Важны, актуальны, своечасовы

Апублiкавана: 17 мая 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Так Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў візіт То Лама ў нашу краіну. Сустрэча Прэзідэнта Беларусі і Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама адбылася 12 мая ў Палацы Незалежнасці.

Кіраўнік нашай дзяржавы назваў То Лама добрым сябрам і адзначыў, што бакі правялі адкрыты і грунтоўны абмен думкамі па шэрагу актуальных пытанняў і падрабязна абмеркавалі перспектывы далейшай працы. 

Паводле слоў беларускага лідара, сур’ёзную ўвагу ўдзялілі прамысловасці, перш за ўсё машынабудаванню. Традыцыйна адным з галоўных пытанняў парадку дня стала супольная работа ў сферы сельскай гаспадаркі і пастаўкі прадуктаў харчавання. Таксама было прынята рашэнне актывізаваць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай галіне і правесці сёлета чарговае пасяджэнне сумеснай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў і прыкметны прагрэс ва ўмацаванні двухбаковых гуманітарных сувязей. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў 2024-м адносіны паміж дзвюма краінамі сталі больш шчыльнымі за кошт развіцця народнай дыпламатыі па лініі моладзевых, грамадскіх арганізацый, экспертных колаў, медыяструктур. А з 30 студзеня 2025 года паміж Беларуссю і В’етнамам дзейнічае бязвізавы рэжым. Наспела пытанне найхутчэйшага адкрыцця прамых авіязносін: людзі пачынаюць інтэнсіўна развіваць стасункі. Лідар выказаў спадзяванне на працяг гэтай пазітыўнай дынамікі і назваў сярод прыярытэтных напрамкаў культуру, спорт, турызм.

Кіраўнік нашай дзяржавы заявіў і аб дамоўленасці больш цесна працаваць з В’етнамам у сферы адукацыі. Акрамя таго, падчас гутаркі былі закрануты прамыя сувязі паміж рэгіёнамі дзвюх краін — ёсць вялікі нерэалізаваны патэнцыял. 

Як заўважыў Прэзідэнт, умацаванню беларуска-в’ет- намскага сяброўства, гуманітарных і культурных сувязей паспрыяе і правядзенне Дзён Ханоя, якія стартавалі 12 мая ў Мінску. 

— Мы дапрацуем план нашых сумесных дзеянняў на найбліжэйшыя тры і больш гадоў — “дарожную карту” па далейшым развіцці нашага супрацоўніцтва, падпішам яе ў ходзе чарговай сустрэчы на найвышэйшым узроўні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў То Ламу за візіт у Беларусь. 

— Ён для нас быў вельмі важным і актуальным. А самае галоўнае, своечасовым, — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Пасля перагавораў лідараў прайшло каля 10 двухбаковых сустрэч на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў. Абмяркоўвалася рэалізацыя дамоўленасцей паміж Аляксандрам Лукашэнкам і То Ламам. Быў падпісаны шэраг дакументаў, якія павінны замацаваць стратэгічны характар супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам.

Падрабязней — на сайце president.gov.by