Зберагчы песню — зберагчы праўду

Саракавы дзень нараджэння адзначае хор ветэранаў Полацкага гарадскога Палаца культуры. Заснаваны ў 1985-м на базе клуба “Ветэран”, ён з першых дзён стаў месцам яднання франтавікоў, для якіх песня была жывым напамінам пра гераічнае мінулае. Сёння традыцыю працягваюць дзеці вайны, пенсіянеры, людзі з гарачым сэрцам і шчырай душой.

— Сэнс існавання хору заўсёды быў адзін — захаваць у сэрцах людзей памяць пра ваенныя падзеі, пра подзвіг савецкага народа, — расказвае мастацкі кіраўнік Зоя Красненка, якая ўжо 23 гады ўзначальвае калектыў. — Прыярытэтам для нас застаюцца выступленні ў навучальных установах, у вайсковых часцях — дзеля патрыятычнага выхавання моладзі. Бо хто, як не мы, перадасць ім тое, што так важна не забыць? Наша творчасць і грамадзянская місія адзначана званнем “народны”, якое хор атрымаў у 1988-м. 

АД МАРЫ — ДА СПРАВЫ ЖЫЦЦЯ 

Для самой Зоі Ягораўны хор стаў не проста працай, а справай жыцця. Прыйшла яна ў калектыў у 2002-м — па запрашэнні акампаніятара хору Фёдара Гайко. І з таго часу, прызнаецца, іншага лёсу не ўяўляе: 

— З дзяцінства марыла пра мастацтва гукаў, але ўсё пачалося неспадзявана. Да пятага класа я нават не задумвалася пра будучую прафесію. І вось на ўроку літаратуры настаўнік пытае: “Хто кім хоча стаць?” А я сяджу і не ведаю… Раптам быццам нехта падказвае: “Музыкантам!” Я сказала — і з той пары гэта стала маёй мэтай. 

Я вучылася ў звычайнай вясковай школе, але заўсёды любіла спяваць. У восьмым класе вырашыла ісці ў музычнае вучылішча ў Наваполацку — яно толькі адкрылася. Але мама была супраць. 

І ўсё ж я мару захавала. У апошнім класе сумленна рыхтавалася на філалагічны факультэт у БДУ — дзеля матулі. Але як толькі прайшоў выпускны, сабрала дакументы і паехала ў Наваполацк. І паступіла! Спачатку скончыла Наваполацкае музычнае вучылішча, потым — Мінскі інстытут культуры, дырыжорска-харавое аддзяленне. Вось так, праз любоў, упартасць і веру, я прыйшла да сваёй справы — да музыкі, да хору. Тут і душа, і радасць, і боль — усё сапраўднае. І ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. 

ГАЛАСЫ ПРАЗ ЧАС 

Сёння ў хоры — 41 удзельнік: 10 мужчын і 31 жанчына. Найстарэйшаму, Мікалаю Іванову, салісту хору, нядаўна споўнілася 87 гадоў. Менавіта ён, як ніхто іншы, ведае цану памяці: 

— Мне было чатыры. Немец, што часта прыходзіў да маці па малако, аднойчы ціха сказаў: “Ідзіце — вёску будуць паліць”. Мы з іншымі жыхарамі збеглі ў лес, хаваліся... А трох пажылых жанчын, што не паспелі ці не змаглі ўцячы, фашысты загналі ў лазню і спалілі разам з хатамі… Гэта нельга забыць. І калі пасля вайны мы спявалі пра Перамогу — усе плакалі. Плакалі, бо гэта была не проста музыка. Гэта быў плач па тых, каго няма, і радасць, што мы выжылі. Цяпер я зноў выконваю гэтыя кампазіцыі — і ў кожным слове, у кожнай нотцы перад вачыма стаіць ліхалецце. Асабліва дарагія мне “Няхай пра вайну не ведаюць дзеці”, “Паклонімся вялікім тым гадам”, “Дзень Перамогі”. Гэта не проста мелодыі — гэта мая біяграфія, згубленае дзяцінства, боль страты і надзея, што такога больш не будзе. 

Некаторыя ўдзельнікі хору былі тады зусім малымі — нарадзіліся ў 1943—1944 гадах. Але праз аповеды, песні і памяць сваіх родных яны захоўваюць сувязь з тымі падзеямі. 

