Надзея Вікенцьеўна Зюба (Цярэшка) з’явілася на свет у 1922 годзе ў вёсцы Войкава Уздзенскага раёна — той яго частцы, што належала БССР паводле Рыжскага мірнага дагавора. Перад вайной далучылася да камсамола, скончыла сярэднюю школу і паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага.
У ліхалецце маладая настаўніца стала сувязной партызанскіх атрадаў брыгады № 300 імя К. Варашылава. За асабістую адвагу, выкананне загадаў і заданняў камандавання, актыўную дапамогу ў партызанскай барацьбе супраць гітлераўцаў ушанавана медалём “Партызану Айчыннай вайны”. Але сваёй галоўнай узнагародай за вытрыманыя з гонарам выпрабаванні Надзея Зюба лічыць каханне.
З першымі жыццёвымі праблемамі Надзея Вікенцьеўна сутыкнулася пасля паступлення ў інстытут. Многія юнакі і дзяўчаты з матэрыяльных прычын пераводзіліся на завочнае навучанне. Установа садзейнічала ў працаўладкаванні. Найлепшым камсамольцам давалі накіраванне ў нядаўна далучаныя да СССР раёны Заходняй Беларусі.
Туды трапіла і наша гераіня. Яе пасля першага курса літаратурнага факультэта, перад самай вайной, адправілі ў адну з ранейшых польскіх школ.
— Час быў няпросты, — успамінае Надзея Вікенцьеўна. — Але я змагла ўпісацца ў складаны польска-савецкі калектыў.
Калі грымнула вайна, жыццё змянілася ў адно імгненне. Раптам высветлілася, што сярод навакольных ёсць нягоднікі, і нямала. Яны даносілі і паклёпнічалі захопнікам на ўсіх, хто чымсьці ім не падабаўся.
— Калі ва Узду прыйшлі немцы, я працавала ў школе, — працягвае аповед ветэран. — Сяброўку з суседняй вёскі расстралялі. Мяне таксама шукалі. Але людзі сказалі, што такая тут не жыве. Маўляў, раней прыязджала, а цяпер не. Мне пашанцавала. У суседняй вёсцы, Хароміцкія, дзвюх студэнтак, якія на летнія канікулы 1941 года прыехалі да мамы, расстралялі. У адной ужо дзіцятка было. Нейкі падлюга данёс, што іх бацька — чырвонаармеец…
Маладая настаўніца перабралася ў паселішча Гушчына. Там арганізавалася чатырохгадовая пачатковая школа. Старэйшых вучылі ў Лошы. Людзі разумелі, што дзецям трэба даць адукацыю. Немцы часам прыходзілі, назіралі. Кожны такі візіт наводзіў страх і мог скончыцца непрадказальна. Партызаны дапамагалі, наколькі атрымлівалася. Папярэджвалі пра небяспеку.
Па словах ветэрана, савецкае падполле на Уздзеншчыне было сапраўды ўсенародным. Яно дзейнічала практычна ў кожным населеным пункце, а ў самой Уздзе існавала некалькі падпольных арганізацый. Працаваў Уздзенскі падпольны райкам КП(б)Б.
— І ў нас з’явілася свая падпольная арганізацыя, — распавядае Надзея Вікенцьеўна. — Ох, колькі было такіх! Малайцы нашы хлопцы і дзяўчаты!
У гады акупацыі людзі аказаліся вымушаны падладжвацца пад абставіны: хадзілі на працу, працягвалі неяк жыць, шукалі аддушыну.
— Ноч не спіш, думаеш, — успамінае ветэран. — А каб адключыцца ад рэальнасці, чыталі. Памятаю, у першыя дні акупацыі, калі было асабліва страшна, мне прынеслі раман Анарэ дэ Бальзака. І я чытала яго на печы пад святлом газавай лямпы.
Па словах партызанкі, у вялікай вёсцы Тычынкі часам ладзілі танцы. На іх збіраліся маладыя дзяўчаты і хлопцы-падлеткі. Дарослых мужчын не было. Хто на фронце, хто ў партызанах. Некалькі разоў на такія вечарыны прыходзіла, каб паслухаць музыку, і Надзея Вікенцьеўна. Гралі там музыкі-самавукі — у асноўным на гармоніках, балалайках, бубнах, домрах.
— Усе мы стваралі на нейкі час ілюзію, — тлумачыць ветэран. — Інакш цяжка вытрымаць пастаяннае напружанне, у якім знаходзіліся. Жыццёва неабходна было адарвацца ад будзённасці, бо яна была жахлівай. Немцы расстрэльвалі ўсіх, хто трапляўся пад руку. Столькі гора навокал!
З будучым мужам, партызанскім разведчыкам і камісарам Аляксеем Зюбам, Надзея Вікенцьеўна пазнаёмілася, можна сказаць, на працы. Падпольнай.
Год яны сябравалі, не адкрываліся адно аднаму. А пажаніліся пасля вызвалення Беларусі. Пазней Аляксей Стэфанавіч займаў адказныя пасады на самых буйных прадпрыемствах Мінска. Надзея Вікенцьеўна завяршыла адукацыю ў Белдзяржуніверсітэце і працавала там да выхаду на пенсію ў 1983 годзе.
— Пасля вайны мы, маладыя, з галавой акунуліся ў культурнае жыццё беларускай сталіцы, — прыгадвае партызанка. — Вядома ж, галоўнай забавай быў тэатр. Мы не прапускалі ніводнай прэм’еры ў Беларускім дзяржаўным тэатры (цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Цяжка палічыць, колькі разоў мы бачылі нашу любімую “Паўлінку”…
З захапленнем Надзея і Аляксей глядзелі і ўсе новыя фільмы, чыталі новыя кнігі. Наогул, стараліся даведацца як мага больш. Пасля пакут быў асаблівы смак да жыцця. Людзі тады разумелі: самае страшнае засталося ў мінулым. І яны радаваліся кожнаму мірнаму дню.
— А галоўнае — у нас было вялікае каханне, — завяршае аповед жывая сведка вайны. — Мы з Алёшам пажаніліся ў першы пасляваенны год. У 1947-м нарадзілася дачка. Праз некалькі гадоў — сын. У нас была ўзорная сям’я. Нам пашанцавала адзначыць залатое вяселле. І калі б мяне папрасілі апісаць наша жыццё адной фразай, я б сказала пра самае важнае: “Мы 50 гадоў пражылі на крылах кахання”.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота з архіва гераіні