Звыш паўтысячы гадоў тут гучыць малітва аб дабрабыце роднай зямлі: Жыровіцкаму манастыру, які ў народзе называюць беларускім Іерусалімам, —505.
Ужо некалькі вякоў манастыр — апора праваслаўя на нашых землях. А ўсё пачалося са з’яўлення ў гэтых мясцінах цудатворнага абраза Божай Маці, які сёння ўваходзіць у сотню самых шанаваных святынь праваслаўнага свету. Пакланіцца нерукачыннай іконе прыязджаюць вернікі з розных куткоў краіны, з блізкага і далёкага замежжа.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 мая павіншаваў суайчыннікаў з 555-годдзем аднойдзення Жы- ровіцкага абраза Божай Маці і 505-годдзем заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра.
“Больш як пяць стагоддзяў тут гучыць малітва аб дабрабыце роднай зямлі, а цудатворны абраз, ад якога ідзе гаючая сіла, прываблівае паломнікаў з усяго свету. Мільёны людзей набываюць надзею, дакранаючыся да святыні, і духоўна ўзбагачаюцца, наведваючы манастыр”, — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэтая мясціна яшчэ доўгія гады будзе аб’ядноўваць хрысціян, садзейнічаць умацаванню міжканфесійнага міру і згоды ў грамадстве. Лідар адзначыў: дзякуючы ўвазе дзяржавы, прафесіяналізму будаўнікоў і старанням святароў манастыр стаў яшчэ прыгажэйшым і па праве з’яўляецца цэнтрам беларускага праваслаўя.
Свята-Успенскі мужчынскі стаўрапігіяльны манастыр, што знаходзіцца ў аграгарадку Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці, — адзін з асяродкаў беларускага праваслаўя і найбуйнейшых у краіне архітэктурных ансамбляў XVII—XVIII стагоддзяў. Аб магчымасці стварэння тут духоўнага цэнтра ішла гаворка яшчэ ў лютым — падчас сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Веніямінам. Тады Кіраўнік дзяржавы прыгадаў, што сёлета Беларуская праваслаўная царква святкуе значныя для ўсяго праваслаўнага свету даты. У маі — 555-годдзе аднойдзення Жыровіцкага абраза Божай Маці і 505-годдзе Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, а ў чэрвені — 900-годдзе Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Полацку.
Мітрапаліт Веніямін падзякаваў Прэзідэнту за клопат пра духоўныя цэнтры і падкрэсліў: “У нас і Жыровічы, і Полацк — два такія цэнтры, якія прыцягваюць увагу ўсяго свету, не толькі беларусаў”.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай была аказана дапамога ў рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры: Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку (адносіцца да XII стагоддзя) і Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. “Гэта вельмі значная духоўная спадчына”, — заявіў тады ўладыка.
Падрабязней — на сайце president.gov.by