Ахоп усіх сфер культурнага ўзаемадзеяння прадугледжвае праграма супрацоўніцтва, якая днямі была зацверджана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры, спорту і турызму Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам.
Дакумент падпісалі міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі і міністр культуры, спорту і турызму Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Нгуен Ван Хунг.
У праграму супрацоўніцтва ў нашай сферы на 2026—2028 гады ўключаны шэраг важных для абедзвюх краін мерапрыемстваў. Да прыкладу, Дні культуры В’етнама ў Беларусі ў 2027-м, прымеркаваныя да 35-годдзя дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі. У адказ Дні культуры Беларусі ў В’етнаме прапануецца правесці ў 2028-м.
Акрамя таго, цяпер мусяць наладжвацца абмен інфармацыяй пра аб’екты культурнай і прыроднай спадчыны, забяспечвацца ўмовы для прамога супрацоўніцтва паміж установамі галіны.
У дакуменце прапісаны ахоп усіх сфер культурнага ўзаемадзеяння — выканальніцкай, выяўленчай, народнай, цыркавой творчасці, а таксама абмен мастацкімі калектывамі і дэлегацыямі для ўдзелу ў міжнародных фестывалях, семінарах, канферэнцыях, форумах па пытаннях культуры і мастацтваў, якія арганізоўваюцца ў абедзвюх дзяржавах.
Бакі ўпэўнены: праграма будзе спрыяць пашырэнню культурных сувязей, знаёмству насельніцтва Беларусі і В’етнама з гісторыяй і разнастайнасцю нацыянальных культур гэтых краін.
Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры