Культурная. Працавітая. Вясёлая

Менавіта такая сям'я ў Аляксандра і Інгі Станкевічаў. Ён начальнік аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама, яна спецыяліст па забеспячэнні Негарэльскага камбіната хлебапрадуктаў. У пары трое дзетак: адзінаццацігадовы Раман, сямігадовая Аліса і трохгадовы Арсеній. Напярэдадні свята мы сустрэліся з імі, каб даведацца сакрэт шчаслівай сям'і работнікаў культуры.

Аляксандр і Інга пазнаёміліся ў тым самым аддзеле, які мужчына цяпер узначальвае. Дзяўчына працавала бухгалтарам, калі малады культарганізатар Лагавішчанскага клуба прыехаў у выканкам па службовыя дакументы. Калегі адразу задумалі іх сватаць. І ўсё, як кажуць, зраслося. 

З аддзела культуры Інга сышла ў першы адпачынак па догляду за дзіцем. Планавала вярнуцца, але знайшлася праца бліжэй да дома. Сям’я жыла ў вёсцы. Ездзіць кожны дзень за дваццаць кіламетраў у райцэнтр маладой маме было складана. 

А Аляксандр шчыраваў на ніве культуры. У 2012-м скончыў БДУКМ па спецыяльнасці “рэжысура, народныя абрады і святы” — акурат у той самы год, калі сустрэўся з Інгай. 

Вучыўся таленавіты хлопец па мэтавым накіраванні аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама. Працаваць вярнуўся на малую радзіму. Спачатку шчыраваў у Доме культуры пасёлка Энергетыкаў, потым у сельскім клубе вёскі Логавішча, галоўным рэжысёрам Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. 

Сёння ўспамінае, што яго дзяцінства прайшло на сцэне або побач з ёй. Маці пастаянна ладзіла нейкія творчыя праекты. Ніхто ніколі не сядзеў без справы. Гэтую традыцыю Аляксандр працягвае. У яго ўласнай сям’і ўсе дапамагаюць бацьку развіваць культурнае жыццё ў раёне. 

Нават у выхадныя жонка з дзецьмі занятыя татавай працай, удзельнічаюць ва ўсіх раённых мерапрыемствах. 

— У Дзень Перамогі мы ўсе былі на цэнтральнай плошчы Дзяржынска, — з усмешкай удакладняе Аляксандр, — а 10 мая працавалі ў Лагавішчанскім клубе, 11-га арганізоўвалі ўрачыстасці да Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Выхадныя ўдаліся! 

Такая насычаная культурная дзейнасць не замінае сям’і займацца “ўраджайнымі соткамі”. У іх прыватны дом у вёсцы і вялікі агарод. Старэйшы сын Раман ужо дапамагае там бацькам. Аліса эксперыментуе з вырошчваннем кавуноў. Толькі маленькага Арсенія пакуль дапускаюць адно да культурнай нівы. 

Дарэчы, далучацца да справы бацькоў дзецям у ахвоту. Па іх словах, гэта дазваляе даведацца пра штосьці цікавае і атрымаць новыя ўражанні. Напрыклад, удалося пазнаёміцца са спецыяльнай аўтатэхнікай, патрымаць у руках сапраўдную зброю. Не падабаецца малым толькі далёка хадзіць пешшу. А такое таксама здараецца. 

Раман ужо неаднаразова ўдзельнічаў у ваенна-гістарычных рэканструкцыях. А ўсе разам — у рэспубліканскім конкурсе “Сям’я года”. У 2022-м яны сталі пераможцамі ў Мінскай вобласці. Галава сям’і ўспамінае: 

— Было вельмі хвалююча. Іншыя ўдзельнікі максімальна задзейнічалі магчымасці творчых калектываў сваіх раёнаў. А мы вырашылі самі прадставіць сваю сям’ю. Арсенію было менш за год. На адборачных ён яшчэ нават хадзіць не ўмеў. А ў фінале, наадварот, трэба было нешта прыдумляць, каб ён не бегаў па сцэне. Намаганняў усё гэта запатрабавала каласальных. 

На пытанне, у чым сакрэт іх сямейнага шчасця, Аляксандр Станкевіч адказвае: “У цішыні”. Не трэба прыносіць у дом працоўныя праблемы, надакучваць з пытаннямі пасля рабочага дня. Атрымліваць асалоду ад стасункаў можна нават у маўчанні... “Калі дзеці гэта дазволяць”, — са смехам дадае Інга. 

Напрыканцы размовы Аляксандр запрасіў дзяцей сказаць, што яны думаюць пра сваю сям’ю. Першым адказаў старэйшы Раман, адным словам: “Культурная!” Аліса прамовіла: “Працавітая!” Арсеній дадаў: “Вясёлая!” 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА