За дзень наступны ўсяе зямлі

Незвычайны інтэрактыўны патрыятычны праект з’явіўся летась на старонках часопіса “Мастацтва”. А сёння яго плён ужо вандруе па свеце, прасоўваючы гістарычную праўду, звязваючы пакаленні і аб’ядноўваючы творцаў дзеля мірнай будучыні.

МАСТАЦТВА І ТЭХНАЛОГІІ 

Праект “За дзень наступны ўсяе зямлі” ініцыяваны рэдакцыйна-выдавецкай установай “Культура і мастацтва” ў 2024-м з нагоды дзвюх святых дат — 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сярод мэт — захаванне гістарычнай памяці, выхаванне патрыятызму, развіццё патэнцыялу маладых аўтараў на найлепшых прыкладах беларускай мастацкай школы. Сродкі дасягнення — найноўшыя тэхналогіі: гістарычная праўда прасоўваецца праз папулярызацыю твораў мастацтва на ваенную тэматыку з выкарыстаннем дапоўненай рэальнасці. Да праекта далучыліся найбуйнейшыя скарбніцы краіны — Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, якія прапаноўваюць для тыражавання палотны са сваіх калекцый. 

У межах праекта ўжо выдадзена 16 нумароў часопіса “Мастацтва” з інтэрактыўнымі карцінамі. Першай убачыла свет работа Аляксандра Дзямарына “Пераправа. Год 1944”. Пасля былі прадстаўлены “Партызанскія сцежкі” Віктара Грамыкі, “Перад рэйдам па тылах ворага” Сяргея Раманава, “Год 1944. Вызваленне” Анатоля Шыбнёва, “Вечны агонь” Мая Данцыга, “Віцебскія «вароты»” Міхаіла Савіцкага, іншыя шэдэўры. На кожным — QR-код. Сістэма распазнае выяву і запускае анімацыю — дастаткова навесці смартфон на “разумны” квадрацік, а затым на карціну. Такі ІТпадыход дазваляе заглыбіцца ў прастору мастацкага твора, убачыць і нават пачуць дзеянне. Відэакантэнт рыхтуюць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дапоўненая рэальнасць, захаванне і абнаўленне праграмы на воблачным хостынгу забяспечаны кампаніяй “АР Фокс”. 

ЗА МЕЖЫ ЧАСОПІСА 

Сёлета праект выйшаў за межы глянцавых старонак: серыю інтэрактыўных рэпрадукцый вывелі ў планшэтным фармаце і аформілі ў мабільную выставу. Першых гледачоў яна прывабіла ў лютым. Тады з патрыятычнай ініцыятывай “За дзень наступны ўсяе зямлі” пазнаёміліся ўдзельнікі выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з розных рэгіёнаў.

Знакавым стала прадстаўленне інавацыйнай экспазіцыі ў Палацы Рэспублікі ў рамках паказаў канцэрта-рэквіема “Кожны трэці”. Іх у красавіку цягам тыдня наведвалі дэлегацыі працоўных калектываў з усіх абласцей Беларусі. 

Планшэтная выстава "За дзень наступны ўсяе зямлі" ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

— Для нас гэта асаблівы гонар і магчымасць унесці ўклад у захаванне памяці аб подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — падкрэслівае дырэктар РВУ “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова. — Выстава будзе дэманстравацца на самых розных пляцоўках, каб як мага больш людзей дакранулася да свяшчэннай для беларусаў гісторыі. У сучасным свеце вельмі важна зберагаць праўду пра тыя падзеі. Наш праект дапамагае разумець, што адбывалася ў мінулым, і шанаваць сённяшні мірны дзень. Галоўны акцэнт робім на прыцягненні да тэмы вайны і Вялікай Перамогі ўвагі моладзі. Бо, як казаў у адным з выступленняў Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, “…прыйшоў час моладзі прымаць эстафету ў старэйшых пакаленняў і падтрымліваць Вечны агонь гэтай памяці. Падтрымліваць дзеля міру на нашай зямлі”. 

АБАВЯЗАК І АДКАЗНАСЦЬ 

Выстава “За дзень наступны ўсяе зямлі” ў Палацы Рэспублікі штодня збірала шматлікіх зацікаўленых. 

— Фарміраванне патрыятызму і патрыятычнае выхаванне маладога пакалення — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь, — заўважыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Шыпула. — Сімбіёз класічнага беларускага жывапісу XX стагоддзя на ваенную тэму і сучасных тэхналогій, выкарыстаны ў праекце “За дзень наступны ўсяе зямлі”, дае магчымасць людзям рознага ўзросту, асабліва моладзі, пагрузіцца ў падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя дапамагае ўсвядоміць, што Перамога была дасягнута звычайнымі людзьмі, многія з якіх дзякуючы ўнутраным якасцям сталі героямі. Яны па ставілі на кон свае жыцці, заваяваўшы для нас мірную будучыню. Сімвалічна, што экспазіцыя праходзіць напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, нагадваючы кожнаму: захаванне гістарычнай памяці — гэта наш абавязак, гэта наша адказнасць. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб памяць аб вайне жыла ў сэрцах людзей і яе ўрокі не былі забыты. 

