У Вялікім тэатры Беларусі склалася добрая традыцыя: нацыянальныя спектаклі суправаджаюцца разнастайнымі выставамі, міні-лекцыямі, майстар-класамі. Праграма штораз змяняецца!
Чарговы паказ оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча папярэджвала... дэфіле! І вельмі незвычайнае. Гэта была не прэзентацыя модных калекцый, не праходка, як на конкурсах прыгажосці. Дэманстраваліся беларускія строі — народныя і шляхецкія. Ды не музейныя, а тэатральныя — са спектакляў Вялікага. А ў ролі эфектных мадэлей выступілі зоркі — знаныя салісты: народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна, Антон Краўчанка, Вольга Гайко, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый Кавалёў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марта Данусевіч і Андрэй Сялюцін.
Заслужаны артыст Беларусі Юрый Кавалёў, народныя артысты Беларусі Вольга Гайко, Антон Краўчанка, Ірына Яромкіна з дачкой Кацюшай і артыст міманса Мікалай Умеранкоў
Шляхецкай супермадэллю стаў народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі. Аблічча яго Дубатоўка з яшчэ адной оперы паводле Караткевіча — “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана — даводзілі да запаветнага ідэалу на нашых вачах. І здарылася гэта ў час майстаркласа па завязванні слуцкіх паясоў. Дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Барыс Лазука падрабязна распавёў пра гісторыю, нюансы вырабу тканых шэдэўраў, што каштавалі, “бы маёнтак сотні душ”, а потым прадэманстраваў, як правільна завязваць і насіць паясы.
Мадэлямі паспелі пабываць і найбольш смелыя глядачкі. На іх прыкладзе даследчыца традыцыйнага мастацтва Марыя Віннікава паказала, як жанчыны завязвалі наміткі, падобныя да доўгіх ручнікоў і часта ўпрыгожаныя вышыўкай. Як высветлілася, у Кобрыне і Старых Дарогах гэтыя галаўныя ўборы “завівалі” парознаму. “Я нібы царэўна!” — вымавіла шчасліўка, прымераўшы такую льняную “карону”.
Падобныя інтэрактывы рабіліся ў тэатры і раней, штораз прыцягваючы ўвагу ўдзячнай публікі. Ды і касцюмы са спектакляў, асобныя дэталі рэквізіту, нават часткі сцэнаграфіі — усё гэта ўпрыгожвае фае дастаткова рэгулярна. А каб тыя строі “ажывалі” не толькі на падмостках, але і побач з гледачамі ў час зорнага дэфіле — такое здарылася ўпершыню. Патрэбны працяг!
— Плануем сюрпрызы і надалей, — запэўніла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Вялікага тэатра Алена Балабановіч. — У антракце многія да мяне падыходзілі, выказвалі шчырае захапленне, запытвалі, ці будзе працяг. Цяперашняе дэфіле пробнае. Па той рэакцыі, якую яно выклікала, мы пераканаліся, што прадаўжаць рабіць падобныя паказы і іншыя дадатковыя мерапрыемствы трэба. Гледачоў было не адарваць!
Галоўны рэжысёр тэатра Ганна Маторная і народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі
Але ж не варта забывацца: усё гэта — толькі пашыраная ўверцюра да самога спектакля, прадстаўленага зорным складам салістаў. У той вечар спявалі Алена Золава (прыгонная Ірына), Дзмітрый Шабеця (закаханы ў яе шляхціч Раман), Станіслаў Трыфанаў (Кізгайла), Аксана Якушэвіч (яго жонка Любка, закаханая ў Рамана), Алег Мельнікаў (найміт). Дырыжыраваў Юрый Караваеў. А публіка, якая перад спектаклем ці нават пасля яго зазірнула на сайт Вялікага, магла ўбачыць анлайн-выставу, прысвечаную гісторыі дзвюх розных пастановак оперы “Сівая легенда”. Між іншым, усялякіх анлайн-экспазіцый шмат. Пазнаёмцеся з гэтым ноу-хау тэатра — папраўдзе цікава!
Салісты оперы Марта Данусевіч і Андрэй Сялюцін
На спектакль, якому папярэднічала вечарына беларускай культуры, сабралася шмат моладзі.
— Гэта больш чым проста культурная падзея, — падзялілася ўражаннямі першакурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Купрэева. — Гэта жывы дыялог з нашай гісторыяй. Вялікі тэатр стаў не толькі сцэнай, але і магічным люстэркам, у якім Беларусь пабачыла сябе такой, якой яна заўсёды была: вытанчанай, гераічнай, поўнай філасофскай глыбіні. Падобныя падзеі — магутны імпульс для будучыні. Калі культура жыве яркім, эмацыйным жыццём, яна не толькі захаваецца, але і натхніць новыя пакаленні творцаў на ўласныя шэдэўры.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА