Лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Максіміліян Мазоль станавіўся двойчы. Што схавана за гэтым фактам з жыцця маладога акардэаніста? Незвычайная мэтанакіраванасць, вернасць мары і бязмежная любоў да музыкі. Прынамсі, такі адказ прыходзіць на думку пасля размовы з героем рубрыкі.
— Максіміліян, з чаго пачаўся ваш творчы шлях?
— З маленства захапляўся спевамі, танцамі і амаль не разлучаўся з цацачнай гітарай. У сем гадоў трапіў на дзень адчыненых дзвярэй у мінскі Палац дзяцей і моладзі “Золак” — гэта лёсавызначальная падзея. Мяне адразу пацягнула ў клас, адкуль даносіліся чароўныя гукі — як здалося спачатку, фартэпіяна. На самай справе ў невялікім пакоі гралі на баяне і акардэоне. Я паспяхова справіўся з праслухоўваннем і стаў наведваць гурток пад кіраўніцтвам Пятра Міхайлавіча Назаранкі. Музычны свет тады бачыўся не надта цікавым: заняткі патрабавалі ўседлівасці і ўважлівасці, у той час як у думках былі вясёлыя бесклапотныя гульні з сябрамі. Мінула паўтара года, і Пётр Міхайлавіч заявіў, што з маімі здольнасцямі трэба пераходзіць да наступнага этапу навучання, авалодваць больш глыбокімі ведамі і грунтоўнымі навыкамі. Дзякуючы чуламу педагогу я паступіў у цудоўную музычную школу № 2 імя М.І. Аладава ў клас Анастасіі Барысаўны Рубінай. Праз год трапіў да маёй музычнай мамы — Жанны Аляксандраўны Шаптуновай.
— Дзе працягнулі адточваць выканальніцкае майстэрства?
— Адначасова з музычнай школай заканчваў дзявяты клас агульнаадукацыйнай гімназіі. Доўга думаў, куды далей рухацца. Вызначыцца на раздарожжы дапамаглі парады блізкіх і настаўнікаў, за якія бязмерна ўдзячны. У выніку паступіў у Рэспубліканскую музычную гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У гэтым дзіўным месцы канчаткова палюбіў інструмент, набыў багаты творчы і жыццёвы вопыт. Чакана, што вышэйшую адукацыю вырашыў атрымаць у БДАМ.
— Велізарнае значэнне для музыканта мае канцэртная дзейнасць. Калі вы пазнаёміліся са сцэнай?
— Наколькі памятаю, дэбют здарыўся пасля першага года навучання ў школе. Прадстаўляў дастаткова складаную для майго ўзросту апрацоўку песні “Дзве вясёлыя гусі” і вельмі ганарыўся гэтым, хоць і моцна хваляваўся перад выхадам. Затым паехаў на VIII Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча (2018 год). Прызавое месца тады не заваяваў, але досвед быў станоўчы і цікавы. Забаўна, што далей перамога менавіта ў гэтым творчым спаборніцтве прынесла мне стыпендыю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
— Высокую ўзнагароду летась вам прысудзілі ў другі раз…
— Упершыню званне лаўрэата спецфонду здабыў у 2021-м дзякуючы перамозе ў міжнародным конкурсе “Мой сябра — баян”, што ладзіцца ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага. Праз тры гады вырашыў ізноў паспрабаваць сілы — задума ўвянчалася поспехам. Прыемна, што мае намаганні неаднойчы заўважылі на дзяржаўным узроўні. Гэта вялізная падтрымка, вельмі неабходная творчым людзям!
— Што дапамагло дасягнуць такой планкі?
— Істотную ролю ў маім станаўленні адыгралі спагадлівыя, моцныя педагогі, якіх пашчасціла сустрэць на кожным этапе навучання. Найбольш прыкметна на маю асобу паўплывалі настаўнікі музычнай школы. Менавіта яны адкрылі для мяне гэты неверагодны творчы сусвет.
— А хто з артыстаў вас натхняе?
— Малдаўскі акардэаніст Раду Рацой, беларускі геній баяна Уладзіслаў Плігаўка, расійскія віртуозы Юрый Шышкін і Мікіта Уласаў. Захапляе таксама музыка Джэйкаба Кольера. Люблю яго за яркасць, грандыёзнасць мыслення, незгасальны пазітыў, працавітасць і непаўторную энергію.
— Раскажыце, калі ласка, пра ваш рэпертуар.
— На галоўных пазіцыях — творы з джазавым пачаткам, работы сапраўднага класіка акадэмічнай баянна-акардэоннай музыкі Анатоля Кусякова, а таксама санаты Алесандра Скарлаці, Іагана Себасцьяна Баха, імпрэсіяністаў Клода Дэбюсі, Марыса Равеля.
— Як акрэсліваеце сваю місію?
— Маё прызначэнне — быць пасярэднікам паміж кампазітарам і слухачом, каб трансліраваць багацце эмоцый і пачуццяў, закладзеных аўтарам. Пры гэтым ні адна інтэрпрэтацыя немагчымая без прыўнясення чагосьці новага і асабістага. Галоўнае — захоўваць прастору, дзе слухач вольны бачыць неабходныя яму сэнсы.
— Чаго імкняцеся дасягнуць у будучыні?
— Узяць ад прафесіі і аддацца ёй па максімуме — вось як бачу далейшую рэалізацыю. Хачу стаць універсальным артыстам: радаваць людзей гучаннем акардэона, дырыжыраваць, пісаць кампазіцыі ў розных жанрах і стылях. Дабіцца амбіцыйных мэт — не праблема, калі знайшоў сваё месца. Менавіта так сябе зараз і адчуваю. У спрыяльнай атмасферы, што акружае мяне, расту і як асоба, і як выканаўца, маю велізарную любоў да свайго асяроддзя і музычнага мастацтва.
Вельмі істотным лічу пазітыўны погляд на творчасць і жыццё ў цэлым, таму кожнаму чытачу пажадаю ніколі не здавацца. Трэба заўжды памятаць, што ўсе мы — унікальныя. Вера ў сябе неабходная, каб рухацца наперад. Пры належных намаганнях унутраная энергія чалавека абавязкова трансфармуецца ў нешта вялікае.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва героя