Асэнсаваць трагедыю праз творчасць

Апублiкавана: 13 мая 2025 Стужка Тэатры Мінск Падзеі

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Багата праектаў, прысвечаных Вялікай Перамозе, прадставіла Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Гэта дзве незвычайныя прэм’еры — пастаноўка “Ціха тут на досвітках…” на кітайскай мове і імерсіўны спектакль “Маладая гвардыя. Партал”, а таксама выстава “Святло Перамогі нязгаснае”. 

— Усе творчыя ініцыятывы аб’ядноўваюць боль трагедыі Вялікай Айчыннай вайны і радасць Вялікага Подзвігу савецкага народа. Бясконца ўдзячны студэнтам, маладым людзям, якія ведаюць пра тыя страшныя падзеі толькі па расказах, за актыўную дзейнасць па захаванні гістарычнай спадчыны, — адзначыў рэктар БДАМ Міхаіл Баразна

УВАСАБЛЕННЕ ГЕРАІЗМУ 

Прэм’ еру — спектакль “Ціха тут на досвітках...” — на сцэне вучэбнага тэатра-студыі імя Е. Міровіча зладзілі 17 красавіка. Пастаноўку зрабілі кітайскія магістранты спецыяльнасці “Тэатразнаўства”. Рэжысёр — выпускнік магістратуры Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, аспірант Акадэміі Ян Пэйхань. 

Падчас адкрыцця выставы "Святло Перамогі нязгаснае" 

— Многія ў Кітаі ведаюць гэту гісторыю і паважаюць герояў, якія змагаліся з фашыстамі, — распавёў выканаўца ролі Фядота Васкова Лю Ханьюань. 

У падрыхтоўцы спектакля паўдзельнічалі беларускія студэнты акадэміі. Яны прадаставілі графічныя творы для афармлення сцэны. Глядзелі пастаноўку ўсе ахвочыя: арганізатары суправадзілі дзеянне субцітрамі на рускай мове. 

Другую прэм’еру — спектакль “Маладая гвардыя. Партал” — паказалі 24 красавіка. Рэжысіравала пастаноўку дэкан тэатральнага факультэта, дацэнт кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры Наталля Башава- Іванава. У ролях — найлепшыя студэнты тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў. 

Спектакль створаны паводле рамана Аляксандра Фадзеева, што прысвечаны чырванадонскай маладзёжнай падпольнай арганізацыі “Маладая гвардыя”, многіх членаў якой забілі нямецкія захопнікі. Прататыпамі для большасці галоўных герояў паслужылі рэальныя сябры аб’яднання. 

Зварот у будучыню 

Калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў заклаў у сцяну капсулу з пасланнем студэнтам 2035 года. “Памяць аб подзвігу не павінна быць аддадзена забыццю” — пад такім дэвізам 30 красавіка прайшла ўрачыстая цырымонія, прысвечаная 80-й гадавіне Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемства зладзілі ў рамках праекта “Сцяжынамі вайны”, што аб’ядноўвае моладзь Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры. 

ДЫЯЛОГ ПАКАЛЕННЯЎ 

Выстава “Святло Перамогі нязгаснае” разгарнулася ў галерэі “Акадэмія” пры БДАМ. Праект аб’яднаў працы студэнтаў, масцітых выпускнікоў і адмыслоўцаў ВНУ. 

Карціны і скульптуры, самыя раннія з якіх створаны ў 1950-я, дазваляюць убачыць падзеі ваеннага ліхалецця вачамі некалькіх пакаленняў мастакоў. 

Імерсіўны спектакль "Маладая гвардыя. Партал"

— Экспазіцыя — вынік амаль 80-гадовай дзейнасці акадэміі па праслаўленні Вялікага Подзвігу. У нашых архівах шмат твораў, прысвечаных той крывавай трагедыі, — адзначыў Міхаіл Баразна. — Тут дэманструюцца работы Віктара Барабанцава, Алега Карповіча, Іосіфа Капеляна, Юрыя Выхадцава, Уладзіміра Масленікава, Фёдара Шурмялёва і іншых таленавітых айчынных мастакоў. 

Адна са студэнцкіх прац — маляўнічая манументальная кампазіцыя Лізаветы Янковай, вучаніцы шостага курса мастацкага факультэта, лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Паводле слоў юнай мастачкі, твор прысвечаны легендарнаму Канстанціну Ракасоўскаму і прадстаўляе ўсе віды тэхнікі і ўзбраення, што выкарыстоўваліся падчас вызваленчай аперацыі “Баграціён”. 

— Глыбока і дакладна адлюстраваны жахі вайны ў творчасці моладзі — вялікае дасягненне педагагічнага калектыву акадэміі, — заўважыла падчас адкрыцця выставы Марына Юркевіч, начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры. — У перспектыве гэтыя працы могуць упрыгожыць мемарыяльныя комплексы, дзеля чаго сёння забяспечваюцца ўсе неабходныя ўмовы. 

“Святло Перамогі нязгаснае” не манумент, а жывы дыялог паміж пакаленнямі, спроба асэнсаваць, як мастацтва становіцца мостам паміж мінулым і будучыняй, паміж асабістай памяццю і гісторыяй краіны. У планах арганізатараў — пазнаёміць як мага больш беларусаў з унікальнымі экспанатамі. Летам выстава адправіцца ў падарожжа па краіне, каб да кожнага данесці значнасць подзвігу тых, хто абараняў нашу свабоду і незалежнасць. 

Творы айчынных мастакоў з нагоды важнай даты экспануюцца і далёка за межамі краіны, амаль за чатыры тысячы кіламетраў ад Мінска. Так, выстава “Салют Перамогі” — сумесны праект акадэміі, Беларускага саюза мастакоў і расійскага інстытута мастацкіх і гуманітарных праектаў — адкрылася 22 красавіка ў Музеі воінскай славы імя В.М. Грыгора, што знаходзіцца ў горадзе Наябрск (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга Расійскай Федэрацыі). 

Старшы выкладчык кафедры жывапісу і графікі БДАМ Фёдар Шурмялёў прадставіў на выставе свае працы “Лён” і “Гняздо” ў тэхніцы літаграфія і дыпломныя работы студэнтаў і выпускнікоў з акадэмічнага фонду ВНУ. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з сайта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў