Моладзь асэнсоўвае мінулае

Напярэдадні 9 мая ў сталіцы і рэгіёнах ладзілася шмат музычных і тэатральных праектаў да 80-годдзя Вялікай Перамогі, дзе галоўнай дзейнай асобай выступала моладзь. 

ПЕРШЫ САЮЗНЫ 

Гала-канцэрт Першага Саюзнага конкурсу кампазітараў (Расія — Беларусь) прайшоў у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ініцыятарам творчага спаборніцтва выступіла Маскоўская кансерваторыя імя П. Чайкоўскага, арганізацыйныя клопаты ўзяла на сябе наша Акадэмія музыкі. Сярод удзельнікаў — студэнты гэтых ВНУ, якія прадставілі свае творы ваеннай тэматыкі для хору ці салістаў у суправаджэнні фартэпіяна ці ўвогуле без музычных інструментаў. 

Усяго на конкурс было пададзена 17 заявак. Пасля разгляду нотных матэрыялаў журы прапусціла ў другі тур 12 твораў, што прагучалі ў сценах акадэміі. А ў гала-канцэрце выконваліся толькі чатыры найлепшыя. Кожную прэмію падзялілі на дваіх — між прадстаўнікамі Расіі і Беларусі, умацоўваючы сяброўства ўнутры Саюзнай дзяржавы. 

Зводны хор Беларусі і Расіі

Вяршыню п’едэстала скарыла будучы хормайстар Вераніка Астапенка з творам “Ходзяць па небе салдаты”. Хор з яго насычанымі гармоніямі выступаў як аб’ектыўны пачатак. Салісты ўвасаблялі безназоўных салдат, што крочаць з пекла ў рай. А жаночы рэчытатыў асацыяваўся з голасам Багародзіцы, што аплаквае загінулых. Другое месца заняла першакурсніца Яна Салдаценка (клас Ігара Комара), якая некалькімі тыднямі раней стала пераможцай IV Адкрытага конкурсу харавых кампазітараў імя У. Тэраўскага. На цяперашняе спаборніцтва яна прадставіла вакальную мініяцюру “Каля Брэста”, дзе сама выканала інструментальную партыю. Каларытнае, “густое” мецца-сапрана Кацярыны Гагідзэ спалучалася з празрыстымі гукамі фартэпіяна ў верхнім рэгістры, падобнымі да кропляў слёз. Узнікала адчуванне неабсяжнай прасторы — і такога ж бязмежнага болю, разлітага па ёй. 

У пазаконкурснай праграме хор Маскоўскай кансерваторыі прэзентаваў пранікнёны песенны “Страчаны рай” старшыні Беларускага саюза кампазітараў Алены Атрашкевіч. Ціхі меладычны сум быў прасякнуты не безвыходнасцю, а надзеяй: у страчаны рай не вярнуцца, ды можна пабудаваць новае шчаслівае жыццё. 

Фіналам стаў знакаміты тухманаўскі “Дзень Перамогі”. Зводны беларуска-расійскі хор пад кіраўніцтвам нашай Інэсы Бадзяка зайграў яркімі фарбамі. А сапраўдны оперны барытон дэкана вакальна-харавога факультэта Вячаслава Барткевіча дадаў маршу беларускай мяккасці “са слязамі на вачах”. 

ІІІ ПАТРЫЯТЫЧНЫ 

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна- Марцінкевіча, што ладзіць Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі, яшчэ ў 2023-м выступіў з ініцыятывай правядзення на сваёй сцэне Патрыятычнага тэатральнага тыдня — і з 2 па 9 мая прайшоў ўжо трэці такі фестываль. Паралельна тэатр удзельнічаў у адкрыцці пасля маштабнай рэканструкцыі плошчы Перамогі ў Бабруйску. 

Сцэна са спектакля "Дакрананне"

Спектаклі адпаведнай тэматыкі, якія назапасіліся ў рэпертуары калектыву, склаліся на форуме ў лагічную эмацыйную лінію. Ад гістарычнай мінуўшчыны, з гуллівай лірычнасцю адлюстраванай у “Ідыліі”, праз асэнсаванне генацыду ў роздуме “Нюрнберг. Лава падсудных” і гераізму абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў трагедыі “У спісах не значыўся” (гэты спектакль запрошаны ў канцы мая ў Бранск на XXVI Міжнародны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”) — да непераможнага “Васіля Цёркіна”. Упершыню ў форуме ўдзельнічалі госці — “Трыкутнік надзеі”, падрыхтаваны летась лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, дацэнтам Аляксандрам Вавілавым са студэнтамі БДУКМ. У фае арганізавана выстава Бабруйскай гарадской студыі выяўленчага мастацтва “Нашчадкі Вялікай Перамогі”. 

Яшчэ адно новаўвядзенне — экскурсіі “Тэатральнае закуліссе. Тэма вайны ў тэатры”. 

— Гэта мой аўтарскі праект, — распавяла кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі тэатра Таццяна Мурманцава. — Збірала архіўныя звесткі, каб расказаць не толькі пра цяперашнія, але і пра былыя спектаклі тэатра. Працавала над сваім касцюмам: хацелася стварыць аблічча жанчыны даваенных-пасляваенных часоў. Гледачам заўсёды цікавая тэатральная кухня. 

ДЫЯЛОГ ЭПОХ 

Драматычны тэатр Беларускай арміі выпусціў спектакль-канцэрт “Каб заўтра было...”: прэм’ера адбылася 7 і 8 мая. А крыху раней артысты ўдзельнічалі ў філарманічным праекце “Жыві і памятай”, дзе фрагменты спектакляў “Радавыя”, “Ты памятаеш, Алёша” спалучаліся са спевамі ансамбляў “Купалінка” і Brand.by. 

На экскурсіі "Тэатральнае закуліссе. Тэма вайны ў тэатры"

— “Каб заўтра было...” — не разавая акцыя, — падкрэсліў мастацкі кіраўнік тэатра, рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар інсцэніроўкі Арцём Пінчук. — Спектакль стане рэпертуарным. Нам хацелася адмовіцца ад ваенных клішэ і паразмаўляць пра нас цяперашніх, пра тое, як мы сёння ставімся да Вялікай Айчыннай. Я шукаў у архівах гісторыі таго часу, перададзеныя праз ліставанне, успаміны. Там закрануты многія тэмы: каханне, смерць, голад, нават гумар. Артысты зачытваюць дакументальныя сведчанні — і пачынаюць разважаць, што значаць тыя паняцці для нас. Гэтыя тэксты таксама былі прапісаны, але я дазваляў артыстам дадаваць свае думкі, эмоцыі, каб адбываўся сапраўдны дыялог эпох — не рэквіем, а гімн жыццю. Няма звыклай сцэнаграфіі, гістарычных касцюмаў. Песні таксама выконваюцца не толькі ваеннага часу, але і сучасныя. Ёсць і вершы Пастэрнака, Сіманава, і адмысловая сучасная пластыка: харэографам выступіла артыстка балета нашага Вялікага тэатра Наталля Ганчарык. 

Надзея БУНЦЭВІЧ