Ацаніў інавацыйную выставу і першы намеснік генеральнага дырэктара БелТА Васіль Мацвееў: 

— Праект незвычайны, пазнавальны. Уражвае ідэя ажывіць карціны, зрабіць іх з дапоўненай рэальнасцю: калі глядзіш на твор, уключаюцца ўсе органы пачуццяў. Гэта, безумоўна, прываблівае моладзь. 

Пазнаёміцца з мабільнай экспазіцыяй медыяхолдынга “Культура і мастацтва” маглі і студэнты Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, і вучні гімназіі № 13 горада Мінска. Дарэчы, у гэтай установе праект убачылі не толькі гаспадары, але і госці з іншых школ сталіцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі захоплена разглядалі карціны, з дапамогай ІТ пераносіліся ў ваенны час, з цікаўнасцю адказвалі на пытанні віктарыны па матэрыялах выставы. 

Ісак Давідовіч. "Перамаглі"

— Дзякуючы ўнікальнаму інтэрактыўнаму фармату экспазіцыя стала моцным інструментам мастацка-патрыятычнага выхавання новага пакалення, — адзначыла дырэктар гімназіі Юлія Бакун. 

РЭЗАНАНС У МЕДЫЯ 

Інавацыйны праект выклікаў увагу СМІ. Пра яго расказваюць на Першым інфармацыйным тэлеканале, у стужцы БелТА, на старонках прэсы. Чытаем на сайце выдавецкага дома “Беларусь сегодня”: “Выстава не пакінула абыякавай госцю канцэрта-рэквіема «Кожны трэці» з Бабруйска работніка дашкольнай установы Алену Бяржанскую: 

— Мне здаецца, менавіта на такой мове трэба гаварыць з дзецьмі пра вайну. Гэтая выстава абыякавымі іх не пакіне. Падзеі мінулага сапраўды ажываюць і ўстаюць перад вачыма. З аднаго боку, гэта вельмі сучасны падыход. З іншага — самі палотны кранаюць цябе да слёз і напаўняюць сэрца гонарам за пакаленне пераможцаў, іх унукаў і праўнукаў”. 

На сайце БелТА, распавядаючы пра інтэрактыўную экспазіцыю “За дзень наступны ўсяе зямлі”, спасылаюцца на думкі пенсіянеркі Валянціны Шацілавай: “Фармат карцін, што ажылі, — вельмі цікавы і дзейсны спосаб паглыблення моладзі ў гісторыю нашай зямлі”. Прыводзяцца словы яшчэ адной мінчанкі, Святланы Кажарскай: “Праект уражвае не толькі мяне, чалавека старэйшага пакалення, але і моладзь. Мне здаецца, яе асабліва зачэпіць эфект ажывання. Гэта такая рэч, якая бярэ за сэрца, душу, абуджае розныя эмоцыі — ад радасці да слёз. Гэта не казкі, а рэальныя гісторыі, якія мне расказвала мама, а я ўжо сваім дзецям і ўнукам”. 

АНІМАЦЫЯ З ІНТЭЛЕКТАМ 

Чым яшчэ інавацыйны праект прываблівае гледачоў? Напэўна, і тым, што над ім шчыруе моладзь. Сакрэтамі працы над ажыўленнем палотнаў падзялілася прафесар кафедры тэорыі і практыкі камунікатыўнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Крысціна Стрыкелева: 

— Пры падрыхтоўцы праекта студэнты разумеюць усю адказнасць, якая на іх ускладзена. Для нас гэта цікавы досвед. Цяпер з’яўляецца шмат анімацый карцін ад штучнага інтэлекту, але тое больш механічны працэс, здольны сказіць стыль мастака. Нашы ж студэнты да выканання задачы падышлі вельмі далікатна. 

Анатоль Шыбнёў. "Вызваленне Мінска"

Крысціна Стрыкелева адзначае, што прывіваць моладзі патрыятызм праз творчыя метады — найбольш эфектыўна і цікава. Ажыўленне карцін — адзін з такіх прыёмаў. Падобныя формы працы мяркуюць падключэнне менавіта чалавечага інтэлекту, душы, глыбокае аўтарскае пранікненне ў тэму і аказваюцца вельмі плённымі для навучання і выхавання новага пакалення. 

ШЭСЦЕ ПРАЦЯГВАЕЦЦА 

Праект крочыць па краіне: напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі наша мабільная выстава разгортвалася і ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, і ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Неўзабаве прэзентацыя праекта “За дзень наступны ўсяе зямлі” адбудзецца ў Душанбэ на XVIII Форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі краін — удзельніц СНД. Чакаецца, што мабільную выставу ўбачаць і шматлікія госці XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, які ладзіцца ў ліпені. 

Шэсце праекта працягваецца: хутка з’явіцца новая серыя карцін. Усяго за 2024—2025 гады ажывуць 24 палотны з залатога фонду беларускага мастацтва. Наперадзе — шмат планаў і перспектыў, якія абавязкова здзейсняцца. Захоўваючы гістарычную праўду, мы абараняем нашу мірную будучыню. 

Святлана ЧЭКАЛАВА