Да 80-годдзя Перамогі па ўсёй краіне прайшлі прэм’еры фільмаў, што праз мастацтва асэнсоўваюць подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Анімацыйныя і дакументальныя стужкі заклікаюць з вялікага экрана ўспомніць гераічнае мінулае і перадаць гістарычную праўду новым пакаленням.
Спецыяльны паказ кінаальманаха “Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2” для юных гледачоў адбыўся ў сталічным кінатэатры “Піянер” у рамках агульнанацыянальнай прэм’еры 6 мая.
Фільм — працяг праекта, прысвечанага месцам памяці, што захоўваюць трагічны досвед і гераізм беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У новым альманаху прадстаўлены пяць знакавых аб’ектаў: “Масюкоўшчына” — мемарыял вязням канцлагера Шталаг-352, дзяржаўны комплекс “Хатынь”, мемарыял ахвярам Азарыцкага лагера смерці, “Брэсцкая крэпасць-герой” і манумент “За нашу Савецкую Радзіму” (“Кацюша”). Стужка, створаная ў фармаце спалучэння дакументальных кадраў з анімацыяй, набывае асаблівае эмацыйнае гучанне і дазваляе па-новаму ўспрыняць вядомыя мемарыялы.
— Мы імкнуліся гарманічна злучыць анімацыю і дакументалістыку, каб не проста перадаць факты, але і закрануць душу, — падкрэсліла рэжысёр-пастаноўшчык Ірына Тарасава. — Наша задача — паказаць вядомыя мемарыялы з новага ракурсу, падкрэсліць эмацыйна важныя моманты і дадаць глыбіні. Гістарычная памяць — гэта не толькі факты, але і пачуцці, якія нас ахопліваюць, калі сутыкаемся з мінулым.
Асаблівую кранальнасць альманаху надаюць канкрэтныя чалавечыя гісторыі. Адна з навел прысвечана маладому лейтэнанту Алесю Махначу, які стаў сімвалам гераізму свайго пакалення. Аўтар сюжэта — рэжысёр студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільм” Наталля Касцючэнка — тлумачыць выбар мастацкай формы:
— Мне важна паказваць героя праз павелічальнае шкло. Таму ў аповедзе пра Брэсцкую крэпасць я адыходжу ад статыстыкі і канцэнтруюся на чалавечым лёсе. Гэта гісторыя маладога лейтэнанта Алеся Махнача, які апынуўся ў Брэсце за некалькі дзён да пачатку вайны. Яму было толькі 19. Ён прайшоў праз пекла канцлагераў, але выжыў і прысвяціў сябе служэнню памяці пра гераічную абарону. Фільм адрасаваны ў першую чаргу дзецям, таму мы выбралі анімацыйную форму як найбольш даступную і эмацыйна зразумелую. Мы ўсе — і я, і іншыя рэжысёры праекта — імкнуліся зрабіць гэты складаны матэрыял блізкім і зразумелым для юнага гледача.
Перад сеансам наведвальнікі маглі дакрануцца да эпохі: зрабіць фота з ваенным рэквізітам і зброяй, паўдзельнічаць у віктарыне пра мемарыяльныя комплексы. Такі фармат узаемадзеяння з матэрыялам дапамог не толькі паглыбіцца ў гісторыю праз экран, але і адчуць яе як нешта асабістае — жывое і кранальнае.
Эстафету кінематаграфічнага ўшанавання Перамогі пераняў кінатэатр “Масква”, які пасля рэканструкцыі адкрыўся прэм’ерай кінаальманаха “Пра людзей і пра вайну”.
Перад пачаткам паказу да гледачоў звярнулася начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга. У сваім выступленні яна падкрэсліла:
— Прэм’еры, прымеркаваныя да юбілейнай даты, — ад анімацыі і дакументалістыкі да сумесных праектаў Саюзнай дзяржавы — ствараюць сапраўдную мазаіку гістарычнай памяці. Простыя, зразумелыя кожнаму сюжэты паказваюць, як звычайныя людзі станавіліся героямі, што натхняла іх на абарону Радзімы, як у іх нараджалася пачуццё патрыятызму. Гэтыя стужкі важныя не толькі для зберажэння памяці, але і для выхавання — у ваенны і ў мірны час. Яны адгукаюцца гледачам усіх узростаў і дапамагаюць зразумець сутнасць сапраўдных каштоўнасцей: любові да Айчыны, мужнасці, чалавечнасці.
Сумесны беларуска-расійскі праект, створаны Дзмітрыем Пасічнюком і Андрэем Красавіным, — своеасаблівы працяг традыцый савецкага кіно, дзе ў цэнтры ўвагі чалавек: з яго выбарам, пачуццямі, выпрабаваннямі. Кожная навела распавядае пра асобны лёс — ціхі, просты, але поўны высакароднасці. Карціны, знятыя ў Беларусі, дэманструюць, як менавіта чалавечыя якасці — мужнасць, годнасць, любоў да Радзімы — змянялі ход гісторыі.
— Гэта стужка пра людзей, якія жылі і кахалі, нягледзячы на вайну, — падкрэсліў падчас прэзентацыі рэжысёр Дзмітрый Пасічнюк. — Мы стараліся паказаць, як з простых, звычайных людзей нараджаўся гераізм. Памяць пра такія подзвігі — жывая, як кветка, і патрабуе беражлівага догляду. Таму дзеячы мастацтва павінны ўносіць сваю лепту, перадаючы гэтую памяць праз творчасць. Мы, беларускія і расійскія кінематаграфісты, стварылі гэты фільм як даніну павагі пакаленню Пераможцаў.
Асобай рэмаркай вечара сталі словы вядомага акцёра Ягора Бяроева, які звярнуў увагу на важнасць асэнсавання тэмы вайны праз мастацтва:
— Калі мяне пытаюцца, што варта глядзець моладзі, я заўсёды раю фільмы пра Вялікую Айчынную вайну. Лепш за ўсё — савецкія, асабліва тыя, што здымаліся на “Беларусьфільме” і іншых легендарных кінастудыях. Навелы, якія стварыў Дзмітрый, вельмі блізкія менавіта да тых фільмаў — па духу, па чалавечнасці, па адчуванні праўды. Стужка, як камертон душы, перадае годнасць, сумленнасць, сяброўства, любоў да Радзімы, працягвае шлях таго самага сапраўднага, шчырага кіно. Я вельмі рады, што стаў яго часткай.
Сённяшні кінематограф — гэта не толькі мастацтва. Гэта інструмент выхавання, сродак асэнсавання гісторыі. Бо менавіта праз кадр, праз вобраз і эмоцыю памяць становіцца жывой — і знаходзіць працяг у сэрцах новых пакаленняў.
Ганна КАЛІНІНА
Фота аўтара і з Telegram-канала Міністэрства культуры