Ёсць на карце Беларусі пункты, далёкія ад буйных цэнтраў, — адтуль людзі нячаста выбіраюцца па гаспадарчых справах, не кажучы ўжо пра культурныя мерапрыемствы. Аднак і тамтэйшыя насельнікі жадаюць прыгожага, хочуць, каб побач было жывое мастацтва — з гледачом у зале, з акцёрам на сцэне. Праект “Культурная карта”, створаны па ініцыятыве Міністэрства культуры, робіць гэта магчымым.
Сёння мастацтва едзе ў мястэчкі. У дарогу бяруцца касцюмы, дэкарацыі, асвятляльная, гукавая апаратура — усё, што дапаможа спектаклю ў раённым клубе стаць сапраўдным дзействам, вартым сталічнай сцэны.
З місіяй дарыць радасць накіроўваецца ў культурныя вандроўкі Маладзёжны тэатр эстрады. Летась ён пабываў у Століне, Драгічыне, Іванаве, Ляхавічах і Смаргоні. Там артысты прадстаўлялі музычную казку “Той самы Карлсан і Малыш”. Знаёмы ўсім сюжэт у сучаснай пастаноўцы атрымаў новае гучанне. Спектакль літаральна зачараваў маленькіх гледачоў, ды і дарослых не пакінуў абыякавымі. А з’яўленне новага героя дало гісторыі нечаканы паварот. Акрамя таго, былі прэзентаваны канцэртныя нумары калектываў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г. Мулявіна пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Стацэнка.
Сцэны са спектакля "Той самы Карлсан і Малыш"
Тэатральнае падарожжа працягваецца: ужо 3 чэрвеня артысты наведаюцца ў Іўе з музычнай казкай “Катавасія і Пёсасторыя” пра сяброўства, якое перамагае варожасць і стэрэатыпы. Гэта не проста забава, а спектакль з глыбокім сэнсам: важна чуць і разумець іншых, кім бы ты ні быў. “Катавасія і Пёсасторыя” — натхняльнае пасланне кожнаму чалавеку, ад малога да вялікага, якое даказвае, што сапраўднаму сяброўству не перашкодзяць нават розныя светапогляды.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа таксама нясе святло мастацтва ва ўсе куткі краіны. Для артыстаў калектыву родны не толькі будынак з калонамі на Замкавай, 2, у Віцебску, але і сельскі клуб, і Дом культуры, і любое месца пад сонцам, дзе іх чакаюць.
У Шклоўскім і Горацкім раёнах трупа паказала дзве кранальныя пастаноўкі: “Усе мышы любяць сыр” паводле п’есы Д. Урбана і “Шэрая Шыйка” паводле апавядання Д. Маміна-Сібірака. Гісторыі выклікалі шчырыя эмоцыі і захапленне як у дзяцей, так і ў іх бацькоў.
Казка пра мышанят пераносіць гледача ў свет, дзе пераадоленне стэрэатыпаў — першы крок да сапраўднага сяброўства. Героі вучацца чуць адзін аднаго і бачыць у іншым сябра. Работа “Шэрая Шыйка” прысвечана маленькай качцы, якая не паддалася роспачы. Пасля ранення птушачка застаецца на возеры разам з Зайцам і з годнасцю праходзіць усе выпрабаванні.
Спектаклі, напоўненыя музыкай і вершамі, гавораць дасціпнаю моваю: дабрыня, спачуванне і надзея — не казачныя паняцці, а сэнсавы падмурак жыцця. Дзіцячыя пастаноўкі вяртаюць кожнага ў свет, дзе ўсё магчыма, калі побач сябры, любоў і мара.
Далей у маршруце — Дубровенскі раён: 27 чэрвеня тут пакажуць казку-гульню “Як воўк мамай быў”. Гэта жыццярадасная гісторыя пра спачуванне і дабро нават адтуль, дзе яго не можа існаваць.
