігоддзяў лічыць сваім куратарам. Настаўніца ж пра таленавітую вучаніцу кажа: “Яна мой першы і ўдалы «эксперыментальны ўзор»”.
Узровень работ Любові Аляксандраўны відаць з першага погляду. Нядзіўна, што па выніках адной з выстаў у 2011 годзе гераіню запрасілі ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
— Над сняжынкамі я працую без эскізаў, выкарыстоўваю ў асноўным нажніцы, часам — разачок. Памятаю, у 2017-м мяне адправілі на “Славянскі базар у Віцебску”, — расказвае суразмоўніца. — Іншыя майстры пачалі даставаць інструменты — нэсэсэры хірургаў, няйначай! І тут я са сваімі нажнічкамі на вяровачцы... Мне аж няёмка стала. Нічога, здолела — павезла дадому трэцяе месца. Упэўнена: усё геніяльнае простае.
Сябе Любоў Аляксандраўна называе “несістэмным” умельцам, бо робіць тое, што душа падказвае. За здольнасці ж дзякуе спадчыннасці:
— У нас у родзе шмат творчых людзей. Дзядуля, напрыклад, — сталяр і цясляр, з дрэва што заўгодна мог змайстраваць. Мы з сястрой раслі ў вёсцы, лічыце, сярод дзедавых стружак. І тата, і маміны браты — з залатымі рукамі. Маці шыла, вязала, кулінарнічала. Цяпер вось і я шмат што магу — для жыцця карысць, ды і цікава.
Любоў Аляксандраўна з дзяцінства збірала свае найлепшыя працы: дзясятак выража і самую прыгожую — у кнігу па мастацтве. Калекцыя атрымалася вялізная, бо сняжынкі гераіня рабіла ў неймаверных колькасцях. Жартуе: хоць ніколі такой мэты не было, але ўжо час міні-музей арганізоўваць.
— Неяк тата прынёс мне таўшчэзны рулон паперы паўтараметровай вышыні. Я яго за пяць гадоў выкарыстала. У справу ішлі і бракаваныя рулоны для этыкетак, якія заставаліся на фабрыцы “Чырвоны харчавік”. Імі мяне забяспечвалі хлапчукі-аднакласнікі, — прыгадвае рамесніца. — Аднойчы, калі я вучылася ў тэхнікуме, вырашыла на ноч гледзячы палічыць, колькі сняжынак назапасіла за шэсць месяцаў да Новага года. Дастала, расклала па пакоі. Заходзіць маці пасварыцца, маўляў, чаму не сплю. А як убачыла, толькі і сказала: “Дочачка мая, дочачка...” Я ўсё ж далічыла: больш за тысячу! Тады і не думала, што займаюся мастацтвам, якому нададуць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці роднай краіны.
Цікава, а колькі ж сняжынак майстрыха стварыла за 60 гадоў?
Тонкія карункі з паперы, сплеценыя Любоўю Гарбар і напоўненыя глыбокім сімвалізмам вясновага абнаўлення і духоўнага адраджэння, дэманстраваліся сёлета на выставе “Велікодныя матывы” ў Палацы мастацтваў Бабруйска.
— Кожны экспанат уяўляў сабой гісторыю, расказаную мовай арнаменту і сілуэта. Ажурныя велікодныя яйкі сімвалізавалі новае жыццё і надзею. Аблокі нагадвалі пра духоўныя каштоўнасці і важнасць веры для кожнага чалавека. А распасцёртыя крылы птушкі-выцінанкі абвяшчалі аб прыходзе вясны і радасці, — распавядае загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Палаца мастацтваў Ірына Цыганкова. — Работы Любові Аляксандраўны мы з вялікім задавальненнем бяром з сабой на розныя абласныя і рэспубліканскія фестывалі і святы — “Дажынкі”, “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) і іншыя. Цікава назіраць, як працуе рамесніца: ніводнага абрэзка паперы не застаецца — усё ў справу. Творы — ад маленькіх да вялізных — вельмі прыгожыя! Людзі пазнаюць іх па аўтарскім почырку, асаблівым, ажурным. У Любові Гарбар ёсць фанаты па ўсёй краіне: убачаць выцінанкі майстрыхі — перадаюць прывітанне, фатаграфуюцца. Вось такая яна — народная любоў!
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва гераіні