З прыцэлам на моладзь

Магілёўскаму абласному драматычнаму тэатру 15 мая споўнілася 137 гадоў. А 1 красавіка новым дырэктарам установы прызначылі Вольгу Кузняцову. Чым не падвойная нагода для размовы пра будучыню славутага калектыву з багатай гісторыяй?

— Вольга Уладзіміраўна, як сустракаеце хай не юбілейную, але вельмі шаноўную дату? 

— Добрым спектаклем. У гэты вечар у афішы — гогалеўская “Жаніцьба. Фантасмагорыя”, пастаўленая знаным расійскім рэжысёрам Сяргеем Фядотавым. Ён стварыў і нязменна ўзначальвае Пермскі тэатр “Ля моста”. Спектакль перамог на леташнім ХVII Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме “М.@rt.кантакт” і палюбіўся публіцы. А 137 гадоў таму, 15 мая 1888 года, у завершаным і асвячоным будынку выступіла аматарская трупа. Ды ўсё ж удакладню: тэатр — найперш не будынак, а людзі. Дагэтуль захоўваецца памяць і ходзяць легенды пра колішняга вартаўніка Чыбоцьку, які жыў з сям’ёй у сутарэнні, запальваў печы, што абагравалі ўсё памяшканне. Гэты чалавек заснаваў, калі можна так сказаць, сваю тэатральную дынастыю: памочнікам машыніста сцэны працаваў яго сын, білецёрам — нявестка. А ўнучка стала народнай артысткай Беларусі. Цяперашні 137-ы сезон адзначаны адразу трыма вельмі важнымі акцёрскімі юбілеямі: 75-годдзе справілі заслужаны артыст Васіль Галец і Галіна Угначова, якая выходзіць на нашу сцэну аж з 1967-га — 58 гадоў. Напрыканцы сезона споўніцца 80 народнаму артысту Беларусі Рыгору Белацаркоўскаму, але ён папрасіў перанесці ўрачыстасці і святкаванне на пачатак наступнага сезона. Гэта — яскравыя творчыя асобы. Васіль Мікалаевіч не толькі іграе ў спектаклях, але і рэжысіруе ўласныя. Да школьнага лета ён рыхтуе прэм’еру “Я лічу да пяці”, дзе будзе задзейнічана ўся наша творчая моладзь, нядаўна прынятая ў тэатр. А з Галінай Іванаўнай і Рыгорам Якаўлевічам мне пашчасціла разам удзельнічаць у меладраме “Апошні”. Ставіў яе Аляксандр Палкін з Расіі, я выходзіла ў ролі Лёсу, адсутнай у п’есе Васіля Ткачова. Адчувала такую падтрымку нашых ветэранаў сцэны! 

Дырэктар сёння павінен быць менеджарам і прадзюсарам, захоўваць назапашанае і арыентавацца на моладзь.

— Сапраўды, вы ў гэтым калектыве, нягледзячы на новую пасаду, зусім не “чужынец”. Памятаю вас загадчыцай трупы — і тут, і пазней у Магілёўскім абласным тэатры лялек. 

— Можна сказаць, я вярнулася дадому, і надоўга. Упершыню прыйшла сюды ў 1997-м. Дакладней, мяне літаральна за руку прывёў Марк Волахаў — мой выкладчык па тэхніцы сцэны ў каледжы мастацтваў: маўляў, тэрмінова патрабуецца памочнік рэжысёра. Неўзабаве стала загадчыцай трупы, з усім калектывам перажыла рамонт будынка. А як запрасілі дырэктарам — адразу “ў бой”. Праз некалькі дзён пасля прызначэння ў нас прайшлі тыднёвыя гастролі Уладзімірскага тэатра драмы. Сярод іншага госці прывезлі спектакль “Жыць” паводле “Сотнікава” Васіля Быкава — зала плакала. Мы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, паклікалі калектыў на “М.@rt.кантакт”. Акрамя таго, пабывалі на гастролях у Бранску з трыма спектаклямі — таксама паспяхова. 

— А яшчэ выпусцілі прэм’еру чэхаўскай “Чайкі” ў версіі маладога крэатыўнага рэжысёра Камілі Хусаінавай. 

— Так, 11 красавіка, прычым у жанры “сумнай камедыі” і з маладымі артыстамі. А 14 мая — чарговая прэм’ера: Міхаіл Лашыцкі, выступіўшы адначасова мастаком і рэжысёрам, увасобіў рэтракамедыю “Від на мора з шафы” па п’есе расійскіх сцэнарыстаў Ганны Слуцкі і Валянціна Гарлова. Да летніх канікул рыхтуем новую казку. Да Дня Незалежнасці — “А досвіткі тут ціхія” пры падтрымцы Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва і аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі “Рускія сезоны”. Пры яе ўдзеле ў канцы ліпеня адбудзецца яшчэ адна прэм’ера — гогалеўскага “Шыняля” ў нечаканай сучаснай інсцэніроўцы. Эскіз гэтага спектакля рыхтаваўся цягам сёлетняга фестывалю “М.@rt.кантакт” — цяпер малады расійскі рэжысёр Яўгенія Калеснічэнка прадставіць поўную версію. У жніўні, нягледзячы на адпачынак, па той жа лініі Саюза тэатральных дзеячаў Расіі ў нас пройдуць майстар-класы па сцэнічнай мове. 

— Больш аддаленых планаў таксама цэлы гмах? Тэатр чакае “перазагрузка”, перабудова ўсёй працы? 

— Найперш трэба захаваць тое, што назапашвалася гадамі. І галоўнае — людзей. Асабліва тых, хто працуе з-за любові да справы. Прыходжу сюды рана, сыходжу позна. Бывае цяжка і страшна, але бачу, што ў артыстаў гараць вочы, у моладзі, на якую чамусьці прынята скардзіцца, таксама ёсць жаданне перавярнуць горы. Таму да цяперашняга 137-га дня нараджэння апытваем акцёраў і гледачоў праз сацсеткі, збіраем не толькі віншаванні, але і прапановы, якім людзі бачаць тэатр, што, на іх думку, варта ставіць. Трэба браць у рэпертуар тое, што сёння хвалюе моладзь, аднаўляць былыя ўрокі эстэтыкі, якія калісьці ў нас праводзіліся, — падпісваем дамовы з навучальнымі ўстановамі і ладзім паказы ў зручны для такой мэтавай аўдыторыі час. З уступным словам, абмеркаваннем ці творчай сустрэчай з артыстамі, рэжысёрам, іншымі ўдзельнікамі каманды пасля прагляду, каб быў жывы кантакт між сцэнай і залай. Вельмі хочацца больш шчыльных творчых сувязей з Магілёўскім тэатрам лялек, плануем зладзіць нават нейкі сумесны праект — тым больш у 2026-м калегі адсвяткуюць 50-годдзе свайго тэатра. Але ўсяго гэтага замала. Дырэктар сёння павінен быць найперш менеджарам і прадзюсарам, так што буду вучыцца далей, павышаць кваліфікацыю, развівацца разам з усім нашым дружным калектывам. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва гераіні