А ў Расонскім раённым Цэнтры культуры 9 мая прайшла кранальная музычная імпрэза “Как я люблю глубину твоих ласковых глаз…” — пра каханне, памяць і чалавечнасць. Наталля Аладка і Святлана Жукоўская стварылі пастаноўку, заснаваную на рэальных падзеях — ліставанні мужчыны і жанчыны, якое іх дачка выдала асобнай кнігай пад назвай “Пісьмы аднаго кахання”. Спектакль перанёс гледачоў у часы Вялікай Айчыннай вайны, калі словы з лістоў станавіліся праменьчыкам надзеі. У зале гучалі знакавыя кампазіцыі 1940—1950-х: “Цёмная ноч”, “Жураўлі”, “Сіняя хустка”. Разам з артыстамі іх заспявалі і гледачы. Гэты вечар сапраўды атрымаўся незабыўным — напоўненым болем, надзеяй і любоўю.
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне “Культурная карта” падрыхтавала асаблівы рэпертуар. Спектаклі і канцэрты становяцца душэўным дыялогам паміж мастацтвам і людзьмі, што жывуць на зямлі, моцна палітай крывёй абаронцаў. Гэтая гутарка — пра боль, пра надзею, пра сілу духу.
Яскравы прыклад — канцэрт “Рэквіем. Каб памяталі…”, створаны Тэатрам-студыяй кінаакцёра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава. Ашмянская публіка 16 красавіка ўбачыла магутны сінтэз кіно, паэзіі і музыкі. Вершы ў цішыні, песні, што кранаюць да слёз, фрагменты фільмаў, якія ахутваюць залу святлом памяці, — усё гэта нараджае моцную эмацыйную плынь.
Спектакль “Радавыя” паводле п’есы А. Дударава — наступны акцэнт у межах ваеннай тэмы. Гэта шчымлівая гісторыя пра беларускіх салдат, каханне, спагаду і подзвіг простага чалавека. Рэжысёрскую работу Аляксандра Яфрэмава прэзентавалі на сцэне тэатра-студыі з 4 па 8 мая ў рамках праекта “Вялікая Перамога Вялікага Народа”. Гледачамі былі прадстаўнікі арганізацый, у тым ліку Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, і навучальных устаноў розных рэгіёнаў. Праект дзейнічае да канца 2025-га, несучы памяць — жывую, шчырую, сапраўдную.
Акрамя таго, да Дня абароны дзяцей артысты Тэатра-студыі кінаакцёра пакажуць музычную казку “Аліса ў Залюстроўі” паводле Л. Кэрала ў Міёрскім Цэнтры культуры і народнай творчасці. Свята фантазіі, святла і дабрыні 2 чэрвеня адкрые маленькім гледачам дзверы ў чароўны свет.
Некаторыя спектаклі гучаць, бы малітва. “Горкі хлеб” — менавіта з такіх. Ён пастаўлены Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М. Горкага паводле дакуме- нтальных навел Г. Злабенка пра дзяцей вайны. Гэтая драма не можа не крануць. У межах праекта яе паказалі ў Багушэўску, Асіповічах, Жыткавічах, Баранавічах, Клічаве. У маі спектакль паедзе ў Ліду.
Работа заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргея Кавальчыка заснавана на рэальных гісторыях — без упрыгожвання, без фальшу. Гэты аповед — пра боль, які становіцца сілай, пра страх, што саступае месца любові. “Відушчае адно толькі сэрца…” — гаворыцца ў анатацыі да спектакля. І менавіта сэрца першае адгукаецца на праўду, што гучыць са сцэны.
“Культурная карта” працягвае натхняльнае падарожжа, аб’ядноўваючы рэгіёны, таленты і гледачоў. Наперадзе — новыя сустрэчы, прэм’еры і адкрыцці. Мастацтва крочыць насустрач людзям — і ў гэтым сэнс акцыі, якая сведчыць: культура жыве там, дзе яе чакаюць, дзе ёй адкрываюць сэрцы.
Ганна КАЛІНІНА
Фота з архіваў тэатраў