Асобнае месца ў калектыве займае Уладзімір Шутко — малалетні вязень, які нарадзіўся ў Германіі. Яго дзяцінства прайшло ў бараку: маці працавала на заводзе, а ён жыў сярод калючага дроту і вартаўнікоў. Гэтыя страшныя гады адбіліся ў сэрцы і знайшлі водгук у творах, якія ён выконвае сёння — шчыра, пранікнёна, з болем і надзеяй. 

ЛЕКІ ДЛЯ ДУШЫ 

Зоя Ягораўна з асаблівай цеплынёй распавядае пра рэпертуар хору: 

— Кожная песня — гэта твар нашага калектыву. Мы выбіраем толькі тыя, што нясуць ідэю, мастацкую і эстэтычную каштоўнасць. Падыходзім з душой, абмяркоўваем разам. Напэўна, самыя любімыя — тыя, што праслаўляюць чалавечую працу, і, безумоўна, пра вайну. Гэта наша нязменная традыцыя. 

Сярод іх — “Хлеб — усяму галава”, “Поле”, “Бярозка”, “Ах, калі б зямля ўмела гаварыць”, а таксама культавыя “Паклонімся вялікім тым гадам”, якая лягла ў аснову аднайменнай канцэртнай праграмы. 

Творчае жыццё калектыву насычанае. Рэгулярныя рэпетыцыі тройчы на тыдзень, генеральныя прагоны на сцэне, штогадовы справаздачны канцэрт — амаль двухгадзіннае дзейства, якое праходзіць на адным дыханні. І нават тэхнічныя складанасці не спыняюць творчы парыў. Гукааператар Стас Шарстук — нябачны, але надзвычай важны ўдзельнік працэсу: ён з лёгкасцю падхоплівае настрой хору, наладжвае гук так, каб песня гучала з максімальнай шчырасцю. Палачане называюць канцэрты хору “лекам для душы”. 

Пры хоры дзейнічаюць жаночая вакальная група “Крыніца” і мужчынская “Лад”. Плеяда моцных салістаў дазваляе ствараць разнастайныя праграмы. Калектыў неаднаразова станавіўся лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”, міжрэгіянальнага свята “Песня збірае сяброў”, перамагаў на міжнародным конкурсе “Хвалі шчасця — 2019”. 

Сёлета падрыхтавалі адмысловую праграму “Паклонімся вялікім тым гадам” да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Першы канцэрт адбыўся ў лютым, наперадзе — шэраг выступленняў па ўсёй вобласці. 

— Хочам, каб песня даходзіла да сэрцаў, — кажа кіраўніца. — Каб моладзь ведала, што было. І каб гэтае “было” ніколі не паўтарылася. 

СІЛА Ў АДЗІНСТВЕ 

Калектыў жыве не толькі песняй — у яго ёсць свае душэўныя традыцыі: святкаванне дзён народзінаў пад назвай “Якія нашы гады”, выезды ў лес па грыбы і зёлкі, паэтычныя спаборніцтвы і асаблівая, кранальная традыцыя — наведванне магіл памерлых харыстаў. На кожнай такой сустрэчы гучаць “Журавы” — як рэквіем, як даніна памяці, як абяцанне. 

Напрыканцы красавіка калектыў прымаў гасцей — акадэмічны хор з Хімак. Сумесны канцэрт, што адбыўся ў рамках праекта “Творчы дыялог: Расія — Беларусь”, адкрыў цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных падтрымцы творчага і актыўнага даўгалецця, наглядна даказаў: мастацтва не ведае межаў, а ўзрост не перашкода для натхнення. Зоя Ягораўна адзначыла: 

— Песня яднае. Яна мацнейшая за словы. Яна злучае пакаленні, людзей розных лёсаў, робіць нас бліжэйшымі, нават калі мы ўпершыню сустракаемся. У гэтых гуках — агульная памяць, боль і надзея. Таму, калі спяваем, мы разумеем адно аднаго. 

І, мабыць, няма больш дакладных слоў, чым гэтыя: зберагчы песню — значыць зберагчы памяць. Народны хор ветэранаў з Полацка робіць гэта шчыра, ад сэрца, пасапраўднаму. Таму і гучаць іх галасы актуальна — скрозь гады і эпохі, проста да сэрцаў. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву