На­шы любімыя ге­роі

У рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам” артысты Маладзёжнага тэатра эстрады працягваюць дзяліцца ўспамінамі аб сваіх родных, якія зрабілі пасільны ўнёсак у набліжэнне Вялікай Перамогі. 

— Павел Цітовіч Грышанаў, мой дзядуля, адправіўся на фронт у 35-гадовым узросце ў верасні 1941-га. Усю вайну прайшоў у спецыяльным званні камісара асобнага сапёрнага батальёна, — расказвае пра героя сям’і спявачка Алена Грышанава. — У 1942-м атрымаў першы медаль “За баявыя заслугі”. Пазней — ордэны Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”. 

Дэмабілізаваўся дзядуля ў 1946-м, — працягвае Алена. — Пасля плённа аднаўляў народную гаспадарку БССР — у гродзенскіх партыйных органах на пасадах першага сакратара райкама, старшыні абкама работнікаў сельскай гаспадаркі. За гэта быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”. Бабуля Аляксандра Іванаўна ў ліхалецце была бухгалтарам у калгасе і атрымала медаль “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”. 

З маленства на майскія святы мы з сястрой прыязджалі да іх у госці. Нягледзячы на ўсе перажытыя жахі, бабуля і дзядуля да апошняга заставаліся вельмі ўсмешлівымі, добрымі людзьмі. Штогод разам мы хадзілі на парад у гонар Дня Перамогі. Ярка адбілася ў сэрцы адчуванне ўсеагульнай радасці, якое панавала там. 

Бясконца ганаруся, што я — унучка гэтых герояў, светлымі ўспамінамі пра якіх прасякнута ўся мая творчасць. 

Анамурад Чарыеў — дзядуля папулярнага спевака Шыра Чарыева, больш вядомага як Shir, — нарадзіўся ў Туркменскай ССР. У 1941-м яго прызвалі служыць на Каўказ, амаль за чатыры з паловай тысячы кіламетраў ад беларускай мяжы. 

— Нярэдка ў моладзі, што ўдзельнічае ў акцыі і чуе гэтую гісторыю, узнікае пытанне, як вайна закранула Туркменістан. Тады я тлумачу: у адзіным Савецкім Саюзе за лёс кожнай рэспублікі дружна змагаўся ўвесь народ. Ніхто не заставаўся ўбаку. На Каўказе фашысты імкнуліся захапіць нафту, якую і ахоўваў мой дзядуля. Ён служыў там да 1947-га, удзельнічаў у аднаўленні мясцовасці пасля шматлікіх разбурэнняў. А ў 1948-м, калі ў Ашхабадзе адбыўся моцны землятрус, дзядуля адправіўся адбудоўваць горад, — расказвае артыст. 

Пасільны ўклад у Перамогу ўнеслі і жанчыны з сям’і спевака. Так, бабуля па мамінай лініі, Фатма Аліева, нават спрабавала ўцячы з дому, каб дапамагаць абаронцам, але бацька паспеў спыніць яе на вакзале. Тады дзяўчына арганізавала сваіх сяброў. Разам яны збіралі бавоўну і шэрсць, шылі цёплае адзенне і адпраўлялі яго на фронт. За гэта бабуля атрымала ганаровае званне “Працаўнік тылу”. 

— Большасць фактаў аб героях сям’і даведаўся ад бацькі, Даўлетмурада Чарыева, які двойчы прызываўся на вайну ў Афганістане, — распавёў Shir. — Тата заўсёды вучыў: кожны мужчына павінен стаяць за Радзіму, дом і блізкіх. Цяпер павагу да Вялікага Подзвігу выхоўваю ў сваіх дзецях. 

Акцыя “Разам з мастацтвам” праводзіцца Маладзёжным тэатрам эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Галоўныя задачы — падкрэсліць уклад нашага народа і дзеячаў культуры ў Вялікую Перамогу, аддаць даніну памяці героям, якія ваявалі і працавалі дзеля росквіту краіны.  

— Прадзядуля — Аляксей Рыгоравіч Ракашэвіч — нарадзіўся ў 1911-м у вёсцы Хацяж у Брэсцкай вобласці, — адзначае Вольга Калеснікава, спявачка, аўтар вершаў і музыкі. — Быў падрыўніком у партызанскім атрадзе да 1944-га, атрымаў медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.” і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. 

Бабулю і дзядулю ліхалецце заспела яшчэ зусім дзецьмі, — працягвае Вольга. — Назаўжды запомніла гэтых цікавых, бясконца добрых, светлых і бясстрашных людзей, якія хварэлі душой за нашу краіну і сям’ю. Аб перажытай трагедыі амаль не гаварылі: занадта балюча і цяжка. 

Сваю гісторыю бабуля спявачкі — Ганна Сцяпанаўна Калеснікава — расказала ўнучцы толькі аднойчы. 

— Яна была найстарэйшай дачкой з чатырох дзяцей. Фашысты прыйшлі ў іх вёску, калі бабулі споўнілася ці то 10, ці то 11 гадоў, — распавядае артыстка. — Злачынцы сагналі мірных жыхароў у хлеў і падпалілі яго. Некаторым удалося выбрацца — магчыма, праз разбітае акно. Людзі ўцякалі ў поле, дзе каласілася жыта. Бабуля з малодшым братам на руках паспела схавацца, а маму і іншых дзетак расстралялі проста на яе вачах. Брата з сястрой, якія цудам выратаваліся, адправілі ў дзіцячы дом. 

Дзядуля — Міхаіл Іванавіч Калеснікаў — схлусіў аб узросце, каб патрапіць на фронт, — распавядае Вольга. — Такую вялізную мужнасць умяшчала душа дзіцяці. Гэтыя невычэрпныя сіла духу і адвага савецкага чалавека, які і не думаў схавацца, адсядзецца дзесьці ў старонцы, заўсёды здзіўлялі мяне. 

Сустрэліся яны пасля вайны і прайшлі разам шчаслівы шлях. Вучылі нас, унукаў: галоўнае — зберагчы мір. У поўнай меры ўсвядоміла глыбіню настаўленняў бабулі і дзядулі значна пазней. 

Чыстае неба над галавой, сённяшнія цудоўныя ўмовы для жыцця і развіцця… Хіба ёсць нешта важнейшае? Шчасце, што магу даносіць гэта да моладзі ў рамках акцыі. Захаваць памяць аб Вялікім Подзвігу — наш святы абавязак. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіваў герояў і з сайта тэатра