У Мінскім міжнародным выставачным цэнтры працуе галоўная выстава Беларусі, прысвечаная 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Экспазіцыя была прадстаўлена ў рамках урачыстага адкрыцця міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску — самай маштабнай універсальнай, шматфункцыянальнай, сучаснай кангрэсна-выставачнай пляцоўкі краіны. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 8 мая цырымонію, на якую сабраліся прадстаўнікі грамадскасці, кампаніі-забудоўшчыка і арганізацый, што бралі ўдзел ва ўзвядзенні аб’екта.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: “Мы адкрываем новую старонку летапісу нашай суверэннай Беларусі. Мы гэты цуд назвалі Мінскім міжнародным выставачным цэнтрам. Сучасны, без празмернасцей, нібы лунаючы бусел над маляўнічым кутком нашай сталіцы, ён прызначаны паказаць свету наш багацейшы патэнцыял і дасягненні беларускай нацыі”.
Прэзідэнт сказаў, што важна сканцэнтраваць у адным месцы ўсё тое, што мы здабылі за гады незалежнасці, сабраць самае лепшае. Паводле яго слоў, у цэнтры мусіць размясціцца пастаянна дзейная выстава здабыткаў сучаснай Беларусі, што не замінае праводзіць тут і тэматычныя экспазіцыі. Да прыкладу, у ліку першых буйных міжнародных мерапрыемстваў, якія прыме МВЦ у Мінску, плануецца правесці Еўразійскі эканамічны форум.
Прэзідэнт назваў адкрыццё цэнтра знакавым падарункам да 80-годдзя Вялікай Перамогі і наведаў спецыяльную экспазіцыю, якую падрыхтаваў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У стварэнні выставы таксама прынялі ўдзел музеі рэспубліканскага і рэгіянальнага падпарадкавання, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, іншыя ўстановы культуры.
На пляцоўцы “Дарога да Перамогі” адлюстраваны ўвесь шлях ад сцен Брэсцкай крэпасці, якая першай прыняла на сябе ўдар захопнікаў, да легендарнага парада на Краснай плошчы. Унікальныя матэрыялы прадаставілі 25 музеяў з розных куткоў краіны, а таксама Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Нацыянальнае кадастравае агенцтва, Генеральная пракуратура, Беларускае тэлеграфнае агенцтва і многія іншыя дзяржаўныя ўстановы.
У экспазіцыйнай зале на плошчы каля 4 500 квадратных метраў — больш за 600 экспанатаў, актыўна выкарыстоўваюцца розныя мультымедыйныя тэхналогіі, у тым ліку сродкі дапоўненай рэальнасці. Адмысловую атмасферу ствараюць паказаныя на маштабных экранах фрагменты ваеннай кінахронікі і такіх вядомых кінастужак, як “Ідзі і глядзі”, “Брэсцкая крэпасць”, эпапея “Вызваленне”. Кампазіцыйным цэнтрам выставы з’яўляецца адноўленая Плошча Перамогі, вакол якой прадстаўлены тэматычныя блокі, якія раскрываюць асноўныя этапы Вялікай Айчыннай вайны. Сем раздзелаў размешчаны ў храналагічнай паслядоўнасці: “Нападзенне фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі”, “Генацыд беларускага народа”, “Падпольная барацьба і партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі”, “Ключавыя баі на франтах Вялікай Айчыннай вайны (Бітва за Маскву, Сталінградская бітва, Курская бітва)”, “Вызваленне Беларусі”, “Вызваленне Еўропы. Разгром фашысцкай Германіі. Вынікі вайны”, “Захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі”.
Пачатковы раздзел экспазіцыі прысвечаны першым дням нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз, гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці і баям на тэрыторыі Беларусі ў першы год вайны.
Праход да пачатку экспазіцыі аформлены ў выглядзе Холмскіх варот легендарнай цытадэлі над Бугам, што яшчэ раз падкрэслівае, якое асаблівае месца займае гэты эпізод у гісторыі пачатковага этапу Вялікай Айчыннай.
Тут можна азнаёміцца з біяграфіямі абаронцаў Брэсцкай крэпасці, а таксама ўбачыць артэфакты, знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў на тэрыторыі гэтага мемарыяльнага комплексу. У адпаведных тэматычных блоках размешчаны знаходкі з месцаў баёў пад Мінскам і Магілёвам. Побач на інтэрактыўным экране прадстаўлена інфармацыя пра беларускіх пісьменнікаў, якія бралі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне.
Далей ідзе раздзел, прысвечаны тэме генацыду беларускага народа ў гады нацысцкай акупацыі. На інтэрактыўных экранах можна азнаёміцца з кадастравай картай Беларусі, на якой адзначаныя спаленыя вёскі, месцы прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва, створаныя гітлераўцамі, месцы знішчэння і пахавання ахвяр карных акцый, а таксама помнікі і мемарыяльныя знакі на месцах падзей Вялікай Айчыннай вайны. Таксама тут можна ўбачыць кіназапісы з успамінамі ацалелага жыхара Хатыні Іосіфа Камінскага, успаміны малалетніх вязняў нацысцкіх лагераў з Віцебскай вобласці, пагартаць складзены ў пасляваенныя гады спіс нацысцкіх злачынцаў і іх саўдзельнікаў, якія ўзначальвалі акупацыйныя ўстановы і карныя органы на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Побач — матэрыялы крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама звесткі аб калабарацыяністах, якія прыслужвалі гітлераўцам. У вітрынах — рэчы, знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў у месцах масавага знішчэння мірных жыхароў, прадметы побыту і дакументы вязняў нацысцкіх лагераў.
Трэці раздзел распавядае аб партызанскай барацьбе і антыфашысцкім руху на тэрыторыі Беларусі. Сярод экспанатаў звяртаюць на сябе ўвагу торбачка і наручны гадзіннік Алены Мазанік, а таксама макет міны, выкарыстанай ёй пры ліквідацыі генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Вялікая ўвага нададзеная прадметам побыту партызан, а таксама самаробным узорам узбраення, якія вырабляліся ў лясных майстэрнях, некаторыя ўзоры такой зброі ўнікальныя і не маюць аналагаў. Таксама тут можна пабачыць абсталяванне, з дапамогай якога партызаны прыстасоўвалі для сваіх патрэб нямецкія патроны да выкарыстання з савецкай зброяй, што дазваляла не адчуваць нястачы боепрыпасаў. Адмысловую частку экспазіцыі складае своеасаблівая карцінная галерэя, дзе прадстаўлены работы Мікалая Абрыньбы і Мікалая Гуціева, якія партызанілі на Віцебшчыне і адлюстравалі ў сваіх графічных накідах многія дэталі побыту народных мсціўцаў.
Побач размешчаны інтэрактыўны экран, з дапамогай якога наведвальнікі могуць скарыстацца пошукам па базе звестак “Партызаны Беларусі” і знайсці інфармацыю аб удзельніках антынацысцкага супраціву, звесткі аб іх прыналежнасці да тых ці іншых партызанскіх падраздзяленняў, а таксама аб узнагароджанні баявымі медалямі і ордэнамі. На інтэрактыўнай карце Беларусі адзначаныя месцы дыслакацыі атрадаў, брыгад і злучэнняў народных мсціўцаў, партызанскія зоны і аэрадромы, вынікі і колькасныя паказчыкі “Рэйкавай вайны”, месцы партызанскіх баёў і разгромленых варожых гарнізонаў. На асобным інтэрактыўным экране можна таксама азнаёміцца з інфармацыяй аб першых партызанах на тэрыторыі Беларусі, дзецях, якія ўдзельнічалі ў партызанскім руху, партызанах-інтэрнацыяналістах і атрадах спецыяльнага прызначэння.
Наступная частка экспазіцыі прысвечаная ключавым баям на франтах Вялікай Айчыннай вайны, такім як бітва за Маскву, Сталінградская і Курская бітвы. Тут прадстаўлены такія ўзоры зброі, як 122-міліметровая гаўбіца, 57-міліметровая супрацьтанкавая гармата ЗІС-2, палкавы мінамёт узору 1938 года, буйнакаліберны кулямёт Дзегцярова — Шпагіна, кулямёт максім, а таксама грузавы аўтамабіль ГАЗ-АА, больш вядомы як палутарка.
Пяты раздзел экспазіцыі распавядае пра вызваленне Беларусі. Тут прадстаўлены ўзоры трафейнай зброі, захопленай у гітлераўцаў, а таксама цэлы комплекс прадметаў, звязаных з дзейнасцю інжынерных войскаў па размініраванні тэрыторыі краіны. Побач дэманструецца кінахроніка з партызанскага параду, які адбыўся ў Мінску ў ліпені 1944 года, а з дапамогай інтэрактыўнага экрана можна прагледзець інфармацыю аб беларускіх Героях Савецкага Саюза і поўных кавалерах ордэна Славы, а таксама воінах іншых нацыянальнасцей, якія адзначыліся ў баях на тэрыторыі Беларусі.
Перадапошні раздзел расказвае пра вызваленне Еўропы, разгром нацысцкай Германіі і вынікі вайны. Тут, апроч іншага, можна паглядзець кінахроніку з параду Перамогі, які прайшоў ў Маскве ў чэрвені 1945 года, убачыць, як выглядала парадная форма савецкіх военачальнікаў, у тым ліку арыгінальныя лайкавыя пальчаткі і пояс-кушак, што належалі маршалу Савецкага Саюза Георгію Жукаву. З дапамогай інтэрактыўнага экрана наведвальнікі могуць азнаёміцца з матэрыяламі аб вызваленні ваярамі Чырвонай Арміі вязняў нацысцкіх канцлагераў на тэрыторыі Еўропы, паглядзець дакументальны фільм “Суд народа”, які распавядае аб працэсе над гітлераўскімі ваеннымі злачынцамі, што адбыўся ў Мінску ў 1946-м, а таксама даведацца аб унёску БССР у стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945-м і пасляваеннай дыпламатычнай дзейнасці.
Завяршае экспазіцыю раздзел пра захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ў Рэспубліцы Беларусь. На інтэрактыўным экране можна азнаёміцца са звесткамі пра гарады Беларусі, узнагароджаныя вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, з інфармацыяй пра ўнёсак беларускіх артыстаў у дапамогу фронту, творамі мастакоў аб вайне, калекцыяй савецкіх плакатаў ваенных гадоў, а таксама з этапамі станаўлення Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У рамках выставы, якая працуе з 8 мая па 5 ліпеня, пройдуць культурныя мерапрыемствы з удзелам зорак беларускай эстрады, заслужаных калектываў Рэспублікі Беларусь і творчых калектываў з рэгіёнаў.
Так, у дзень адкрыцця на сцэне малой залы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра з канцэртнай праграмай выступілі такія зоркі беларускай эстрады, як Шыр, Улада, Ірына Вярковіч і Мішэль, а таксама Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча. У Дзень Перамогі наведвальнікаў чакала святочная канцэртная праграма з удзелам ансамбля салістаў “Класік-Авангард” Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Купалінка”. Таксама ў рамках работы выставы запланаваныя паказы фільмаў нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і тэатральных пастановак, прысвечаных падзеям ваенных гадоў.
Антон РУДАК
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з сайта president.gov.by